Вы тут

Дзеля здароўя нацыі


Спартыўныя залы і комплексы павінны працаваць па прызначэнні і прымаць усіх ахвотных

Учора Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка наведаў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізкультуры і сустрэўся з прафесарска-выкладчыцкім складам і студэнтамі, паведамляе БЕЛТА.

У нашай краіне спорту надаецца вялікая ўвага. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што на развіццё спорту накіроўваюцца значныя дзяржаўныя рэсурсы. Прычым умовы для заняткаў фізкультурай створаны для ўсіх слаёў насельніцтва. Прэзідэнт запатрабаваў, каб усе спартыўныя залы і комплексы былі заняты з раніцы да вечара. Пры гэтым прыярытэт павінен быць для спартсменаў, а ўжо затым — для ахвотнікаў займацца фізкультурай і спортам.

Прэзідэнт звярнуў асаблівую ўвагу на той факт, што спартыўныя федэрацыі і асацыяцыі ў краіне ўзначальваюць кіраўнікі самага высокага рангу, якія могуць цалкам кантраляваць працэсы ў тым відзе спорту, які курыруюць. Як паказала практыка, вынік ад гэтага сапраўды ёсць. Беларусь прымае ў сябе ўсё больш спартыўных мерапрыемстваў сусветнага маштабу. «Вядома, мы чакаем перамог і рэкордаў ад нашых спартсменаў-прафесіяналаў», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Фарміраванне адукаванай і здаровай нацыі — адна з галоўных мэт дзяржаўнай палітыкі. Для гэтага ў краіне праводзіцца нямала розных мерапрыемстваў, у тым ліку рэспубліканскага ўзроўню. Рэгулярна ў абласцях, гарадах, раёнах праходзяць спартыўныя святы, фестывалі і турніры. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, прыярытэтнымі напрамкамі ў фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай рабоце павінна стаць развіццё спорту сярод школьнікаў і сельскага насельніцтва. Дадатковы імпульс трэба надаць развіццю масавага спорту ў працоўных калектывах. Згодна з сацыялагічнымі апытаннямі, фізічная актыўнасць грамадзян рэзка зніжаецца пасля 23 гадоў, гэта значыць з прыходам пасля заканчэння ВНУ на працу.

Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду вызначыцца з тым, дзе неабходна пакінуць дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы, колькі ў іх павінна быць спецыялістаў і колькі там будзе займацца дзяцей. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што і спартсмены, і трэнеры ў Беларусі могуць разлічваць на высокую аплату працы, калі дасягаюць значных вынікаў. Пры гэтым выключна важна стварыць умовы для нармальнай работы дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ. «Нараўне са звычайнымі ўрокамі фізкультуры гэта магчымасць далучыць дзіця да здаровага ладу жыцця і знайсці «зорачак», якія калі-небудзь будуць ярка ззяць на спартыўным небасхіле, заваёўваючы прызавыя месцы на чэмпіянатах Еўропы, свету і Алімпійскіх гульнях», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама запатрабаваў перагледзець існуючыя падыходы да развіцця студэнцкага спорту. Міністэрству адукацыі трэба планамерна займацца пераўтварэннямі ў гэтай сферы, каб дзейнасць Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту прыносіла рэальную карысць краіне, адзначыў Прэзідэнт. На яго думку, выправіць негатыўныя тэндэнцыі могуць сапраўдныя прафесіяналы — спартыўныя менеджары і маркетолагі, вучоныя, трэнеры. «Лічу, што менавіта ваша ВНУ павінна задаваць тон усёй спартыўнай адукацыі і спартыўнай навуцы. Дзейнічаючы ў пастаянным кантакце з нацыянальнымі камандамі, універсітэт павінен напаўняць спорт перадавымі даследаваннямі. Без іх немагчыма ніводная перамога на высокім спартыўным узроўні», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што ва ўніверсітэце асаблівае значэнне павінна ўдзяляцца патрыятычнаму выхаванню спартсменаў і трэнераў.

Аляксандр Лукашэнка таксама сказаў, што дзяржава будзе падтрымліваць тых, хто дае вынік. Будзе вынік — будзе падтрымка, заявіў ён.

Падчас сустрэчы з выкладчыкамі і студэнтамі Прэзідэнт падзяліўся сакрэтамі добрай фізічнай формы. Дзве гадзіны ў дзень ён прысвячае спорту. «Як складана ні было б, нават у камандзіроўках. Спорт — гэта частка майго жыцця. Не было б спорту — не змог бы працаваць, вытрымліваць такія нагрузкі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.