Вы тут

Хто пракорміць дармаедаў?


Хачу пагаварыць пра сапраўдных дармаедаў. Не тых, хто зарабляе на жыццё будаўніцтвам у суседняй краіне, возіць туды ж на продаж трыкатаж альбо ганяе машыны з-за мяжы ці паціху іх рамантуе. Яны без праблем заплацяць патрэбную суму і забудуць. Апускаю сітуацыю тых, асабліва жанчын, што не па сваёй віне часова застаюцца без працы: апошнім часам многія невялікія фірмы, накшталт швейных, у нашым абласным цэнтры закрываюцца альбо скарачаюць колькасць работнікаў. Думаю, на гэту акалічнасць будуць зважаць падатковыя органы. Урэшце, да любога заканадаўчага акта можна прыняць папраўкі ці ўдакладніць яго, калі выявіцца такая неабходнасць.

Ёсць, на жаль, катэгорыя людзей, якіх у прамым сэнсе можна назваць дармаедамі. Бо яны прынцыпова не хочуць працаваць, а есці і піць не адмаўляюцца. І становяцца такія людзі нярэдка няшчасцем і бядой для сваіх сем'яў. Нядаўна ў Маларыцкім раёне мне расказалі гісторыю аднаго такога чалавека. І нядрэнны ж быў хлопец. Праўда, рос без бацькі. Строгасці ад маці не адчуваў, яна моўчкі цягнула на сабе і працу, і ўласную гаспадарку, сыночка шкадавала. Вучыцца асабліва не хацеў, але пасля школы скончыў прафтэхвучылішча, атрымаў спецыяльнасць трактарыста і накіраванне ў гаспадарку па месцы жыхарства. Далі наваспечанаму механізатару не лепшы трактар. На старой тэхніцы, вядома, асабліва шмат не заробіш. І тады родны дзед хлопца параіў яму кінуць работу, сказаў: «Калі табе далі ламачыну з-пад плота, то лепей сядзі дома».

А хто сказаў, што за ўчарашнім ПТВ-шнікам павінны замацаваць машыну ледзь не з заводскага канвеера? Яму ж яшчэ трэба, па сутнасці, вучыцца. Калі б дзед параіў старацца на працы, паказаць сябе з самага лепшага боку, а потым ужо і прэтэндаваць на добры трактар, магчыма, усё склалася б інакш. А так хлопец пасядзеў дома без работы год-другі і адчуў смак лайдацтва. Далей — болей: прызвычаіўся да бутэлькі. Дзед жа думаў, што ўнук будзе весці асабістую гаспадарку, развядзе свойскую жывёлу. А той і не падумаў. Яму ўжо трыццаць гадоў мінула, а працаваць не збіраецца. Цяпер, вядома, і дзед не рады. Не думаў, што на старасці гадоў давядзецца траціць грошы з пенсіі на ўнукавы выпіўкі. І нічога ўжо не зробіш. Калі ў васямнаццаць гадоў хлопец яшчэ прыслухоўваўся да парад старэйшых, то цяпер мае ўласны погляд.

Гэтая гісторыя разгортвалася на вачах старшыні Олтушскага сельскага Савета Вітольда Пяткевіча, калі ён яшчэ працаваў у сельгаспрадпрыемстве. І тады, два месяцы таму, падчас маёй камандзіроўкі, Вітольд Мечыслававіч гаварыў, што заканадаўчы акт вельмі патрэбен. Хаця б таму, каб падштурхнуць вось такіх дзядоў да думкі, што працаваць і зарабляць свой кавалак хлеба павінны ўсе. І гэтаму неяк трэба навучыць дзяцей і ўнукаў. Інакш яны будуць адбіраць той кавалак у родных і блізкіх.

 

Яшчэ старшыня сельвыканкама згадаў выпадак са сваёй працоўнай біяграфіі, калі ён толькі прыйшоў у калгас маладым спецыялістам. У гаспадарцы былі будаўнікі, у вёсцы іх называлі «п'янай брыгадай». Усё таму, што падабраліся мужчыны, якія любілі выпіць. На трактар ці грузавік такога не пасадзіш, а на будоўлі сяк-так іх выкарыстоўвалі. Бывала, вядома, што пасля зарплаты яны не выходзілі дзень-другі на працу, а потым жонкі прыходзілі за іх прасіць. Пасля перапынку будаўнікі звычайна выходзілі на работу і нармальна працавалі. Яны за сваё месца трымаліся, бо баяліся трапіць пад артыкул за дармаедства. У савецкі час, як вядома, за нежаданне працаваць можна было і ў турму сесці.

— А пасля вырасла цэлая праслойка лайдакоў, — працягвае Вітольд Пяткевіч. — Яны ж уяўляюць сабой нават небяспеку, асабліва ў маленькіх вёсках, дзе засталося нямала старых, адзінокіх людзей. Прымусіць працаваць пэўны кантынгент людзей вельмі цяжка. Мы ўжо маем вопыт, калі абавязаных асоб па 18-м Дэкрэце ледзь не пад канвоем на працу водзім. Але некаторых, асабліва маладзейшых, і іх бацькоў, думаю, заканадаўчы акт прастымулюе, — падсумаваў кіраўнік мясцовага выканкама.

І сапраўды, тых, хто дзесяць альбо дваццаць гадоў шторанак чакае адкрыцця магазіна, цяжка будзе накіраваць на шлях новага жыцця. Але зрабіць нейкія захады, каб асацыяльная з'ява не развівалася, не прыцягвала новых і новых прыхільнікаў, грамадства ўсё ж неяк абавязана. Іх ужо замнога, людзей, якія вядуць, па сутнасці, паразітычны лад жыцця. Асабліва гэта заўважна ў вёсцы. Бо ў вялікіх гарадах яны неяк губляюцца ў агульнай масе. А вось у нашых нешматлюдных вёсках такія грамадзяне — як сацыяльная хвароба, як нарыў. Адны вяскоўцы высільваюцца, каб і на калгаснай рабоце паспець, і выгадаваць якую жыўнасць на продаж, купіць нешта для дома, вывучыць дзяцей у горадзе. Іншым жа нічога не трэба іншага, як выцягнуць з-пад падушкі ў старой маці пенсію, а то і адабраць гвалтам, каб затым абмяняць на таннае «пойла».

У апошнія гады вельмі часта бываю ў сельсаветах, але яшчэ ні ў адным не сказалі, што такой катэгорыі людзей у іх няма. Там, як могуць, іх выхоўваюць, выклікаюць на розныя камісіі, ушчуваюць і пагражаюць, ды жаданы эфект гэта дае вельмі рэдка. І адна справа, калі гэтыя людзі становяцца абузай толькі для сваёй сям'і. Зусім іншая, калі яны пераходзяць рысу...

У тым жа Олтушскім сельсавеце жыве пенсіянерка, якую аднойчы пабілі нягоднікі і адабралі грошы. Не называю прозвішча, бо Надзея Сямёнаўна не вельмі хацела, каб у газеце расказвалі пра яе бяду, ад якой доўга не магла адысці. Шаноўны чалавек у вёсцы, былы калгасны шафёр, цяпер інвалід з хворымі нагамі, яна не магла адбіцца. А то, казала, манціроўка ёсць у каморы, і крыўдзіцелям мала не паказалася б...

Гады два таму ў адной з вёсак расказвалі, як загінула на пажары 80-гадовая пенсіянерка. У навагоднюю ноч хата згарэла. Знайшлі абгарэлае цела бабулі. Праверка не выявіла факта падпалу. Але ўся вёска пераканана, што бабулю абрабавалі, забілі, а потым падпалілі, каб схаваць сляды. Жанчына жыла адна, блізкіх родных у яе не было. Пенсію атрымлівала добрую. Аднойчы яе ўжо рабавалі, адбіралі грошы. А тут зноў пажар, ды ў навагоднюю ноч, калі адпаведны кантынгент асабліва хоча пагуляць. І нават калі крыміналу там не было, вельмі вялікая яго верагоднасць, бо ёсць людзі, якія прызвычаіліся жыць за чужы кошт.

— Так быць не павінна, — лічыць старшыня Дамачаўскага сельскага Савета Брэсцкага раёна Уладзімір ХВАЦІК. — Падобны заканадаўчы акт наспеў даўно. Выхад у свет  Дэкрэта №3 фактычна супаў з нашым чарговым саветам прафілактыкі. І калі раней тыя, каго выклікалі, паводзілі сябе вельмі вольна: маўляў, якая ваша справа, працую я ці не, то цяпер яны просяць дапамагчы знайсці работу. Ды і без савета прафілактыкі ў апошнія дні некалькі чалавек заходзілі ў выканкам з такой жа просьбай. Значыць, пайшоў рух у правільным кірунку. А чаму здаровага мужыка 20-ці, 30-ці, 40 гадоў павінен нехта карміць, нават калі гэта яго сям'я? — разважае Уладзімір Міхайлавіч. — У нас развялося надта шмат сацыяльных утрыманцаў. Так не павінна быць.

Святлана ЯСКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.