Вы тут

Глядач павінен ацаніць


Вызначаны кінапраекты, якія атрымаюць дзяржпадтрымку

28 студзеня стала вызначальным днём — Міністэрства культуры абвясціла рэспубліканскі конкурс кінапраектаў. Да гэтага ён праводзіўся тры гады таму: камісія назвала пераможцаў, кінематаграфісты ўзялі сцэнарыі і камеры ў рукі ды пайшлі здымаць фільмы. Потым грошы выдаткавалі на нацыянальны прадукт «Мы, браты», якія атрымала кампанія Nonstop Medіa. На гэтым фінансаванне, а разам з ім і вытворчасць новых фільмаў фактычна спынілася. Нарэшце на пачатку 2015-га прагучала навіна: грошы ёсць, будзем здымаць кіно!

11-25

Зачын

Міністэрства культуры прапанавала свае правілы гульні і апублікавала тэмы, з якімі стваральнікі кіно могуць разлічваць на фінансаванне. У сутнасці конкурсу, яго ўмовах, усведамленні «спонсараў» закладзена паняцце «заказ», сацыяльна-творчы. Неабыякавыя ціха панаракалі на такую схему (бо лагічна, згадзіцеся, калі камісія з праектаў, пададзеных на конкурс, выбірае самыя вартыя і шматабяцальныя), але правілы прынялі.

Аб прапанаваных для кінатворчасці тэмах мы ўжо неаднойчы пісалі. «Выбітныя гістарычныя дзеячы — ураджэнцы Беларусі» — добрая ідэя. «Гераічная барацьба савецкага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў» — традыцыйная, але сёлета надзвычай актуальная. «Сацыяльная маладзёжная праблематыка, якая раскрывае праблемы наркаманіі» — з ужо відавочнай выхаваўчай падаплёкай. «Дзейнасць сучасных абаронцаў Айчыны па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь» — нешта новае, хаця і складанае для ажыццяўлення.

Тры катэгорыі былі названы таксама для дакументальнага кіно: «Найноўшая гісторыя незалежнай Рэспублікі Беларусь», «Дасягненні Рэспублікі Беларусь у розных галінах і сферах дзейнасці» і «Настаўнікі беларускай школы». Акрамя тэм абвешчаны конкурс акрэсліў хронаметраж, колькасць серый, максімальны бюджэт. Анімацыйнае кіно ў гэты конкурс, на жаль, не ўвайшло, але яго быццам плануюць уключыць у наступны раз, які здарыцца, як абяцаюць, ужо хутка — у гэтым годзе, альбо арганізуюць для аніматараў асобны.

Падаваць праекты на разгляд міністэрству трэба было з 4 па 16 сакавіка, гэта значыць, у кінавытворцаў было крыху больш за месяц, каб напісаць (або дастаць са стала напісаны) сцэнарый, аформіць фінансавыя дакументы і падрыхтаваць прэзентацыю будучых фільмаў. У камісіі з адзінаццаці чалавек толькі чатыры творчыя (кіназнаўцы). Не было рэжысёраў, сцэнарыстаў, прадзюсараў, праўда, на пітчынгі запрашаліся эксперты.

Кульмінацыя

У пачатку красавіка былі падведзены вынікі. На конкурс даслалі 35 сцэнарыяў ад 15 арганізацый. Самай папулярнай аказалася ваенная тэматыка, з якой удзельнічала дзесяць сцэнарыяў. Па сем праектаў было ў катэгорыях «праблемы наркотыкаў» і «выбітныя гістарычныя дзеячы», тры — пра сучасных абаронцаў Айчыны. У конкурсе дакументальнага кіно ўдзельнічала восем праектаў. У выніку фінансаванне выдзелілі на пяць будучых карцін замест сямі адной арганізацыі кінематаграфіі — «Беларусьфільму».

У ігравым кіно, дзе былі заяўлены чатыры намінацыі, конкурс адбыўся толькі ў дзвюх. У тэме наркаманіі перамог тэлевізійны фільм «Участак лейтэнанта Качуры. Фільм 4. «Чорная павуціна» пра сельскага ўчастковага, які ўвесь час аказваецца ўцягнутым у крымінальныя расследаванні. Пра «дзейнасць сучасных абаронцаў Айчыны» будзе зняты тэлефільм «Дзяржаўная граніца. Фільм 12. «Ілжывая мэта», таксама працяг серыі фільмаў, на гэты раз пра пагранічную службу. Праекты атрымаюць 70% дзяржаўнага фінансавання.

Затое конкурс адзначыў пераможцаў па ўсіх трох катэгорыях для неігравога кіно з выдаткаваннем 100% кошту фільма. У тэме «Настаўнікі беларускай школы» перамог праект Віктара Аслюка «Педагагічная паэма». Гэта будзе фільм пра двух маладых настаўнікаў, карэнных мінчан, якія з'ехалі выкладаць у маленькі населены пункт. Адзін з іх, ужо класны кіраўнік, вырашыў затрымацца ў вёсцы, пакуль не выпусціць свой клас са школы, другі ўвогуле нікуды з'язджаць не хоча.

Яшчэ адну надзею дае фільм «Летапіс. Самае важнае» ў катэгорыі «Найноўшая гісторыя незалежнай Рэспублікі Беларусь», таму што яе будзе здымаць выбітны дакументаліст Галіна Адамовіч. Карціна заснавана на хранікальным матэрыяле студыі дакументальнага кіно. Фільм, які ўмоўна ахопіць каля дваццаці гадоў нашай найноўшай гісторыі, прасочыць за тымі сферамі і арганізацыямі, «якія падымаліся фактычна з руін».

Перамогу ў катэгорыі дасягненняў Рэспублікі Беларусь атрымаў праект «Рэспубліка Беларусь. XXІ стагоддзе» студыі «Белвідэацэнтр» — фільм-візітоўка краіны на англійскай мове. Ён будзе падзелены на некалькі частак, кожная з якіх пакажа поспехі краіны ў розных сферах — адукацыя, культура, прамысловасць, ІT, міжнародныя адносіны і іншыя.

«У конкурсе ўдзельнічалі масцітыя аўтары: вядомыя рэжысёры, драматургі і аператары. Больш за ўсё сцэнарыяў было пададзена на ваенную тэматыку, я лічу, гэта стратэгічнае рэчышча нашай кінематаграфіі. Але ёсць адчуванне, што тэма «стамілася». Увогуле, пададзеныя праекты былі недапрацаваны то ў мастацкім плане, то ў плане фінансаў. Напрыклад, цікавы сцэнарый на тэму Мінскага гета недацягнуў у этычным плане. Удзельнічаў праект па аповесці Васіля Быкава «Сцюжа», які, безумоўна, заслугоўвае працягу, годны сцэнарый пра Янку Купалу, пра прэзідэнта Ізраіля — выхадца з Беларусі — Шымона Перэса, нават дзве камедыі — на ваенную тэму і тэму абаронцаў Айчыны. Правальных праектаў не было, але нюансы амаль у кожным выпадку не дазвалялі нам прыняць станоўчае рашэнне, — расказвае мастацтвазнаўца і член конкурснай камісіі Антаніна Карпілава. — Калі ацэньваць па мастацкіх крытэрыях, то конкурс мог бы адбыцца і ў тых катэгорыях, якія засталіся незакрытыя. Перашкодзіў недапрацаваны фінансавы складнік і маркетынгавая стратэгія. Аднымі з вострых былі пытанні: дзе і для якой аўдыторыі фільмы будуць распаўсюджвацца? Аўтары аказваліся ў тупіку, таму што ў нас слаба развіты інстытут прадзюсарства. Выклікалі пытанні і гістарычныя касцюмныя фільмы, таму што мы разумелі: за даступны праекту бюджэт прыстойны фільм такога кшталту зрабіць немагчыма».

Развязка

Перамогі размеркаваліся наступным чынам: дзве — студыі ігравога кіно «Беларусьфільм», дзве — студыі «Летапіс», адну — студыі «Белвідэацэнтр».

Пераможцы ігравога кіно будуць часткова вызначаць у найбліжэйшы час беларускую кінематаграфію і прадстаўляць яе толькі на тэлеканалах. На кінафестывалі нам ехаць няма з чым. Застаецца спадзявацца на дакументалістыку і вынікі наступнага конкурсу, які абяцаюць аб'явіць у хуткім часе.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.