Вы тут

Зеніт. Вілейка. Чэмпіён!


Шлях да школы №3 горада Вілейкі аказаўся досыць займальным. Зрэшты, як і любая іншая дарога, у якую ты выпраўляешся, каб убачыць новыя мясціны і здабыць на сваю галаву якіх-небудзь прыгодаў.

На чыгуначным прыпынку мне сустрэўся мужчына, які апантана карміў вакзальнага ката. Спачатку даў яму паўпакета смятаны. А потым накрышыў хлеба і нарэзаў пару скрылёчкаў сала. Калі вусаты не надта спяшаўся есці новы ласунак, ён прыгаворваў: «Не, не галодны ты, Васька, зусім не галодны». Варта мне было запытацца, куды ісці, як мужчына адразу «запісаўся» ў мае праважатыя і суразмоўцы.

Чыгуначны прыпынак, на якім я выйшла, называўся «Зеніт». Аказваецца, менавіта тут размяшчаўся легендарны завод, на якім у савецкі час выраблялі вядомыя аднайменныя фотаапараты. У 1970-х з'явіліся першыя дамы для супрацоўнікаў завода. З часам яны запоўнілі ўсю ваколіцу.

Чым яшчэ адметны мікрараён, дык гэта соснамі. Жылыя дамы і сцяжынкі проста патанаюць у вялікай колькасці хваёвых. І гэта не можа не прывабліваць: ад наваколля ідзе спакой, высокія дрэвы закалыхваюць сваёй магутнай велічнасцю. Расліны паглынаюць і лішнія гукі, ці іх тут папросту няма. Ідзеш — і цішыня здзіўляе, прыемна ўражвае...

Адметная і гісторыя з'яўлення самога чыгуначнага прыпынку «Зеніт». Яе мне распавёў мой праважаты. На гэтай ускраіне горада калісьці электрычкам спыняцца было забаронена. Бо побач размяшчаліся некаторыя стратэгічна важныя аб'екты, якім электрычныя разрады, што ідуць праз правады цягнікоў, быццам перашкаджалі. Таму ля «Зеніта» электрычка не спынялася, ішла ў цэнтр, а адтуль шматлікім гараджанам даводзілася самастойна вяртацца назад. Вілейчукі, вядомыя ўсім сваім актыўным норавам, з такой сітуацыяй мірыцца не хацелі. Як толькі цягнік набліжаўся да іх раёна, яны зрывалі стоп-кран. Сцэнарый паўтараўся зноў і зноў. Машыністы, ведаючы такі расклад падзей, пачалі нават запавольваць хаду цягніка, а пасля таго, як хтосьці зрываў стоп-кран (у іншым выпадку спыніцца яны не мелі права), рабілі «незапланаваны» прыпынак. Дзякуючы вось такой настойлівасці жыхароў Вілейкі з'явіўся чыгуначны прыпынак «Зеніт» (ніякім стратэгічным аб'ектам ён ужо чамусьці не перашкадажаў).

Мой суразмоўца, які вёз з сабой скрыню з саджанцамі, аказаўся надзіва абазнаным у мясцовай ваеннай справе. Калісьці ён марыў стаць лётчыкам-выпрабавальнікам, але развал Савецкага Саюза пэўным чынам паўплываў і на развал яго мары. «А вось паглядзіце яшчэ на наша Вілейскае мора!..» — задуменна і ў захапленні сказаў ён. Мелася на ўвазе, зразумела ж, Вілейскае вадасховішча. Яго вялізная паверхня выкарыстоўваецца для таго, каб лятальныя апараты з космасу маглі ў ім адлюстроўвацца...

Варта прыгадаць таксама прыпынак «Чырвоны Беражок», праз які электрычка Маладзечна-Круляўшчызна ішла да «Зеніта». Я шмат чула пра гэтыя мясціны, выгадныя для летняга адпачынку. Але на гэты раз на свае вочы ўбачыла маляўнічую паўнаводную Вілію. Зграбнай стужкай яна ўецца паміж берагоў, чыстых ад буралому і смецця. Я вырашыла, што летам абавязкова вярнуся да ракі ў Чырвоным Беражку, да ціхмянага сасновага Зеніта.

Крочыла паўз пералесак, двары, дамы і нарэшце трапіла ў вілейскую школу №3. Кажуць, гэта адна з найлепшых школ горада. І, нягледзячы на тое, што знаходзіцца яна ў прыватным сектары, вучыцца ў ёй ажно 700 дзяцей — многія спецыяльна ездзяць сюды з цэнтра. Мяне сустрэў дырэктар Мікалай Гіро. Ён — настаўнік беларускай мовы і літаратуры, гутарыў са мной на прыгожай, чыстай мове. Дырэктар сказаў, што, каб у побыце размаўляў іначай, дзецям гэта не надта б спадабалася.

У гэтай школе чытаюць і любяць «Звязду», сочаць за многімі рубрыкамі, самі актыўна ўдзельнічаюць у розных конкурсах. Увогуле ж, установа адукацыі вядомая сваёй пазакласнай работай. Розныя пакаленні дзяцей «засвечваюцца» як удзельнікі і пераможцы шматлікіх акцый, праектаў, спаборніцтваў. Тут відавочная традыцыя якаснага выхавання і карыснага баўлення часу пасля ўрокаў. Яны, як надзейны фундамент, даюць вучням добры старт для іх узлётаў.

Зусім нядаўна навучэнцы школы сталі пераможцамі конкурсу на найлепшы слоган-дэвіз XІІІ рэспубліканскага экалагічнага форуму (пра гэта пісалі ў «Юным натуралісце», дадатку да часопіса «Родная прырода»). Дзеці змогуць стаць удзельнікамі гэтага мерапрыемства, верагодна, расказаць пра тыя прыродаахоўныя акцыі, якія ў іх пастаянна адбываюцца. А наперадзе — завяршэнне яшчэ аднаго праекта. Да 9 Мая тут плануюць адкрыць абноўлены музей баявой славы, пра што распавяла настаўніца гісторыі Алена Дубовік. Уражвае тое, што дзеці і бацькі, настаўнікі і дырэктар рамантуюць музей сваімі сіламі. Для таго, каб сабраць грошы на гэтую справу, яны штомесяц здаюць па тоне макулатуры, актыўна збіраюць металалом. А на прысядзібным участку школы самі вырошчваюць расаду кветак, якія ўсяго праз пару месяцаў аздобяць іх тэрыторыю... Падаецца, гэта надзвычай каштоўна, калі цябе з маленства вучаць быць актыўным. Калі жыццё не абмяжоўваецца званкамі з урока і на ўрок, прыходам на працу і сыходам з яе. Найбольш цікавы свет з'яўляецца тады, калі мы самі ствараем яго вакол сябе.

Тую ж захопленасць сваёй справай можна бачыць і ў іншых сферах жыцця Вілейкі. Школу №3 калісьці скончыў краязнавец, архітэктар Анатоль Капцюг. А сёння вакол яго, і не толькі, гуртуецца апантаная суполка аматараў краязнаўства і гісторыі. Аддзяленне Добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры ў гэтым горадзе надзвычай моцнае. Шматлікія вандроўкі, актыўныя даследаванні свайго краю, уласныя знаходкі і гіпотэзы — не многія гарады могуць такім пахваліцца. А яшчэ яны выдаюць гісторыка-краязнаўчы часопіс «Волат».

...Напрыканцы дня я сядзела на лавачцы ў вілейскім двары і грэлася на красавіцкім сонцы. Побач у пад'ездзе аказаўся незачыненым падвал. Месцічы, што ішлі міма, проста не маглі пакінуць такое без увагі. «А хто там? А чаму не зачынены?» — запытваліся яны ў мяне, падазрона гледзячы, як на незнаёмага чалавека, што можа ўчыніць беспарадкі на іх тэрыторыі. Мне падалося, што адзін дзядуля, з кійком, нават сачыў за мной, схаваўшыся за вугал дома, у арцы. Відаць, хацеў злавіць «на гарачым» і высветліць, навошта я адчыніла падвал. Такая пільнасць мне спадабалася. Гараджанам не ўсё адно, што адбываецца вакол. Яны клапоцяцца пра сваю зямлю і свой горад.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ.

г. Вілейка

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.