Вы тут

Апошні бой маёра Рамашкі


У ім ён знішчыў 200 ворагаў і загінуў сам

Капыльская зямля дала нашай краіне 11 Герояў Савецкага Саюза. Такой колькасці адважных сыноў Айчыны няма ні ў адным раёне Беларусі. Імем Мікалая Васільевіча Рамашкі ў Капылі названа вуліца. Тут няма адміністрацыйных будынкаў, офісаў. Толькі аднапавярховыя прыватныя дамы. Вакол цішыня: ні машын, ні людзей. І асабліва гулка раздаюцца ў гэтай цішыні галасы дзяцей, што ідуць мне насустрач.

14-8

Ні кроку назад

— Ці ведаеце, у гонар каго названа ваша вуліца? — цікаўлюся ў школьнікаў.

— А як жа, — адказваюць наперабой. — У гонар Героя Савецкага Саюза Мікалая Васільевіча Рамашкі. Нам пра яго расказваюць настаўнікі, а ў пазамінулым годзе споўнілася 100 гадоў з дня яго нараджэння. І ў нашай гімназіі ладзілі з гэтай нагоды літаратурна-музычную кампазіцыю.

— На будынку гімназіі ўсталявана мемарыяльная дошка Мікалаю Васільевічу Рамашку, бо калісьці ён тут вучыўся. Ідзіце з намі, мы вам пакажам, тут недалёка — на суседняй вуліцы, — запрашаюць мае дасведчаныя суразмоўцы.

У гімназіі №1 ёсць і невялікі музей славутага земляка.

— Мы б хацелі, каб наша ўстанова насіла імя Мікалая Рамашкі, — гаворыць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталля Лятчэня. — Але для гэтага неабходна сабраць цэлы пакет дакументаў, працягваць пошукавую работу. Такой магчымасці ў нас няма, паколькі даўно пайшлі з жыцця сведкі тых падзей, людзі, якія ведалі Мікалая Васільевіча асабіста.

Нарадзіўся Мікалай Рамашка ў 1913 годзе ў вёсцы Дусаеўшчына Капыльскага сельсавета. У 1932-м скончыў 7 класаў Капыльскай сярэдняй школы (цяпер гімназія №1). Працаваў падлікоўцам на ферме, паляводам, загадчыкам сельскага клуба. У 1935-м яго прызвалі на тэрміновую службу. Менавіта тут ён зарэкамендаваў сябе як дысцыплінаваны чырвонаармеец, добры арганізатар. Гэтыя якасці не засталіся па-за ўвагай камандзіраў. Мікалая накіроўваюць на курсы палітработнікаў. З першых дзён вайны ён на фронце.

У жыцці кожнага чалавека надыходзіць час, калі ён раскрывае свой унутраны змест і душэўную прыгажосць. Такая хвіліна настала і ў жыцці маёра Рамашкі.

— Летам 1944 года зенітна-артылерыйскі полк, дзе намеснікам камандзіра па палітчастцы быў маёр Рамашка, удзельнічаў у вызваленні Беларусі. 30 чэрвеня падраздзяленне палка абараняла чыгуначны мост і пераправу цераз Бярэзіну ад нападу авіяцыі праціўніка. Нашы наземныя войскі вялі бой побач, каля вёсак Кастрычнік і Свіслач (Асіповіцкі раён), дзе трапілі ў акружэнне больш як 6500 нямецкіх салдат, — расказвае навуковы супрацоўнік Капыльскага краязнаўчага музея Андрэй Лятчэня. — Немцы імкнуліся разарваць кольца і пайшлі на прарыў. Бой быў жорсткі. Адзін за адным гінулі байцы, быў цяжка паранены ротны, загінуў камандзір узвода зенітных кулямётаў. Маёр Рамашка прыняў камандаванне на сябе. Калі большасць байцоў, што абаранялі пераправу, загінулі, ён па чарзе касіў ворага з трох кулямётаў, пакуль не падышла дапамога. Нават паранены ён не пакінуў поле бою і загінуў як герой.

Як падлічылі апасля, палітрук знішчыў 200 варожых салдат. Яго подзвіг ацэнены па заслугах: 26 кастрычніка 1944 года Мікалаю Васільевічу Рамашку было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

[caption id="attachment_79313" align="alignnone" width="600"]Су­стрэ­ча з сяст­рой Мі­ка­лая Ра­маш­кі — Ган­най (дру­гая зле­ва) ле­там 1984 го­да. Су­стрэ­ча з сяст­рой Мі­ка­лая Ра­маш­кі — Ган­най (дру­гая зле­ва) ле­там 1984 го­да.[/caption]

Я ганарылася братам

Ганна Арлоўская шмат гадоў працавала намеснікам дырэктара сярэдняй школы па выхаваўчай рабоце №1 Капыля. Адначасова з юнымі следапытамі вяла пошукавую работу, збірала матэрыял пра земляка-героя. Дзякуючы Ганне Іосіфаўне стала вядома, што першапачаткова афіцэр-камуніст быў пахаваны ў брацкай магіле ў вёсцы Нясяты Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці, а затым яго астанкі перанесены ў брацкую магілу на вайсковых могілках Магілёва.

У 1984 годзе вучні разам са сваёй настаўніцай пабывалі на месцах гібелі і пахавання Мікалая Рамашкі, сустрэліся з яго сястрой, якая на той час жыла ў Асіповічах.

Былая вучаніца школы, а цяпер настаўніца нямецкай мовы Таццяна Марукіна добра памятае тыя падзеі 30-гадовай даўніны:

— Спачатку мы перапісваліся з Ганнай Васільеўнай. Затым дамовіліся пра сустрэчу. Яна нас вельмі чакала, пачаставала смачнымі пельменямі ўласнага прыгатавання. Паказала фотаздымкі з сямейнага альбома, расказала пра цяжкае дзяцінства. Мы запісалі яе ўспаміны:

— Жылі мы ў вёсцы Дусаеўшчына ў старым доме з глінянай падлогай. Нягледзячы на тое, што школы ў вёсцы не было, Коля рэгулярна хадзіў на ўрокі ў Капыль. Вучыўся на 4 і 5, рос клапатлівым, працалюбівым, закончыў 7 класаў. Працаваў загадчыкам клуба. Праз некаторы час пайшоў на службу ў Савецкую Армію, пазней стаў кадравым палітработнікам. Быў сціплым, з павагай ставіўся да людзей. Аднавяскоўцы таксама паважалі Мікалая за яго дапытлівы розум, не па ўзросце жыццёвую разважлівасць. Я была намнога маладзейшая за брата, вельмі любіла яго і ганарылася ім. Мы з мамай радаваліся, што служба ў Колі ідзе паспяхова. Радаваліся і таму, што яго дзіцячая мара ажыццявілася, што ён канчаткова вырашыў стаць ваенным, вучыцца ў школе малодшых камандзіраў, што ў арміі яго паважаюць, і ён выбраны камсоргам дывізіёна.

Маці гадавала дзяцей адна: бацьку забілі белагвардзейцы ў 1922 годзе па дарозе ў Нясвіж. Кажуць, Мікалай рана пабраўся шлюбам. У музеі захаваліся копіі фотаздымкаў з подпісам «на памяць Ніне». А вось яны разам з Нінай Пятроўнай на адпачынку ў Крыме ў маі 1941 года. Шчаслівыя, маладыя, нават і не ўяўляюць, што праз месяц іх назаўсёды разлучыць вайна.

А потым былі пісьмы каханай Ніне. У іх і пяшчота да спадарожніцы жыцця, і непакой за яе, і ўдзячнасць ёй, і нянавісць да чужынцаў.

Каханне сагравала ў непагадзь

«Сёння ўвесь дзень лье дождж, гэты надакучлівы спадарожнік жыцця Ленінградскай вобласці. Учора хадзіў у чарніцы і ўвесь вымак. Але чарніц тут шмат.

З-за дажджлівага надвор'я наступіла абсалютная цішыня. Калі б не папялішча спаленай немцамі вёскі, не павыбіваныя вокны ў цудам ацалелай школе, то цяжка было б падумаць, што зусім побач фронт (акопы, бліндажы, дзоты, дрот, і гэтыя немцы, іх паганыя морды, пахабныя паводзіны). Цемра, гвалт і здзекі з мірных жыхароў нашай Радзімы.

Ну нічога. Яны пруцца на поўдзень, але хутка настане час, калі пабягуць з поўдня на захад, з паўночнага захаду і поўначы, ды пабягуць без супыну. Калі цяпер іх б'юць тысячамі, як мух, то хутка мы будзем біць іх дзясяткамі тысяч, каб ніводная погань нямецкая не змагла дайсці да свайго логава» (25.07.1942).

[caption id="attachment_79314" align="alignnone" width="600"]Юныя сле­да­пы­ты школы №1 г. Ка­пыль  на ма­гі­ле Мі­ка­лая Ра­маш­кі ў Ма­гі­лё­ве, 1984 год. Юныя сле­да­пы­ты школы №1 г. Ка­пыль
на ма­гі­ле Мі­ка­лая Ра­маш­кі ў Ма­гі­лё­ве, 1984 год.[/caption]

«Я вельмі рады, што маё пісьмо прыйшло да цябе ў дзень Вялікага Кастрычніка, што яно прынесла табе радасць. Ты пытаешся, што мне патрэбна. Я скажу: «Мне трэба, каб ты гэтую зіму магла правесці ў добрых умовах, каб у цябе былі зімовы абутак і адзенне, каб ты ніколі не забывала, што тут дзесьці далёка-далёка з немцамі змагаецца твой сябар, які хоча хутчэй разбіць ненавіснага ворага і вярнуцца да цябе, мая дарагая. Каб вясна была не толькі вясной кветак і зеляніны, а і вясной перамогі, вясной нашай сустрэчы.

А што тычыцца матэрыяльных патрэб, то я забяспечаны ўсім, за што дзякуй Радзіме, якая так любоўна клапоціцца пра нас, яе абаронцаў.

Ведаю, хвалюешся, што б мне прыслаць: пальчаткі ці шкарпэткі. Я буду сардэчна табе ўдзячны. І не столькі за рэчы, колькі за тваё каханне і клопат. Я іх буду берагчы як самыя дарагія прадметы, надзяваць буду толькі ў самыя моцныя маразы, каб тваё каханне сагравала і ў непагадзь, і калі буду ісці ў бой, каб яны, як талісман, натхнялі мяне на подзвіг і прыводзілі да перамогі над ворагам» (24.11.1942).

«Добры дзень, дарагая Ніна. Сёння ўсё яшчэ знаходжуся ў Маскве. Ты, мабыць, на мяне ўжо сварышся: на фронце з кожным днём разгортваюцца ўсё больш цікавыя падзеі, а я сяджу ў Маскве. Мне таксама гэта не падабаецца. Мне хочацца як найхутчэй на фронт, біць немцаў. Праўда, Пурыгін і Еўдакімаў кажуць, што я маю поўнае права пажыць у сталіцы пасля 18 месяцаў бесперапыннага знаходжання на фронце. Мне здаецца, што неўзабаве атрымаю прызначэнне.

Глядзеў спектакль «На дне» і канцэрт майстроў беларускага мастацтва. На фільм «Чакай мяне» чытаў толькі рэцэнзію; пабачу яго, відаць, не хутка, а вось верш « Чакай мяне», які ты даслала, прачытаў» (28.01.1944).

У 1984 годзе Ніне Пятроўне даслаў пісьмо член Саюза журналістаў СССР, падпалкоўнік у адстаўцы Міхаіл Фядотавіч Арцёменка. Ён паведамляў, што напісаў нарыс «Да апошняга патрона», у якім расказаў пра подзвіг Мікалая Васільевіча Рамашкі. Нарыс падрыхтаваны па матэрыялах, што захоўваюцца ў Цэнтральным архіве Савецкай Арміі ў Падольску. «У нарысе могуць быць недакладнасці, прашу вас і блізкіх уважліва прачытаць яго і ўнесці змены і дапаўненні, якія лічыце патрэбнымі», — прасіў журналіст. А заадно цікавіўся, ці ёсць у Мікалая Васільевіча дзеці.

У Капылі не ведаюць, дзе згубіліся сляды жонкі Героя. Але дакладна ведаюць, што дзецьмі сужэнцы не паспелі абзавесціся. І вось нядаўна на вочы выпадкова трапіў нумар «Варшаўскага кур'ера» за сакавік 2003 года, дзе зацікавіла публікацыя пад рубрыкай «Расіяне ў Польшчы». Цытую: «Вольга ад'язджала пасля чарнобыльскай аварыі асэнсавана. Пакідала горад, у якім яе прозвішча было вядома ўсім, таму што імем яе айчыма, Героя Савецкага Саюза Рамашкі М.В. у Магілёве названа вуліца і школа. Там устаноўлены яму помнік і сабраны дакументы ў краязнаўчым музеі. Яна забрала з сабой 5-гадовага сына і ўспаміны пра блізкага чалавека, што загінуў пры абароне чыгуначнага моста цераз раку Бярэзіна».

Вольга Рамашка (дачка Ніны ад першага шлюбу) нарадзілася ў Магілёве. Закончыла тэарэтыка-кампазітарскае аддзяленне Астраханскай дзяржаўнай кансерваторыі. Да прыезду ў Польшчу выкладала тэорыю і фартэп'яна ў Магілёўскім вучылішчы культуры, давала канцэрты. З 1990 года жыве ў Варшаве. Як прызнаецца, пачынала жыццё на новым месцы «пад крылом сваёй мамы».

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

 

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.