Вы тут

Грошы павінны працаваць


На пасяджэнні міжведамаснай групы па праблемах і перспектывах развіцця АПК ішла гаворка пра тое, як зрабіць галіну самаакупнай

Мільярды долараў укладваюцца ў сельгаспрадукцыю, а аддачы ніякай. На гэта звярнуў увагу старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч, які ўзначальвае міжведамасную групу. Яна была створана летась для вывучэння сітуацыі ў сельскай гаспадарцы і неаднаразова дакладала свае высновы кіраўніку дзяржавы. Апошні раз гэта адбылося 27 сакавіка — тады Прэзідэнт даў шэраг даручэнняў па павышэнні эфектыўнасці працы АПК. У сувязі з гэтым на семінары ў Бабруйску, куды былі запрошаны кампетэнтныя дэлегацыі з усіх абласцей, зноў нагадалі пра адказнасць усіх, хто займаецца вытворчасцю і перапрацоўкай сельгаспрадукцыі.

— У дзяржаве створана добрая сістэма падтрымкі сельгасвытворчасці, — адзначыў Міхаіл Мясніковіч. — Акрамя комплекснай праграмы, існуе шэраг галіновых. На іх рэалізацыю выдзяляюцца льготныя крэдыты і розныя прэферэнцыі. Па выніках працы міжведамаснай групы кіраўніком дзяржавы падпісаны 4 указы, дзе выразна агаворваюцца ўсе пытанні, неабходныя для эфектыўнага развіцця галіны. Павінна быць аддача!

Удзельнікі пасяджэння імкнуліся знайсці канцэптуальны падыход да вырашэння праблемы, узнімаліся пытанні па дыверсіфікацыі рынку, кадрам, працоўнай дысцыпліне.

— Кадравы патэнцыял АПК цяпер горшы, чым быў у часы СССР, адно добра: кадры ведаюць, што такое бізнес, — падкрэсліў першы намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Іван Жук. — Іх толькі трэба замацаваць. Пасля 2 гадоў працы ў галіне застаецца ўсяго каля 16% моладзі. І зарплата — гэта не адзіная прычына, якая можа зацікавіць. Трэба ўзнаўляць прэстыж сельскагаспадарчай працы, вучыцца знаходзіць рынкі збыту, ствараць эфектыўную школу падрыхтоўкі кадраў.

Уладзімір Гусакоў, старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, падкрэсліў, што Беларусь мае ўсе магчымасці стаць прыкладам на міжнародным узроўні.

— Цяпер ідзе захоп эканамічных рынкаў транснацыянальнымі кампаніямі і карпарацыямі, — рэзюмаваў ён. — Дыктуюцца рынкі, якасць, формы. Нам трэба фарміраваць свае магутныя кампаніі, якія змогуць канкурыраваць нават у міжнародных маштабах. Гэта дапаможа захаваць наш нацыянальны інтарэс.

Сёлета на падтрымку сельскагаспадарчай галіны з улікам бюджэтаў усіх узроўняў запланавана накіраваць больш за 22 трыльёны рублёў. Але кожны рубель павінен працаваць. За немэтанакіраванае выкарыстанне бюджэтных сродкаў кожны кіраўнік будзе несці асабістую адказнасць.

— За 4 гады ў сельскую гаспадарку вобласці было ўкладзена 36,5 трыльёна рублёў, — паведаміў першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Алег Чыкіда. — У наступныя пяць гадоў павінна быць аддача. Рабоце перашкаджаюць невыкананне навуковых нарматываў, закрэдытаванасць прадпрыемстваў, нізкая дысцыпліна. Сёння стаўка робіцца на павышэнне якасці кармоў і жывёлагадоўлі. Тэхніка падрыхтавана, неабходны запас насення ёсць.

— Строгае выкананне тэхналагічнай дысцыпліны, правядзенне разумнай кадравай палітыкі, матывацыя да працы, інвестыцыі ў АПК высокаэфектыўных праектаў — гэта тыя рычагі, якія трэба задзейнічаць, каб атрымаць аддачу ад галіны, — падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч.

Нэлі ЗІГУЛЯ.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.