Вы тут

Цвёрдая глеба Гаўрылы Гарэцкага


Мусіць, няма ніводнага кутка пявучай беларускай зямлі, які не меў бы сваіх выдатных пісьменнікаў, таленавітых мастакоў слова, вучоных. Зямля Магілёўшчыны ўзгадавала для слаўнай, але нялёгкай долі братоў Гарэцкіх: беларускага пісьменніка Максіма Гарэцкага і беларускага вучонага — эканаміста, геолага, географа, дзяржаўнага дзеяча, акадэміка ў галіне дзвюх навук (эканамічнай і геалогіі) — Гаўрылу Гарэцкага.

Безимени-2

Нарадзіўся Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі 10 красавіка 1900 года ў вёсцы Малая Багацькаўка былой Шамаўскай воласці, што знаходзіцца ў паўночным кутку Мсціслаўшчыны. Яго бацькі, Ефрасіння Міхайлаўна і Іван Кузьміч, лічылі, што іх дзеці павінны быць адукаванымі людзьмі.

Пасля заканчэння двухкласнага земскага вучылішча паступіў у Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча, якое закончыў з выдатнымі адзнакамі. Падчас вучобы ён пачаў займацца апрацоўкай кніг па сельскай гаспадарцы для сялян на беларускай мове, складаннем беларускай тэрміналогіі, бо многія вучні і настаўнікі непрыхільна ставіліся да роднай мовы. Разам з братам Максімам Гарэцкім у 1918 годзе ён апублікаваў першы руска-беларускі слоўнік, які вытрымаў два выданні, а потым шэраг работ па мовазнаўстве, фальклоры, этнаграфіі.

Цяга да ведаў, жаданне атрымаць вышэйшую адукацыю прывялі Гаўрылу Іванавіча ў Пятроўскую (Ціміразеўскую) сельскагаспадарчую акадэмію на эканамічны факультэт. Вучыўся добра, займаўся навуковай дзейнасцю, удзельнічаў у экспедыцыях. Ён збіраў матэрыял для сваёй працы «Бюджэтны аналіз сялянскай гаспадаркі». Максім Гарэцкі ў «Камароўскай хроніцы» піша пра гэты перыяд жыцця брата: «Праца на Меншчыне ўзбагаціла яго жыццёвую, aгранамічную і беларускую дасведчанасць... Балотная Беларусь паўстала яму ўваччу жывою...Там яны рэальна ўбачылі, якое знішчэнне рабілі палякі нашаму краю: польская салдатня нішчыла жывёлу часам 50% ад ўсяго статку. Людзі тут толькі яшчэ пачыналі лічыць сябе беларусамі... Ён бачыў тут вельмі цікавы быт, меў перад вачыма багаты этнаграфічны матэрыял. Запісаў 20 песень (у тым ліку былі гістарычныя), 100 прыказак. Гаманіў доўга з сялянамі. Часамі жудасна рабілася яму, што яшчэ доўгі час пройдзе, пакуль Беларусь будзе сапраўды Даніяй...»

Па дарозе назад з экспедыцыі заехаў Гаўрыла ў Малую Багацькаўку і забраў з сабою малодшую сястру Ганну, якая хацела паступіць у Пятроўскую акадэмію. Задумаў у маладых людзей было вельмі шмат... Але планы і мары не здзейсніліся. У верасні 1922 года Гарэцкага абвінавацілі ў контррэвалюцыі і павінны былі выслаць у Германію. Уся яго дзейнасць па арганізацыі беларускіх студэнцкіх асацыяцый, часопіса «Маладая Беларусь» і іншая праца была абмалявана як шавінізм і контррэвалюцыя. Яго адвезлі на Лубянку і размясцілі там у асобнай камеры. Сястра Ганна вельмі перажывала за брата, насіла яму ў турму перадачы. Калі яна чарговы раз ехала да яго на трамваі, хтосьці штурхнуў яе, і дзяўчына, трапіўшы пад колы, загінула. Гору Гарэцкага не было канца. Ён адчуваў сябе вінаватым у яе смерці. Гэты дзень застаўся самым цяжкім, самым самотным у яго жыцці. Ён не быў тады высланы за мяжу. Невядома, што выратавала: ці то смерць сястры, ці добрыя водгукі з акадэміі. Арышт моцна параніў рамантычную душу Гаўрылы: ён убачыў і глыбока адчуў, што жыццё часта бывае несправядлівым. Але яшчэ з большым натхненнем і ўпартасцю ўзяўся за вучобу, за набыццё ведаў, бо разумеў, што толькі новая адукаваная і культурная інтэлігенцыя зможа пабудаваць моцную Беларусь.

Гаўрыла Іванавіч ганарыўся званнем студэнта-пятроўца, бо гэта была адна з найлепшых навучальных устаноў. Цікавыя лекцыі дапаўняліся актыўным удзелам у так званых гуртках грамадскай агранаміі, што павінны былі праводзіць тэарэтычныя веды ў практыку сельскай гаспадаркі і карысталіся тады вялікай папулярнасцю. Нярэдка ладзіліся розныя сельскагаспадарчыя выставы, у якіх удзельнічаў і Гарэцкі. Тут ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Ларысай Парфяновіч. 8 ліпеня 1923 года яны пажаніліся.

У ліпені 1924 года Гаўрыла скончыў Ціміразеўскую акадэмію і быў пакінуты дзеля навуковай працы ў аспірантуры. Ён упарта працаваў над эканамічнай геаграфіяй Беларусі. Выйшла з друку яго вялікая манаграфія «Народны прыбытак Беларусі». У пачатку 1927 года паўстала пытанне аб стварэнні ў Мінску Беларускага навукова-даследчага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі. Дырэктарам новага інстытута быў абраны Гаўрыла Іванавіч.

1 студзеня 1929 года Гарэцкі стаў акадэмікам, прычым самым маладым за ўсю гісторыю беларускай навукі. Але не ўсім падабаўся мэтанакіраваны, сумленны малады вучоны. 24 ліпеня 1931 года яго арыштоўваюць. На гэты раз за шпіянаж. 19 жніўня 1931 года ўсіх, у каго была вышэйшая адукацыя, адправілі ў Мядзведжую Гару на будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага камбіната. Спачатку Гарэцкі працаваў у картанажнай майстэрні, рабіў так заўзята, што ў канцы верасня яго перавялі навукова-тэхнічным супрацоўнікам Геалбазы, а яшчэ праз паўгода — старшым інжынерам-геолагам. У кастрычніку 1934 года Гарэцкі быў вызвалены за добрую працу. Яго адпусцілі на зусім кароткі час з'ездзіць да бацькоў у Малую Багацькаўку і забраць сям'ю, але раілі застацца працаваць на ББК.

Пачалася Вялікая Айчынная вайна. Гаўрылу Іванавіча мабілізавалі на абарончыя работы. Яго прызначылі галоўным геолагам ва Упраўленне ваенна-палявога будаўніцтва Наркамата абароны. Рабіў розныя даследаванні па ваеннай геалогіі: вышукванні пад будаўніцтва абарончых збудаванняў, ацэнку праходнасці войскамі тэрыторыі, пошукі пітной вады і іншае. За гэтую работу адразу пасля вайны Гарэцкі быў узнагароджаны медалямі: «За ўдзел у гераічнай абароне Масквы», «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гадоў».

У 1946 годзе Гарэцкі абараніў дысертацыю на суісканне вучонай ступені доктара геолага-мінералагічных навук.

Жыццё паступова наладжвалася. У 1959 годзе рэабілітавалі брата — Максіма Гарэцкага. Патроху пачалі атрымліваць рэабілітацыю і творы пісьменніка, якія вярталіся да чытачоў. Кожная публікацыя была радасцю для Гаўрылы Іванавіча. Ён выступаў з успамінамі пра брата на ўрачыстых вечарах, прысвечаных юбілеям пісьменніка, друкаваў успаміны пра Максіма, напісаў шэраг артыкулаў з успамінамі пра Купалу, Коласа, Крапіву, Дубоўку.

У 1968 годзе Гаўрыла Гарэцкі змог вярнуцца ў Мінск. На Бацькаўшчыне апошнія дваццаць гадоў жыцця для яго былі сапраўдным падарункам лёсу, самым шчаслівым часам, калі мары здзейсніліся. Нягледзячы на досыць сталы ўзрост, ён працаваў вельмі многа. У яго адкрылася «другое дыханне», ён памаладзеў і не адчуваў стомы. Яго цікавіла ўсё, што мела дачыненне да Беларусі: развіццё навукі і вучоныя, тэатр і філармонія, выступленні пісьменнікаў і музеі, мова і літаратура, беларускамоўныя часопісы і газеты (выпісваў амаль усе), фальклор і этнаграфія, эканоміка і народная гаспадарка, жыццё вёскі і горада, прырода... З часам пабачылі свет шэраг яго артыкулаў, тэзісаў, дакладаў на розных канферэнцыях і кангрэсах. Атрымала шырокую вядомасць створаная Гарэцкім моцная беларуская школа геолагаў — чацвярцічнікаў.

Гаўрыла Іванавіч пражыў напружанае, поўнае творчай актыўнасці жыццё і памёр 20 лістапада 1988 года ў Мінску. Даўгавечным помнікам Гарэцкаму будзе музей валуноў пад адкрытым небам, створаны па яго ініцыятыве пры Інстытуце геалогіі і геафізікі АН БССР на плошчы каля 6 гектараў. Тут размешчана больш за дзве тысячы ледавіковых валуноў, звезеных з усёй краіны і раскладзеных на стылізаванай карце Беларусі, якую ўяўляе сабой музей.

Лідзія Баразна

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.