Вы тут

Наш лён зацікавіў Кітай


А яшчэ спрабуем прабіцца на рынкі Амерыкі і Афрыкі

«Беллегпрам» за 2014 год скараціў вытворчасць прадукцыі ў параўнанні з папярэднім годам, але нельга сказаць, што ён змяншае свае тэмпы росту. Сёлета канцэрн працягне мадэрнізацыю на шэрагу прадпрыемстваў, а таксама будзе імкнуцца разумна дыверсіфікаваць экспартныя пастаўкі. Цікавы і той факт, што прадпрыемствамі айчыннай лёгкай прамысловасці зацікавіліся кітайскія інвестары, і гэта не зважаючы на тое, што ў Кітаі і свайго «дабра» хапае.

14-28

Не спыняцца на стратах

Прадпрыемствы «Беллегпрама» за апошнія тры месяцы 2014 года страцілі больш за 70 млн долараў на курсавой розніцы.

«Значныя складанасці пачаліся ў канцы 2014 года ў сувязі з рэзкай дэвальвацыяй расійскага рубля. У Расію мы пастаўляем каля 80% ад агульнага аб'ёму экспарту», — адзначыў намеснік старшыні канцэрна «Беллег-
прам» Вікенцій Адамовіч.

Паводле яго слоў, перад «Беллегпрамам» стаіць задача дыверсіфікаваць экспартныя пастаўкі. Для гэтага канцэрн дзейнічае сумесна з Міністэрствам замежных спраў і беларускімі пасольствамі. Праца вядзецца з рынкамі Паўднёвай і Паўночнай Амерыкі, Афрыкі, нават робяцца спробы канкурыраваць з Паўднёва-Усходняй Азіяй, якая сёння з'яўляецца асноўным вытворцам тавараў лёгкай прамысловасці для ўсёй сусветнай эканомікі. Таксама Вікенцій Адамовіч адзначыў, што летась прадпрыемствы «Беллегпрама» вырабілі прадукцыі на суму 14,5 трлн беларускіх рублёў, што амаль на 8% менш, чым у 2013 годзе. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ў мадэрнізацыю ўкладзена больш за 1,15 трлн рублёў, 2/3 ад гэтай сумы пайшло на закупку новага абсталявання. У 2015 годзе мадэрнізацыі таксама надаюць вялікае значэнне. Планам прадугледжана паляпшэнне цэлага шэрагу прадпрыемстваў на суму больш чым 1 трлн рублёў. Па словах намесніка старшыні канцэрна, у першую чаргу мадэрнізуюцца прадпрыемствы, якія з'яўляюцца асновай развіцця ўсёй лёгкай прамысловасці Беларусі — тэкстыльныя і гарбарныя вытворчасці.

«Такое рашэнне прынята ў сувязі з тым, што ў нашай краіне для лёгкай прамысловасці існуюць толькі два віды аднаўляльных рэсурсаў — беларускі лён і скураная сыравіна. Акрамя таго, мадэрнізацыя прадпрыемстваў тэкстыльнай і гарбарнай галін дазволіць выкарыстоўваць айчынную сыравіну для перапрацоўкі на трыкатажных і швейных прадпрыемствах, што дасць магчымасць павялічыць дабаўленую вартасць прадукцыі», — сказаў Вікенцій Адамовіч.

Адходы пойдуць на экспарт

На мадэрнізацыю Аршанскага льнокамбіната мяркуецца прыцягнуць крэдыт Экспартна-імпартнага банка Кітая. А гэта каля 51 млн еўра з агульнай сумы ў 61 млн еўра, якая патрэбна.

Па словах намесніка старшыні канцэрна, некалькі кітайскіх кампаній праявілі цікавасць да інвеставання сродкаў у вытворчасць на Аршанскім ільнокамбінаце прадукцыі з ільновалакна. Гэта ўцяпляльнікі, ушчыльняльнікі. Адходы лёну будуць выкарыстаны для вытворчасці прадукцыі, якая запатрабавана ў Кітаі. Аршанскі льнокамбінат летась завяршыў мадэрнізацыю трэцяй фабрыкі па вытворчасці тонкіх ільняных тканін, удвая павялічыўшы вытворчасць прадукцыі, запатрабаванай на Захадзе. Увогуле прадпрыемства пастаўляе ў далёкае замежжа больш за 80% сваёй тканіны.

Гаворачы аб іншых праектах па мадэрнізацыі, Вікенцій Адамовіч адзначыў, што цяпер у працэсе тэхнічнага пераўзбраення знаходзіцца прадпрыемства «Мінскае вытворчае гарбарнае аб'яднанне», на што будзе накіравана 22,5 млн еўра (на 1 красавіка засвоена траціна сумы). На мадэрнізацыі Бабруйскага гарбарнага камбіната мяркуецца асвоіць 67,7 млрд рублёў, у 2014 годзе выкарыстана 17 млрд. Прадпрыемства «Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб'яднанне», мадэрнізацыя якога пачалася ў 2012 годзе і скончыцца ў 2015-м, выкарыстае каля 61,2 млн еўра (асвоена 32 млн еўра). Вікенцій Адамовіч таксама расказаў, што распрацаваны праект стварэння новай вытворчасці па выпуску тканін у прадпрыемстве «Камволь». «Спачатку меркавалася мадэрнізаваць «Камволь», асобна — «Сукно». Але потым у працэсе працы было прынята рашэнне гэтыя прадпрыемствы рэарганізаваць і пачаць выпуск камвольных і суконных тканін на плошчы ААТ «Камволь». Мяркуемая сума інвестыцый — 179 мільёнаў еўра», — пракаментаваў Вікенцій Адамовіч.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.