Вы тут

Хто iдзе наперадзе планеты ўсёй


у беларускай культурнай прасторы?

Даўно наракаюць на тое, што яна, па-першае, са скрыпам развiвае наватарскiя iдэi, па-другое, робiць недастатковы акцэнт на маркетынг. Пiсьменны, прадуманы, эфектыўны. Культурных дзеячаў, спецыялiстаў-менеджараў мы быццам рыхтуем, суадносныя напрамкi ва ўнiверсiтэтах захоўваем, выпускнiкоў размяркоўваем, працоўныя месцы маем, крэатыўны падыход вiтаем, прапановы разглядаем. Тым не менш, за кадрам застаюцца спосабы развiцця iдэй, выхапленых з паветра, i iх продажу.

11-14

На гэтай глебе ўзнiкла новая форма навучання «iнструментам i ведам для стварэння свайго праекта ў сферах тэатра i кiно» — не навобмацак, не набiваннем гузоў i не ва ўнiверсiтэце — у некамерцыйным праекце «Школа АРТ-лiдара». З гэтай нагоды мы задумалiся над самiм паняццем «арт-лiдара» на лакальнай культурнай прасторы i над значэннем наваспечанай школы.

Наша светабудова, здаецца, не прапанавала схемы наўмыснай трансфармацыi «звычайны чалавек — лiдар». I калi б школа адкрывалася з такiмi мэтамi, можна было б сказаць — шарлатанства. Немагчыма ж выхаваць энтузiязм, стымуляваць працаваць у культуры з iгнараваннем нязручнасцяў i, напрыклад, безграшоўя. Лiдарамi не становяцца, iмi нараджаюцца, а ўсё астатняе — веды, iнструменты, кантакты — далучаюцца асобна. Дзевятнаццаць чалавек атрымалi iх «экспрэсам», за пяць месяцаў — столькi доўжылася навучанне ў пiлотным выпуску школы. Навучэнцы былi адабраны па двух крытэрыях — папярэднi вопыт i важкасць iх праектаў. Па словах кiраўнiка праекта Любовi Iсачэнкi, прымалiся заяўкi (усяго 62) i ад арт-менеджараў, i ад уласна рэжысёраў, але толькi ад тых, што займаюць лiдарскую пазiцыю ў сваiм коле. «Мы выбралi самых вопытных людзей, з самымi перспектыўнымi iдэямi».

Любоў сфармулявала аснову, ад якой, напэўна, адштурхоўваецца школа: «Арт-лiдар — гэта чалавек, здольны ствараць культурную прастору ў шырокiм маштабе, уплываць на яе фармiраванне ў нашай краiне праз прасоўванне ўласных поглядаў, праектаў, iнiцыятыў, гэта чалавек, якi кiруе ўласным праектам».

Антон Мазейка, адзiн з вучняў, недзе год таму стварыў праект студыi дакументальнага кiно. Пачалося ўсё з фiльма-партрэта хлопчыка-аўтыста Iвана Шаўцова. «Карцiна была добра сустрэта ў супольнасцi мацi дзяцей з падобнымi расстройствамi (мы з iмi сябруем да гэтага часу i знялi яшчэ два кароткаметражныя фiльмы), а таксама ў невялiкiм асяроддзi людзей, якiя раней не ведалi i не думалi пра гэтую праблему. Паступова пачалi звяртацца iншыя арганiзацыi з iнiцыятывамі і просьбамі зняць вiдэа цi фiльм».

Тады Антон пачаў шукаць дапамогу, каб справiцца з працай, i праз нейкi час зразумеў, што патрэбна «мець нейкую юрыдычную сiлу, якая дазволiла б мець эфектыўныя зносiны з iншымi праектамi i структурамi, у тым лiку i дзяржаўнымi».

Так ён прыйшоў у Школу з праектам студыi, «што працавала б з «маленькiмi» тэмамi i персанажамi, за якiя з розных прычын не хоча цi не можа ўзяцца дзяржаўная кiнавытворчасць». Адразу кажу: дзякуючы школе Антон Мазейка атрымаў прафесiйную праектную кансультацыю i зараз шукае партнёраў.

У групу пiлотнага выпуску ўвайшлi як непасрэдныя творцы адзiнак мастацтва, так i тыя, хто акумулюе дзейнасць на канкрэтны вынiк, арганiзуе суполку творчых людзей, стварае яскравыя мерапрыемствы.

У гэтай сферы аўтарытэт цэнтра вiзуальных i выканальнiцкiх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн», якi арганiзаваў «Школу АРТ-лiдара», — бясспрэчны. Цэнтр з'яўляецца арганiзатарам найбуйнейшых мерапрыемстваў — Мiнскага мiжнароднага кiнафестывалю «Лiстапад» i тэатральнага форуму «ТЭАРТ». Таму «кухню» ведае i лiдараў беларускай культурнай прасторы (ужо сапраўдных) можа навучыць падыходзiць да iдэi, пачынаць увасабленне творчай задумкi, шукаць грошы, кантактаваць са спонсарамi i дзяржаўнымi структурамi, вырашаць юрыдычныя пытаннi.

Спiс насамрэч гучыць неяк бяздушна для такой трапяткой сферы, як культура, дзе лiдары часта працуюць на энтузiязме, гэта значыць, «хварэюць» за сваю справу душой i лёгка мiрацца з недастатковай фiнансавай (добра калi толькi фiнансавай) аддачай. Але гэта той рэальны iнструментарый, якi б прыйшоўся дарэчы нават самаму моцнаму лiдару.

«Сфера мастацтва — гэта сфера душэўных памкненняў i перажыванняў, якiя заўсёды з цяжкасцю ўкладваюцца ў формы праектаў i дзяржаўных пастаноў. Тут нешта больш тонкае, няўлоўнае. У першую чаргу гэта барацьба цябе самога як аўтара таго цi iншага праекта з табой жа самiм, але ў ролi ворага свайго праекта. «Школа АРТ-Лiдара» прымусiла мяне падняцца з утульнай канапкi мернай кар'еры i абыякавага iснавання (у Хайдэгераўскiм сэнсе)», — кажа Антон Мазейка.

Пяцiмесячная праграма не канцэнтравалася на адным праектным этапе, яе нельга назваць навучаннем менеджменту цi маркетынгу, хутчэй, паступоваму крочанню па лесвiцы праектнай арганiзацыi. Напэўна, галоўны нюанс праграмы — гэта ўлiк рэальных умоў нашай лакальнай прасторы.

«Мне хацелася новых магчымасцяў для рэалiзацыi сваiх праектаў, якiя з'яўляюцца нестандартнымi для культурнага ландшафту Беларусi. I яны з'явiлiся», — кажа ўдзельнiк праекта i кiраўнiк Мiнскага форуму вулiчных тэатраў Уладзiмiр Галак. — Я пазнаёмiўся з паспяхова дзеючымi ў рэальных умовах нашага культурнага ландшафту i сацыяпалiтычнай абстаноўкi культурнымi iнстытуцыямi, фондамi, персаналiямi (бо звычайна ныюць, што ў нас немагчыма нешта зрабiць). Стажыроўка ў Берлiне для мяне неацэнная: яна вызначыла вектар развiцця маёй працы ў рамках Цэнтра сучасных мастацтваў (дзе я куратар тэатральных праграм). Я выразней абмаляваў для сябе алгарытм працы, для мяне больш зразумелай стала структура i працэс арганiзацыi, што i як рабiць, куды звяртацца».

Цi зменiць «Школа АРТ-лiдара» нешта ў нашай культурнай прасторы? Магчыма. У спрошчаным варыянце — гэта старт некалькiх праектаў. Антон Мiшуцiн атрымаў фiнансаванне праекта буйнога цэнтра дзiцячай тэатральнай творчасцi, у якiм малыя змогуць атрымаць веды па тэатральных дысцыплiнах, ён называецца «Тэатр у скрынцы». Трое ўдзельнiкаў чакаюць адказаў ад фондаў на свае заяўкi, яшчэ трое — атрымалi новую працу, некалькi «лiдараў» працуюць над агульным тэатральным праектам. Два ўдзельнiкi ў напрамку «Кiно» i шэсць у напрамку «Тэатр» стажыравалiся ў Германii ад Iнстытута iмя Гётэ, адзiн стажыраваўся на Кракаўскiм тэатральным фестывалi.

«Праект не стварыў новую плеяду яскравых арт-менеджараў, але паказаў кiрунак, адкрыў новыя дзверы ў свет сапраўдных магчымасцяў для тых, хто хоча рабiць цiкавыя праекты ў сферы арт-менеджменту. А ўвайсцi ў гэтыя дзверы павiнны ўжо самi ўдзельнiкi», — кажа Уладзiмiр Галак.

Раптам некаторыя праекты ў вынiку стануць вiзiтоўкай беларускай культуры? «Несумненна, праект «Школы» вырашае больш глабальныя праблемы, чым атрыманне некалькiх кантактаў некалькiмi людзьмi. Яго мэта — павышэнне кампетэнцый маладых лiдараў у сферы тэатра i кiно. Паколькi ў Беларусi недастаткова развiта сiстэма адукацыi ў гэтай галiне, маладыя спецыялiсты часцяком застаюцца мала кампетэнтнымi ў пытаннях прадзюсiравання, iдуць шляхам набiвання гузоў, што не заўсёды заканчваецца паспяхова. Мы лiчым, што гэта найважнейшым чынам уплывае на развiццё беларускай культуры», — разважае Любоў Iсачэнка.

Так узбагачаецца наша тэатральная i кiнапрастора — лiдарамi i iх амбiцыйнасцю. Самыя першыя вынiкi «Школы» агучаны, вядома ж, яны не апошнiя, за чым мы i будзем сачыць. Можа, атрымаем новы фестываль, генiяльны фiльм цi спектакль, а раптам i «новую хвалю»?

Iрэна КАЦЯЛОВIЧ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.