Вы тут

Гасціннасць як тавар


Турыстаў шмат не бывае, таму галіну варта развіваць

і запрашаць вандроўнікаў з усяго свету — нават з Бразіліі

Некалі большасць людзей пражывала ўсё жыццё, вандруючы ў радыусе не болей за 20 кіламетраў ад свайго жытла. І тое па гаспадарчых патрэбах. Таму кожнага падарожніка ў любой хаце прагна слухалі і ўяўлялі ўвесь астатні свет выключна па чужых аповедах. Сёння за адзін дзень, едучы на працу і назад, можна накруціць і большы кіламетраж, а ў людзей абвастрылася непераадольнае жаданне ўсё ўбачыць на свае вочы і памацаць уласнымі рукамі. Яны хочуць і могуць некуды ехаць, вандраваць. Ды яшчэ і гатовы немалыя грошы аддаваць за гэта. Нямала і тых, хто гатовы прапанаваць якасную паслугу за гэтыя грошы. А ці гатова Беларусь?

11-34

Перш за ўсё... эканоміка

Нагода паразважаць пра гэта ёсць. У сталіцы праходзіць выстава турыстычных паслуг «Адпачынак-2015». Мала таго, яшчэ і кіраўнік Сусветнай турысцкай арганізацыі прыехаў да нас — Талеб Рыфаі. А ЮНСТА — гэта адна з самых уплывовых арганізацый у сферы турызму. Яна ўяўляе сабою спецыялізаваную ўстанову Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Мы з'яўляемся членамі гэтай арганізацыі з 2005 года.

Дык вось, Талеб Рыфаі лічыць, што ў нашай краіны добры патэнцыял у сферы турызму. «Паток турыстаў у Беларусь будзе расці з кожным годам, — заявіў ён. — Гэта мой першы візіт да вас, і я ўжо заўважыў, які выдатны Мінск і людзі, якія тут жывуць. Да вас едзе ўсё болей турыстаў, значыць, у краіне шмат што робіцца для развіцця гэтай галіны. Думаю, што ў павышэнні турыстычнай прывабнасці ёсць уклад і чэмпіянату свету па хакеі, які праводзіўся ў Мінску летась».

Першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта, памочнік Прэзідэнта Беларусі па пытаннях фізічнай культуры, спорту і развіцця турызму Максім Рыжанкоў у сваю чаргу адзначыў: «Роля і значэнне турызму як эканамічнага інструмента ў нашай краіне пастаянна ўзрастае».

Першараднасць эканамічнага складніка падкрэслівае і новы намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной, які курыруе менавіта гэту сферу. На мінулым тыдні ён якраз кіраваў калегіяй дэпартамента па турызме, дзе заявіў, што «турызм нельга разглядаць як даважку. Гэта таксама галіна эканомікі. І яна можа быць вельмі прыбытковай. Некаторыя краіны з гэтага жывуць».

Пахваліцца няма чым?

На той жа калегіі былі падведзены вынікі мінулага года. Дырэктар дэпартамента па турызме Вадзім Кармазін прывёў асноўныя паказчыкі па экспарце паслуг: агулам ён склаў больш за 250 млн долараў ЗША. Пры гэтым адзначаецца рост на 7,3%. У структуры паслуг 54% займае так званы «комплекс паслуг» (адпачынак у санаторыях), 34% — гасцініцы. Рост апошняга віду паслуг — 112%. Атрымліваецца, што асноўная дынаміка была дасягнута за кошт гасцініц.

Аднак куратара дэпартамента не задаволілі такія лічбы. Міхаіл Партной упэўнены, што можна атрымліваць большы эфект: «Тая сістэма кіравання, якая сёння існуе ў галіне, не дае эфектыўна працаваць. Ёсць дзяржаўная праграма на 2011-2015 гады, ёсць канкрэтныя задачы. Так, усе шмат працуюць. Усім за гэта дзякуй. Але мы працуем бессістэмна».

Намеснік міністра заўважае, што хваліцца няма чым: «Няма ў нас ні маркетынгу (што агрэсіўнага, што звычайнага), ні якасці паслуг». А неналежны кантроль «зверху» расхалоджвае кіраўнікоў сферы на месцах: «За выканане дзяржаўнай праграмы ніхто з рэгіёнаў не спаганяе. Калі быў начальнікам упраўлення (спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама. — Аўт.), я не адчуваў кіравання цэнтра».

Можа быць, таму з 217 мерапрыемстваў Дзяржпраграмы на 2011-2015 гады з пачатку яе рэалізацыі выканана 192.

Значна паўплывала на галіну забарона на прыём валюты пры разліках за турпаслугі. «Пазней былі зробленыя пэўныя крокі, і цяпер валюта прымаецца. Праўда, толькі па безнаяўным разліку», — адзначыў намеснік міністра пры размове з журналістамі.

Міхаіл Партной агучыў яшчэ некалькі праблемных пытанняў: неабходнасць унясення змен у закон аб турызме, малая актыўнасць рэгіёнаў, няўвага да рэкамендацый Сусветнай турысцкай арганізацыі па метадалогіі дапаможнага рахунку ў турызме і іншае.

Статыстыка —не руціна, а выгада

Апошняя з'ява мае вельмі вялікае значэнне. Статыстыка — гэта не толькі агляд вынікаў працы эканомікі, але і нагода для паляпшэння гэтых вынікаў. Звычайна гэта толькі інфармацыя аб прыбыцці і днях знаходжання, а таксама звесткі плацежнага балансу, якія не ахопліваюць цалкам турызм як эканамічную з'яву.

Хоць па сваім характары турызм адносіцца да з'яў, якія абапіраюцца на попыт (з эканамічнага пункту гледжання), неабходна адсочваць сувязь паміж попытам і прапановай і вызначаць уздзеянне такой прапановы на базавыя макраэканамічныя пераменныя адпаведнай краіны. Таму ЮНСТА акажа Беларусі дапамогу пры ўкараненні дапаможных рахункаў у турызме. Гэтая методыка падліку дазваляе скласці так званы сярэдні чэк турыста, дзе будуць улічвацца яго выдаткі, звязаныя са знаходжаннем у вандроўцы па краіне. Дапаможны рахунак таксама дазволіць больш дакладна вызначыць уклад турызму ў эканоміку краіны і колькасць замежных турыстаў.

Перацягнуць турыстаў з Еўропы

Акрамя гэтага, Сусветная турысцкая арганізацыя дапаможа Беларусі распрацаваць стратэгію прыцягнення турыстаў. «Мы вызначылі план, як арганізацыя будзе аказваць Беларусі дапамогу. Сёння мы ўжо на 80% прапрацавалі гэты план», — распавёў Талеб Рыфаі.

Пры гэтым мы будзем працягваць актыўную працу з турыстамі. Па словах Вадзіма Кармазіна, у гэтым летнім сезоне будзе адзначацца павышаны попыт на адпачынак у беларускіх санаторыях і аграсядзібах: «Кан'юнктура турыстычнага рынку крыху змянілася, адчуваецца пэўны спад. Гэта відаць па раннім браніраванні, якое сёлета адкладзена на больш познія тэрміны. Адчуваецца спад попыту на здраўніцы, тым не менш да лета іх запатрабаванасць павялічыцца. Таксама летам у адпачывальнікаў будуць запатрабаваны аграсядзібы, куды паток турыстаў пастаянна расце. Як бачым, ідзе пэўная пераарыентацыя беларусаў на ўнутраны турыстычны прадукт. Што тычыцца замежнікаў, то расійскі туррынак трохі прасеў і трэба больш актыўна прыцягваць еўрапейцаў, асабліва з Літвы, Латвіі, Польшчы».

А ў наступныя гады штуршок да развіцця можа даць зніжэнне кошту беларускіх віз, што, мажліва, будзе прадугледжана Дзяржаўнай праграмай развіцця турызму ў Рэспубліцы Беларусь на 2016-2020 гады. «Праца над праграмай вядзецца, на наступным тыдні мы пачынаем прапрацоўваць гэтую тэму з парламентарыямі, і пытанне аб зніжэнні кошту віз таксама будзе падымацца», — сказаў намеснік міністра Міхаіл Партной.

Ёсць ідэя па стварэнні «турыстычнай матрыцы» — набору мясцін, якія павінен наведаць кожны школьнік. Гэтую прапанову падтрымлівае і міністр адукацыі.

І ў нашай калодзе ёсць козыры

Нам насамрэч ёсць куды развівацца. Беларусь можа прымаць 20-25 млн турыстаў за год. Прынамсі, так лічыць Талеб Рыфаі, хаця сёння мяжу Беларусі штогод перасякаюць каля 6 млн чалавек. На думку кіраўніка Сусветнай турысцкай арганізацыі, гэтая лічба можа павялічыцца. «У Беларусі ёсць вялікі патэнцыял. Магчыма, такая колькасць турыстаў прыедзе сюды не заўтра, не праз два ці пяць гадоў, але ў будучыні гэта павінна адбыцца. Еўрапейскі рынак для краіны важны, але трэба таксама даследаваць турыстычны патэнцыял Кітая, Карэі, іншых азіяцкіх краін, Бразіліі», — сказаў Талеб Рыфаі. Пры гэтым галоўным козырам для прыцягнення мільёнаў турыстаў у Беларусь з'яўляюцца культура і выгаднае геаграфічнае становішча краіны.

Кіраўнік ЮНСТА параіў Беларусі ўлічваць сусветныя тэндэнцыі развіцця турызму. Так, у апошні час цэнтр турыстычнага прыцягнення перамяшчаецца на Усход, лідарамі па ўязным і ўнутраным турызме становяцца краіны, якія развіваюцца; развіццю галіны спрыяе гнуткая візавая палітыка. Сярод турыстаў становіцца ўсё больш моладзі і пажылых людзей. Расце колькасць самастойных падарожнікаў, кожны трэці замаўляе турпаслугі праз інтэрнэт, а не праз агенцтва. Па прагнозах ЮНСТА, працэнт такіх людзей з кожным годам будзе павялічвацца. Калі турыст усё ж вырашае скарыстацца паслугамі турфірмы, то, як правіла, перавага аддаецца сацыяльна адказнай кампаніі, якая клапоціцца аб навакольным асяроддзі.

На руку нашай краіне і развіццё трансгранічнага турызму. І Беларусь далучыцца да новых падобных маршрутаў. У прыватнасці, Талеб Рыфаі падтрымаў ідэю аднаўлення маршруту «З варагаў у грэкі» і ўдзелу Беларусі ў гэтым праекце.

Таму сёння галіне застаецца толькі вырашыць праблему малога фінансавання і недахопу інвестыцый.

* * *

Памятаеце такую прыказку: «Госць — нявольнік»? Звычайна так кажуць гаспадары, калі прымушаюць госця есці і піць. Прычым столькі, колькі накладуць і нальюць. І госць мусіць падпарадкоўвацца. Аднак турыста (які той жа самы госць, толькі ўсёй нашай краіны ці асобнай мясціны) прымусіць прыехаць да нас цяжка. У яго павінна быць асабістае шчырае жаданне завітаць сюды. І вось тады ўжо будзем паказваць гасціннасць, не даючы з-за стала выйсці... Каб застаўся надаўжэй.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.