Вы тут

Я — гэты... як яго? Рэтрасексуал!


або Якая яна, «сучасная будучыня» мужчыны?

Нечакана для сябе карэспандэнт «Звязды» даведаўся, што ён рэтрасексуал. Журналіст запэўнівае, што такіх у Беларусі шмат, проста яны не ведаюць пра свой «статус».

Хто-хто?

«Ты — тыповы рэтрасексуал!» — пачуўшы нядаўна такое ад прыгажуні, якую даўно не бачыў, не ведаў, ці гэта нагода для гонару, ці для сораму. «Адукавала» знаёмая, што апошнія гадоў восем працуе ў Маскве. У яе там бізнес: фота- і відэаздымка вяселляў і іншых святочных падзей. Паводле яе слоў, у расійскім мегаполісе, як і ў замежных сталіцах багатых краін, паспяхова дзейнічаюць індустрыя моды, забаў для рэтрасексуалаў і іншых. І мэтанакіраваная рэклама для іх прыносіць добрыя прыбыткі. У шэрагу іншага арганізуюцца спецыяльныя вечарынкі, дзейнічаюць клубы. І месцы, дзе збіраюцца рэтрасексуалы, дарэчы, вельмі папулярныя сярод адзінокіх жанчын. Бо там яны змогуць пазнаёміцца з «нармальнымі» мужчынамі: з прадказальным стылем жыцця, сексуальнай арыентацыяй, поглядамі на адносіны з супрацьлеглым полам.

Каб больш даведацца пра гэтых рэтрасексуалаў, звярнуўся да псіхолага Сяргея Новікава. Высветлілася, што акрамя рэтрасексуалаў, ёсць і іншыя «сексуалы».

Паводле яго слоў, аўтарамі тэрміна «рэтрасексуал» з'яўляюцца супрацоўнікі аднаго з рэкламных амерыканскіх агенцтваў. Дарэчы, дзякуючы даследчыкам рынку тавараў і паслуг у мужчынскім «сегменце» і «нарадзіліся» такія тэрміны, як метрасексуал, уберсексуал, тэхнасексуал... І пад кожную катэгорыю запрацавалі вытворцы, што пачалі вырабляць «стылёвыя тавары» — для розных «сексуалаў»...

«Настольнай кнігай» для вызначэння розных «тыпаў» з'яўляецца кніга «Будучыня мужчыны», якая стала вынікам даследчай працы рэкламшчыкаў і маркетолагаў.

— Усе гэтыя «эпітэты» ў адносінах да мужчын вельмі ўмоўныя. Напрыклад, вас, Аляксандр, можна назваць рэтрасексуалам, — тлумачыць суразмоўца.

Дык чым яны адрозніваюцца?

Рэтрасексуалы, да «партыі» якіх далучылі і аўтара гэтых радкоў, — мужчыны, якія прытрымліваюцца старых (у добрым сэнсе гэтага слова), правераных часам традыцый. Яны не носяць завушніцы, не «бягуць» услед за модай. У прыватнасці, ніколі не будуць насіць «штаны-спадніцы», як і шалікі, калі на вуліцы цёпла... Ніколі рэтрасексуал не ляжа на стол пластычнага хірурга. Ён нават у салярый не ходзіць, не карыстаецца мужчынскай касметыкай, тым больш не робіць манікюр і педыкюр. У адносінах да жанчын рэтрасексуал таксама класічных «поглядаў». Гэтыя джэнтльмены плацяць за вячэру ў рэстаране («жах», аказваецца, у Маскве гэта выходзіць з моды). Яны ніколі не будуць настойваць на інтымнай блізкасці без узаемнай сімпатыі. Многія прыхільнікі «тэорыі» існавання мужчынскіх тыпаў адносяць да класічных прадстаўнікоў рэтрасексуалаў аднаго з выканаўцаў ролі Джэймса Бонда Шона Конеры. А ў савецкім кінематографе, бадай, самы «класічны» рэтрасексуал — Гоша, якога пакахала галоўная гераіня фільма «Масква слязам не верыць».

Аўтарства тэрміна «метрасексуал», што стаў выкарыстоўвацца ў 1990-я, прыпісваецца англійскаму журналісту Марку Сімпсану. Першая частка слова ў перакладзе з англійскага «metropolіtan» азначае «сталічны». Метрасексуалы, у адрозненне ад рэтрасексуалаў, вельмі сочаць за сваёй знешнасцю. З вядомых літаратурных герояў, якія могуць быць «іконай стылю» ў гэтым «тыпе», бадай, можна ўспомніць Дарыяна Грэя. «Нарцысы» могуць гадзінамі «наводзіць» лоск на твары ля люстэрка, упрыгожыць зубы брыльянтамі... Многія носяць доўгія валасы, але, у адрозненне ад хіпі, даглядаюць іх, быццам бы ім праз хвіліну на подыум конкурсу прыгажосці. У іх ёсць грошы, якія яны ўкладваюць у сябе. Ім па кішэні зрабіць пластычную аперацыю. Яны заўсёды ў трэндзе», — працягвае псіхолаг.

Уберсексуал, можна сказаць, «эвалюцыйны від» паміж рэтрасексуалам і метрасексуалам. Слова «uber» перакладаецца як «празмерны» або «зверх». Такія мужчыны любяць, каб вакол іх было ўсё прыгожа, у тым ліку жанчыны. У адрозненне ад рэтрасексуалаў, іх ніколі не сустрэць у таннай піўной. Калі ім ужо і захочацца выпіць піўка, дык прапусцяць келіх — другі ў стыльнай кавярні, дарагім рэстаране. Уберсексуалы, у адрозненне ад метрасексуалаў, не будуць гадзінамі стаяць перад люстэркам. Пры гэтым яны за якасць ва ўсім: ад стыльнай прычоскі да адзення самых дарагіх брэндаў. Вялікі плюс уберсексуала ў тым, што ён пры ўсіх сваіх «зорных» патрабаваннях да жыцця, хутчэй за ўсё, добра выхаваны чалавек або паспяхова спрабуе такім падавацца. У кнізе «Будучыня мужчыны» сярод тыповых прадстаўнікоў уберсексуалаў згадваецца акцёр Джордж Клуні, які ў ліку іншых зняўся ў фільме «13 сяброў Оўшэна». У ганаровым спісе класічных уберсексуалаў і Арнольд Шварцэнегер, Біл Клінтан... На думку псіхолага, менавіта з уберсексуалаў могуць атрымацца «ідэальныя сем'яніны», якія адчуваюць адказнасць за дзяцей, стараюцца да канца захаваць шлюб.

А яшчэ ёсць спорнасексуалы — тыя, хто робяць са свайго цела культ. Яны любяць, каб імі захапляліся, таму ахвотна размяшчаюць свае фота ў сацыяльных сетках.

А тэхнасексуалы дрэнна адчуваюць сябе без перадавой тэхнікі: ад жырандолі, якая ўключаецца дыстанцыйна, да самага «наварочанага кампа». «Тэхнары» могуць і сачыць за сабой, каб «мышцы не віселі», але ж насамрэч іх хутчэй «узбудзіць» новы гаджэт, чым прыгажуня, калі толькі яна не знойдзе з такім мужчынам агульныя інтарэсы. Напэўна, тыповы тэхнасексуал — Біл Гейтс.

— Бадай, ужо не вельмі «папулярны» такі тып мужчыны, як мача, хаця многім жанчынам па-ранейшаму падабаюцца агрэсіўныя, вельмі брутальныя мужчыны, — рэзюмуе Сяргей Новікаў. Хаця ён адзначыў, што яшчэ не ўсе тыпы пералічыў...

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?