Вы тут

Укладчыкам Дэльта Банка ўжо вяртаюць грошы


А сам банк будуць банкруціць. Кампенсацыя юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам
будзе ажыццяўляцца ў другой палове года

«Аддзяленні ЗАТ «Дэльта Банк» праз адзін-два тыдні спыняюць прыём заяў ад укладчыкаў-фізічных асоб, — паведаміў выканаўца абавязкаў генеральнага дырэктара Агенцтва па гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў фізічных асоб Аляксандр Пядзько. — Гэта будзе зроблена з мэтай скарачэння расходаў банка. Але пры гэтым супрацоўнікі банка будуць арыентаваныя на тое, каб абзвоньваць укладчыкаў для паскарэння працэсу збору заяў». Укладчыкі, якія ўсё ж такі не паспеюць падаць заяву на кампенсацыю ў банку, змогуць на працягу двух гадоў з моманту адклікання ліцэнзіі зрабіць гэта ў агенцтве. Цяпер тут займаюцца апрацоўкай заяў, якія ўжо паступілі.

14-40

Штодзень па 300-400 заяў

У агенцтве абслужылі больш за 6,5 тысячы заяў, што ў сумарным выражэнні складае больш за 82% ад усіх магчымых заяў фізічных асоб. «Працэс прыняцця заяў наладжаны, адпрацаваны. Сітуацыя развіваецца кантралявана», — адзначыў Аляксандр Пядзько. Паводле яго слоў, 7 красавіка агенцтва пералічыла Банку «Масква-Мінск» сродкі, неабходныя для выплаты кампенсацыі, — каля 1,2 трлн беларускіх рублёў у эквіваленце.

Кіраўнік агенцтва распавёў, што колькасць заяў, якія паступаюць ад укладчыкаў непасрэдна ў агенцтва, скарачаецца. Калі ў першыя дні прыходзілі па 300-450 укладчыкаў, то цяпер не бывае і 30. Невялікая колькасць незадаволеных укладчыкаў напісалі заявы на ўдакладненне звестак аб сумах, якія ім павінны быць вернутыя. Такіх зваротаў, паводле слоў Аляксандра Пядзько, няшмат, каля двух дзясяткаў. На працягу тыдня ў агенцтве маюць намер разабрацца і з гэтымі пытаннямі.

Выплаты пачаліся меней чым праз месяц

«Дэбют агенцтва і банка-паверанага, на мой погляд, прайшоў выдатна», — заявіў намеснік старшыні праўлення Банка «Масква-Мінск» Аляксандр Валадзько. Агенцтва па гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў фізічных асоб упершыню з моманту стварэння выконвае сваю функцыю. А Банк «Масква-Мінск» — гэта першы банк-павераны, які дзейнічае ад імя агенцтва і за яго кошт у частцы выплат кампенсацыі ўкладчыкам. Тым не менш працу ўдалося арганізаваць такім чынам, што ад даты адклікання ліцэнзіі да дня пачатку выплаты грошай прайшло менш за месяц. «Лічу, гэты факт гаворыць сам за сябе. Механізм працуе. Усё, што вызначана заканадаўствам, будзе выканана ў тэрміны і цалкам — банкам і агенцтвам», — адзначыў Аляксандр Валадзько.

14-41

Так, грошы ўкладчыкам-фізічным асобам ЗАТ «Дэльта Банк» пачалі вяртаць 13 красавіка. Атрымаць кампенсацыю можна ў 21-м аддзяленні Банка «Масква-Мінск». «Улічваючы паток укладчыкаў, мы павялічылі рэжым працоўнага часу — хутчэй за ўсё, будзем працаваць дадаткова ў суботу і ў адзін перадсвяточны дзень», — праінфармаваў намеснік старшыні праўлення.

«Па тых тэмпах, якімі агенцтва апрацоўвае заяўкі і перадае іх у банк, лічу, што за першыя два-тры тыдні мы зможам задаволіць патрабаванні ўкладчыкаў у аб'ёме каля дзвюх трацін ад агульнай колькасці грашовых сродкаў», — сказаў Аляксандр Валадзько.

Крэдыты з тымі ж нумарамі

Частка крэдытнага партфеля ЗАТ «Дэльта Банк» была перададзена Банку «Масква-Мінск». «Мы зрабілі гэта максімальна зручным для крэдытаатрымальнікаў, захавалі ўсе ўмовы, якія ў іх былі ў Дэльта Банку, аж да нумара крэдытнага дагавора, каналаў і тэрмінаў пагашэння», — падкрэсліў прадстаўнік Банка «Масква-Мінск». Пры своечасовым выкананні абавязацельстваў ніякіх праблем не будзе. Калі ў некага быў і крэдыт, і дэпазіт, то гэта ўлічваецца пры кампенсацыі ўкладу.

На шляху да банкруцтва

Тым часам рыхтуецца заява ў суд аб прызнанні ЗАТ «Дэльта Банк» банкрутам. Пасля прыняцця адпаведнага рашэння будуць выконвацца ўсе прадугледжаныя заканадаўствам працэсуальныя дзеянні. У прыватнасці, гаворка ідзе пра фарміраванне рэестра патрабаванняў крэдытораў, правядзенне іх сходу, зацвярджэнне плана ліквідацыі.

«Зыходзячы з тых працэсуальных тэрмінаў, якія прадугледжаны заканадаўствам, рэальна пакрыццё юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам будзе ажыццяўляцца ў другой палове года», — праінфармаваў Аляксандр Пядзько. Ён дадаў, што абавязацельствы перад юрыдычнымі асобамі будуць выконвацца за кошт маёмасці ЗАТ «Дэльта Банк».

Хопіць усім

Кіраўніцтва Банка «Масква-Мінск» просіць не ствараць ажыятажу і не хвалявацца наконт таго, што некаму не хопіць грошай. Грошай столькі, колькі банк узяў абавязацельстваў. «Запісы на некаторыя аддзяленні зашкальваюць — па 170-180 чалавек у дзень. Мы з гэтым справімся, але нам могуць перашкаджаць тыя, хто будзе жадаць атрымаць грошы раней за адведзеную ім дату. Не хвалюйцеся, хопіць усім. Грашовых сродкаў роўна столькі, колькі абавязацельстваў узяў на сябе Дэльта Банк», — сцвярджае Аляксандр Валадзько.

Каб пераканаць, што грошы насамрэч ёсць, прадстаўнік банка растлумачыў, адкуль яны ўзяліся: «Кожны банк, які мае ліцэнзію Нацыянальнага банка на прыцягненне ўкладаў насельніцтва, абавязкова становіцца на ўлік у Агенцтва. Ён плаціць уступны ўзнос — 0,5% ад нарматыўнага капіталу, і далей плаціць рэгулярныя штоквартальныя ўзносы — 0,1% ад прыцягнутых сродкаў. І калі адбываецца падобнае, у агенцтве ўжо створаны рэзерв».

Дарэчы, спрачацца з банкам наконт сумы кампенсацыі не мае сэнсу, бо агенцтва вызначае сумы. Гэта трэба вырашаць у момант звароту ў Агенцтва па гарантаванай кампенсацыі ўкладаў.

***

Нагадаем, што з 12 сакавіка ў ЗАТ «Дэльта Банк» рашэннем праўлення Нацыянальнага банка была ўведзена часовая адміністрацыя па кіраванні банкам. З 18 сакавіка Нацбанкам адклікана ліцэнзія ЗАТ «Дэльта Банка» на ажыццяўленне банкаўскай дзейнасці.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ, фота аўтара.

14-39

Алгарытм атрымання грошай

Укладчык можа атрымаць грошы двума спосабамі. Першы — асабіста звярнуцца ў Агенцтва па гарантаванай кампенсацыі ўкладаў. Грамадзяніна запісваюць на канкрэтную дату прыёму, калі ён прыходзіць у офіс і атрымлівае на рукі «апавяшчэнне», дзе пазначана імя, прозвішча і імя па бацьку чалавека і яго пашпартныя звесткі, а таксама тыя сумы (у адпаведных валютах), якія ён можа запатрабаваць да вяртання. У «апавяшчэнні» таксама ёсць канкрэтная дата, пачынаючы з якой ён можа звярнуцца ў Банк «Масква-Мінск». Пазначаны і адрас аддзялення, якое выбірае сам укладчык, каб яму было зручна. З гэтай даты яго чакаюць у офісе Банка «Масква-Мінск» з «апавяшчэннем» і пашпартам.

Другі спосаб падыходзіць для тых, хто жыве не ў сталіцы. Такі чалавек павінен звярнуцца ў бліжэйшае аддзяленне «Дэльта Банка» і з дапамогай яго супрацоўнікаў запоўніць пісьмовую заяву ў агенцтва. Заява аддаецца ў агенцтва і апрацоўваецца. «Апавяшчэнне» аддаецца адразу ў Банк «Масква-Мінск». Там яно апрацоўваецца, пасля чаго чалавека інфармуюць па тэлефоне пра дзень, з якога яго чакаюць у любым зручным аддзяленні Банка «Масква-Мінск».

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.