Вы тут

Я веру толькі ў гэта!


Пра што Вера Брэжнева расказала моладзі?

Расійская спявачка і тэлевядучая Вера Брэжнева сустрэлася ў Мінску з падлеткамі, якія прапагандуюць тэму здаровага ладу жыцця сярод равеснікаў — праз асабістыя кантакты, кансультаванне і сацыяльныя сеткі, а таксама ўдзельнічаюць у прафілактычнай рабоце ў галіне ВІЧ у якасці валанцёраў. Сустрэча прайшла ў межах першага прыезду ў Беларусь Веры ў якасці пасла добрай волі Аб'яднанай праграмы ААН па ВІЧ/СНІДу (ЮНЭЙДС) у рэгіёне Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі.

14-22

Журналістам Вера паведаміла, што з асаблівай цеплынёй ставіцца да Беларусі, радуецца поспехам нашай краіны ў барацьбе з ВІЧ, а яшчэ цалкам і ўсёй душой падтрымлівае сямейныя каштоўнасці і пачуццё сапраўднай любові ў сем'ях. У якасці пасла добрай волі Вера наведала ўжо шэсць краін згаданага рэгіёна.

Размова беларускіх маладых людзей са спявачкай-паслом адбылася ў канферэнц-зале гатэля «Рэнесанс». Хлопцы і дзяўчаты падрыхтавалі не толькі свае пытанні, але і харавы спеў! Вера пазнала песню з першай ноты:

«Я знаю пароль, я вижу

 ориентир,

Я верю только в это,

любовь спасет мир».

Дарэчы, для сустрэчы бландзінка выбрала адзенне (сукенка, панчохі, туфлі) аднаго — чорнага — колеру. Аднак калі яна пачала гаварыць, то ўсё навокал «заззяла» — столькі ў ёй пазітыву і станоўчых эмоцый! Прысеўшы на крэсла, пачала з жартаўлівага «Калі хто не ведае... Мяне завуць Вера і мне 33 гады!». Прысутныя сустрэлі гэта дружным смехам і сцішыліся, паколькі далей маглі ісці невядомыя ім падрабязнасці.

— Жыву я ў Кіеве, у мяне дзве дачкі. Старэйшай 14 гадоў, малодшай 5. Пяць месяцаў таму я пагадзілася стаць паслом добрай волі ААН. Гэта вялікі гонар і адказнасць. Для мяне вельмі важна быць карыснай і ўсведамляць, што не проста так жыву... Я публічны чалавек і таму запатрабавана ў такой ролі, але можа быць і так, што для выканання гэтай ролі мне і дадзена публічнасць. «Пасол» гучыць вельмі сур'ёзна, так што сама сябе я жартоўна называю «пасліхай». Калі бачу вынікі сваёй працы, калі ўсведамляю, што ў барацьбе з ВІЧ, з дыскрымінацыяй ВІЧ-пазітыўных людзей ёсць пэўныя станоўчыя вынікі, гэта мяне неверагодна радуе. Я заклікаю вас ніколі не адварочвацца ад тых, у каго ёсць падобная праблема...

Пасыпаліся пытанні. З адказаў на іх вынікала, што новую пасаду сама спявачка ўспрыняла з належнай сур'ёзнасцю: «Патрэбна шмат сіл на сустрэчы, паездкі, а ў мяне яшчэ сям'я, якой я кірую, і мая творчая дзейнасць, і дабрачынны фонд «Прамень Веры», які займаецца дзецьмі з анкагематалагічнымі захворваннямі». (Старэйшая дачка вельмі ганарыцца такім фактам.)

14-23

Вядома, нехта спытаў, як Вера пераадолела цяжкасці пераходнага ўзросту, калі такія былі... Аказалася, былі. Спявачка, дарэчы, і раней у сваіх інтэрв'ю расказвала аб тым, што не любіла школу, у якой яе крыўдзілі аднагодкі. Цяперашняя прынцэса ў дзяцінстве была брыдкім качанём — сутулая, у акулярах, яшчэ і грудзі маленькія. «Нічога смешнага! Гэта была трагедыя!». Сваё права быць, хоць бы і «плоскай», Вера адстойвала часам... з кулакамі. Праўда, у 17 гадоў фігура пачала набываць жаданыя формы. «Што дапамагала пераадолець усе тыя праблемы? Мне наогул заўсёды дапамагала падтрымка сям'і і жаданне што-небудзь рабіць... Я заўсёды за тое, каб нешта рабіць. Я добра вучылася і працавала з 11 гадоў, бо ў бацькоў проста не было грошай».

Нягледзячы на занятасць, Вера знаходзіць час на сацыяльныя сеткі: «Калі бачу негатыў на сваёй старонцы, адразу выдаляю такія каментарыі. У «Твітары» ў мяне 2,7 млн падпісчыкаў. Не ведаю, чаму так многа... Я проста дзялюся там сваімі думкамі. Але ўпэўнена, што павінна дзяліцца ў першую чаргу пазітывам. Можа быць, некаму ў гэтую хвіліну сумна, і яму не патрэбна, каб я таксама пачынала: ах, як мне цяжка! Мне бывае сумна, але няхай гэты стан застанецца са мной».

Вядома, Брэжнева толькі за тое, каб у сацыяльных сетках падлеткі актыўна прапагандавалі здаровы лад жыцця, хоць «самае лепшае — прыклад бацькоў». У сетках жа трэба яшчэ добра падумаць, як зрабіць так, каб інфармацыю такога кшталту хто-небудзь чытаў. Бо адна справа — разглядаць фота Веры ў «Інстаграме», і іншая — чытаць яе пасланне пра талерантнасць да ВІЧ-пазітыўных людзей. «У мяне ёсць блог па здаровым ладзе жыцця, харчаванні, я расказваю там, што рабіць, каб добра сябе адчуваць і падабацца сабе. Дарэчы, я магу і паказваць некаторыя карысныя практыкаванні. На адным відэа можна пабачыць, як я раблю «планку»... (Тут Вера ўстала, папрасіла спыніць фатаграфаванне і паказала «планку»: трэба «навіснуць» над падлогай, абапіраючыся на яе далонямі (або локцямі) і наскамі.)

«Што можна параіць сваякам ВІЧ-інфіцыраваных?» — пацікавіўся нехта з маладых блогераў. Вера сказала, што самае лепшае — аб'ядноўвацца такім сем'ям. Проста збірацца разам — бо так лягчэй пераадольваць перашкоды. Старэйшая дачка Брэжневай — Соня — ведае пра ВІЧ, аднак яе здзіўляе, што існуе дыскрымінацыя ў дачыненні да такіх людзей: маўляў, ім жа і без таго дрэнна, за што з імі так?

Вера выступае за розныя формы асветы ў галіне ВІЧ — і праз тыя ж цэнтры дружалюбнага стаўлення да падлеткаў, і праз інтэрнэт.

Святлана БАРЫСЕНКА.

Фота БЕЛТА

У інтэрнэце сёння можна не толькі атрымліваць інфармацыю па тэме здароўя, але і ўдзельнічаць у стварэнні ўласных матэрыялаў:

teensLІVE — http://teenslіve.іnfo. Рэсурс аб здароўі падлеткаў з магчымасцю анлайн-кансультацый спецыялістаў.

Teenergіzer — http://teenergіzer.org. Рэсурс для падлеткаў, якія жывуць з ВІЧ.

All Teens Can! («Усе падлеткі могуць!») —
youtube.com/channel/UCmbzGeCUR49FM-CJbUQ_XsA/about. Міжнародны відэаканал аб падлетках, які ствараюць самі падлеткі, у тым ліку беларускія.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.