Вы тут

На валаску ад смерці


Дзякуючы прафесіяналізму медыкаў малады гродзенец будзе жыць!

Гэтая трагедыя здарылася на дрэваапрацоўчым прадпрыемстве ААТ «Гроднажылбуд». 23-гадовы станочнік Андрэй прыйшоў раніцай на працу і, як звычайна, распілоўваў драўніну на шматпільным станку...

14-24

Здавалася б, дагэтуль дзясяткі, сотні разоў дошкі рушылі ў патрэбным кірунку, але тут... Раптам адна з іх зламалася, спружыніла і... выскачыла назад. Хуткасць вялізная, ніякіх шанцаў абараніцца ад ўдару ў хлопца не было.

«Хуткая дапамога» даставіла пацярпелага ў клінічную бальніцу № 4 абласнога цэнтра. Ён быў у прытомнасці, але ў шокавым стане. Вельмі складаная аперацыя доўжылася 4,5 гадзіны, яе выконвалі чатыры хірургі. Дапамагалі і іншыя работнікі гэтай медустановы.

Мы пабывалі ў бальніцы і вось што пачулі ад кіраўніка клінікі агульнай хірургіі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, доктара медыцынскіх навук, прафесара Пятра ГАРЭЛІКА (на здымку), які разам са сваімі калегамі Аляксандрам ПАЛЫНСКІМ, Сяргеем КАЛЕШКАМ і Дзмітрыем СУХОЦКІМ выратоўваў Андрэя:

— У маёй шматгадовай хірургічнай практыцы — сотні розных аперацый, але такая была ўпершыню. Хіба што, памятаю, як гадоў 20 таму прыйшлося выдаляць з жывата жанчыны... гаспадарчую мяцёлку. Праўда, яна па памеры была меншай за тую злашчасную дошку, якая наскрозь «прашыла» Андрэя. Траўму ён атрымаў вельмі масіўную. Але, дзякуй Богу, дошка не пашкодзіла жыццёва важных органаў. Аднак сітуацыя ўскладнялася не толькі вялікай стратай крыві, але і тым, што дошка была няроўнай і ламанай, са мноствам шчэпак. Каб выцягнуць яе з цела, адзін канец адпілавалі проста на аперацыйным стале. Трэба было дастаць і шмат стрэмак.

Цяпер Андрэй знаходзіцца ў другім хірургічным аддзяленні клінічнай бальніцы № 4.

— На восень плануем яму яшчэ адну аперацыю — па аднаўленні кішэчніка. Лічу, што ўсё з хлопцам будзе добра, ён цалкам паправіцца і вернецца да нармальнага жыцця, — кажа Пётр Гарэлік.

Гэтак жа аптымістычна перспектывы Андрэя бачацца і загадчыку хірургічнага аддзялення Івану ХІЛЬМОНЧЫКУ.

Андрэй ужо падымаецца з ложка і сам выходзіць з палаты, каб наведаць фізіятэрапеўтычныя і іншыя працэдуры. Безумоўна, ён вельмі ўдзячны ўсім урачам, якія яго аперыравалі:

— У іх проста залатыя рукі. Калі б не яны, то я сёння не сядзеў бы тут і не гаварыў з вамі. Дзякуй таксама ўсім, хто цяпер сочыць за маім станам, дапамагае мне.

— Урачы лічаць, што ўсё будзе добра...

— Я і сам у гэта веру.

Тым часам група спецыялістаў Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта правяла экспертызу дрэваапрацоўчага станка, якім быў траўмаваны Андрэй. Галоўны тэхнічны інспектар працы Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў Мікалай ГОЙЛА паведаміў карэспандэнту «Звязды», што эксперты зрабілі заключэнне аб тэхнічнай спраўнасці абсталявання. Станок адпавядае камплектацыі завода-вытворцы. Але разам з тым выяўлена канструктыўная заводская недапрацоўка. Свае высновы па выніках расследавання ўсіх абставін здарэння зробіць і камісія з удзелам спецыялістаў Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы, Белдзяржстраха, наймальнікаў і прафсаюзаў.

Барыс ПРАКОПЧЫК

Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.