Вы тут

Каліф на гадзіну ці заяўка на поспех?


У тыднёвым спартыўным аглядзе «Звязда» распавядае пра старт футбольнага чэмпіянату краіны, медальную размінку Меліціны Станюты перад стартам хатняга чэмпіянату Еўропы і ўнікальны прэцэдэнт у гісторыі футбола.

1. Брэсцкае «Дынама» захапіла лідарства на старце чэмпіянату краіны па футболе. У першым туры брастаўчане нечакана перайгралі жодзінскае «Тарпеда» — 3:1. Першым дублем у сезоне адзначыўся паўабаронца «дынамаўцаў» Кірыл Прамудраў. А дубль Мікалая Януша прынёс перамогу салігорскаму «Шахцёру» над «Слуцкам». З такім жа лікам (2:0) «Гомель» упэўнена разабраўся з «Белшынай».

Шматразовы чэмпіён Беларусі БАТЭ ў стартавым раўндзе з мінімальнай перавагай перайграў навічка вышэйшай лігі — мазырскую «Славію» (1:0). Адзіны гол у сустрэчы забіў Філіп Младзенавіч. А вось у леташняга сярэбранага прызёра, мінскага «Дынама», не атрымалася зламаць супраціўленне «Нёмана» — 1:1. Пасля заканчэння матча галоўны трэнер «Дынама» Душан Угрын-малодшы прызнаўся, што застаўся задаволены гульнёй толькі двух футбалістаў: «Мы ведалі, што наш сапернік гуляе ў контратакуючы футбол, і, адпаведна, чакалі такіх пастак. Тым не менш гульцы дапусцілі некалькі памылак. У першай палове матча каманда паказала не вельмі добрую гульню. У другім тайме гулялі нашмат лепш, але для перамогі гэтага не хапіла. Шчыра кажучы, мне спадабалася гульня толькі дваіх футбалістаў — Паліцевіча і Бангуры. Астатнія маглі згуляць мацней».

Адзначым таксама нічыю ў матчах «Граніт»-«Віцебск» (1:1) і «Мінск»-«Нафтан»(0:0).

2. Мінскі СКА трэці раз запар стаў пераможцам гандбольнай «Балтыйскай лігі». У фінале турніру «армейцы» разграмілі фінскі
«Рыіхімякі» — 41:22. Найбольшую колькасць мячоў у пераможцаў закінуў левы крайні Іван Бачко — 7.

3. Зборная Беларусі па вольнай барацьбе няўдала стартавала на Кубку свету ў Лос-Анджэлесе. На першым этапе спаборніцтваў беларусы саступілі азербайджанцам — 2:6. Два ачкі нашай камандзе прынеслі Амаргаджы Мухамедаў і Аляксей Шамараў. У наступным паядынку беларускія барцы прайгралі іранцам — 0:8. Адзначым, што турнір праходзіць у камандным фармаце з удзелам васьмі зборных розных краін свету. Асабістыя ўзнагароды на турніры не разыгрываюцца.

4. Меліціна Станюта працягвае збіраць узнагароды на этапах Кубка свету. На турніры ў італьянскім Пезара беларуская грацыя здабыла чатыры «бронзы» — у шматбор'і, а таксама ў практыкаваннях з абручом, мячом і стужкай. Адзначым, што гэта быў апошні старт для беларускіх гімнастак перад хатнім чэмпіянатам Еўропы, які адбудзецца ў Мінску з 1 па 3 мая.

5. Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) стварыў небывалы прэцэдэнт, упершыню ў гісторыі пастанавіўшы перайграць
18 секунд футбольнага матча з прычыны судзейскай памылкі. Эпізод адбыўся ў кваліфікацыі юніёрскага чэмпіянату Еўропы, у сустрэчы зборных Англіі і Нарвегіі. Пры ліку 2:1 на карысць нарвежак англічанкі ў дадатковы час атрымалі права на пенальці. Адзінаццаціметровы ўдар быў рэалізаваны, але арбітр не залічыла гол, таму што англічанкі да ўдару ўбеглі ў штрафную зону. Замест таго, каб, па правілах, даць англічанкам перабіць пенальці, суддзя прызначыла свабодны ўдар на карысць нарвежак. Але УЕФА пастанавіў перайграць апошнія 18 секунд з новым арбітрам. У выніку перайгроўкі перамогу атрымала зборная Англіі.

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.