Вы тут

Партрэты двух стагоддзяў


Днямі ездзіў у Любанскі раён па рэдакцыйных справах. Сярод намечанага на першым месцы было завітаць да Івана Андрэевіча Муравейкі. Цікавіла мяне магчымасць паразмаўляць з ім, паслухаць гэтага знакамітага чалавека. Да таго ж хацелася зрабіць здымак франтавіка, пісьменніка, ганаровага грамадзяніна Любані.

11-30

У прасторным пакоі драўлянай хаты было сонечна і ціха. Мой суразмоўца ахвотна адгукнуўся на звычайныя для пачатку размовы словы пра надвор'е, самаадчуванне, хатнія справы. Сядзеў Іван Андрэевіч у шырокім крэсле для адпачынку побач з пісьмовым сталом, дзе ў аднаму яму вядомым парадку месціліся стосікі рукапісаў, кнігі, аркушы паперы. Менавіта на іх раз-пораз спыняўся позірк майго суразмоўцы, да іх дакраналіся яго рукі. Нарэшце, і размова наша перайшла да самага галоўнага, чым поўніцца кожны дзень гэтага 94-гадовага чалавека, — пісьменніцкай працы.

11-28

Іван Андрэевіч уваходзіў у літаратурны цэх тады, калі любую прафесію пазначала сваёй пячаткай вайна. Баявое хрышчэнне атрымаў летам 1941 года. Пасля ранення быў у шпіталі, а потым ішоў па вогненных дарогах вайны ад Волгі праз усю Еўропу да Перамогі. Амаль семдзесят гадоў таму вярнуўся старшы лейтэнант Муравейка ў родную Любань. У сярэдзіне пяцідзясятых гадоў выдаў першую кнігу «Песня над палямі».

11-29

Цяпер кніг у яго шмат, амаль усё напісанае — для дзятвы: светлае, паэтычнае, разумнае слова чалавека, за плячыма ў якога амаль стагоддзе жыцця.

Наша размова з Іванам Андрэевічам раптам ускладнілася, калі справа дайшла да фатаграфавання. Гаспадар незадаволена паглядаў на мой фотаапарат, маўляў, не той узрост, каб на здымках красавацца. Вось ранейшыя партрэты былі ўдалымі, у доказ гэтага Іван Андрэевіч паказаў на каляровую выяву над уваходам у яго сонечны пакой. Адтуль, як з чароўнага акенца ў мінулае стагоддзе глядзеў прыгажун старшы лейтэнант Іван Муравейка з баявымі ордэнамі і медалямі, намаляваны невядомым франтавым мастаком. Такім мой суразмоўца быў далёкай пераможнай вясной.

І ўсё ж мы паразумеліся на тым, што сфатаграфавацца варта і зрабіць гэта трэба пасля невялікай падрыхтоўкі. Трэба было ўзяць з шафы пінжак з прымацаванымі ўзнагародамі і сесці прыкладна так, як на пасляваенным партрэце.

Чароўная магія партрэта. Той мастак, які намаляваў Івана Андрэевіча семдзесят гадоў таму, і я, фатаграфуючы ветэрана сёння, міжволі перадалі агульны характар абедзвюх выяў — іх напоўненасць святлом. Няхай мяне ўпікнуць мастацтвазнаўцы, але буду сцвярджаць, што яно ідзе ад вясновых дзён, ад мірнага сонца, ад аўры самога чалавека — франтавіка, тонкага паэта, мудрага і сталага. Параўнанне заўжды дапамагае нам заўважаць асаблівае ў звычайным.

Вяртаючыся з камандзіроўкі, я чытаў зборнік вершаў «Песня пра Любань». Невялікі, але вельмі ёмісты, дзякуючы таму, што ў ім сабраліся аўтары-землякі розных пакаленняў. Пачынаўся калектыўны паэтычны рэйд па родных мясцінах радкамі Івана Андрэевіча. У тыя хвіліны я і вырашыў: абавязкова апублікаваць разам з партрэтам Івана Муравейкі словы з яго верша.

Тут мае карані, тут заўжды я жыву,

Мне дома так добра і люба.

Нават на Мінск і на Маскву

Не памяняю цябе я, Любань...

Зноў бачу бяссмерце і сэнс у жыцці,

Душа напаўняецца сілаю.

Як прашчураў нашых далёкіх ганцы —

У небе буслы белакрылыя.

Яўген Пясецкі, фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.