Вы тут

Разам ці паасобку?


На мінулым тыдні ў Варшаве была праведзена міжнародная канферэнцыя «Польшча і Беларусь у сучаснай Еўропе». Арганізатарамі выступілі пасольства Рэспублікі Беларусь у Польшчы, Інстытут еўрапеістыкі факультэта журналістыкі і палітычных навук Варшаўскага ўніверсітэта, БДУ і таварыства супрацоўніцтва «Польшча — Усход».

Правядзенне канферэнцыі, несумненна, было ўдалай ідэяй. Польшча з'яўляецца трэцім па памеры насельніцтва і другім па магутнасці эканомікі суседам Беларусі. Як паказвае практыка, з трох суседзяў Беларусі — Літвы, Латвіі і Польшчы — менавіта Польшча ў найбольшай ступені ўплывае на фарміраванне палітыкі ЕС у дачыненні да нашай краіны. Між тым аж да мінулага года стан адносін з Польшчай цяжка было назваць нармальным, што адбівалася негатыўна і на нашых адносінах з Еўрасаюзам. Найбольшыя праблемы былі ў галіне палітычных адносін. Год 2014-ы, які прынёс вайну ў суседнюю і для Беларусі, і для Польшчы Украіну, паслужыў сігналам для Варшавы да пераасэнсавання сваёй палітыкі ў дачыненні да Мінска. Аднавіўся і актыўны пошук шляхоў дыялогу, што дазволіла правесці і гэтую знакавую для навуковай супольнасці канферэнцыю.

Адкрыў канферэнцыю прарэктар Варшаўскага ўніверсітэта Алойзы Новак. Вельмі пазітыўна ацаніўшы перспектывы яе правядзення, ён падкрэсліў значнасць беларускай эканомікі ў свеце, расказаўшы, у прыватнасці, што ў час яго знаходжання ў ЗША бачыў на палях вельмі шмат беларускіх трактароў. Станоўча прафесар Новак адгукнуўся і пра патэнцыял беларускіх студэнтаў, якія прыязджаюць для навучання ў Варшаўскі ўніверсітэт, асабліва адзначыўшы іх здольнасці ў сферы матэматыкі.

Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча Аляксандр Авяр'янаў вітаў адкрыццё канферэнцыі, зрабіўшы асаблівы акцэнт на тым, што людзі з'яўляюцца найбольш важным капіталам у развіцці беларуска-польскіх адносін. Аляксандр Авяр'янаў адзначыў, што сучаснае супрацоўніцтва дзвюх краін абапіраецца на шматвяковую гісторыю адносін, у рамках якой сфарміравалася шмат агульных традыцый і культурных асаблівасцяў. А адной з найбольш важных перспектыў у развіцці адносін стане магчымасць развіваць беларуска-польскія адносіны ў кантэксце новых інтэграцыйных фарматаў.

Прафесар Збігнеў Анташэўскі, прэзідэнт таварыства «Польшча — Беларусь», заклікаў да канкрэтных крокаў з боку Польшчы па вырашэнні набалелых праблем, што дазволіць палепшыць адносіны з Беларуссю. Сярод іх — адмова ад выкарыстання азначэння «крэсаў усходніх», паколькі яно не можа вітацца ў Беларусі. Цяжка, на яго думку, лічыць удалай ідэяй і супрацоўніцтва з неафіцыйным саюзам палякаў, у той час як афіцыйнаму саюзу ў супрацоўніцтве адмоўлена. Трэба прыняць і тое, што ў Беларусі не гатовы разглядаць удзельнікаў Арміі Краёвай у якасці ветэранаў антыфашысцкага супраціўлення, што цалкам зразумела: многія з іх ужо пасля вайны змагаліся з савецкай уладай.

Прафесар Ігар Марзалюк, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, звярнуў увагу прысутных на тыя праблемныя гістарычныя пытанні, якія трэба сумленна абмяркоўваць, каб палепшыць адносіны Польшчы і Беларусі. У іх ліку важна і тое, што цяперашняя пазіцыя нашай краіны звязана ў тым ліку і з тым, што ў перыяд паміж Першай і Другой сусветнай войнамі беларусы нічога добрага ад Польшчы не атрымалі. У выніку прыход савецкай арміі ў Заходнюю Беларусь у верасні 1939 года і аб'яднанне беларускіх зямель аднадушна віталі ўсе палітычныя сілы Заходняй Беларусі як гістарычную справядлівасць.

Сяргей Мусіенка, дырэктар аналітычнага цэнтра «ЭкооМ», акрэсліўшы асаблівасці беларуска-польскіх адносін на сучасным этапе, заклікаў да вылучэння сумесных ініцыятыў дзвюх краін, якія маглі б зрабіць Еўропу больш бяспечнай. Настаў час і для абмеркавання ўзаемных візітаў кіраўнікоў дзяржаў Беларусі і Польшчы.

Доктар Крыстаф Федаровіч, супрацоўнік Універсітэта Адама Міцкевіча ў Познані, адзначыў нізкую інфармаванасць польскага грамадства аб працэсах у Беларусі. Вылучаныя раней празмерныя патрабаванні да Беларусі з боку польскага ўрада трэба змякчаць з-за ўкраінскага крызісу, які аказвае негатыўны ўплыў і на Польшчу, і на Беларусь. У якасці спосабаў вырашэння праблем з нізкай інфармаванасцю аб сітуацыі ў Беларусі Крыстаф Федаровіч прапанаваў пазбаўляцца ад стэрэатыпаў, развіваць турызм, выкарыстоўваць магчымасці «Усходняга партнёрства» і інтэнсіфікаваць абмен студэнтамі.

Адбылося таксама яшчэ больш за дваццаць іншых выступленняў удзельнікаў канферэнцыі. У сваім дакладзе я падкрэсліў важнасць развіцця беларуска-польскіх адносін у кантэксце еўрапейскай і еўразійскай інтэграцыі. Дакладнае ўсведамленне нацыянальных інтарэсаў у рамках гэтых інтэграцыйных фарматаў дапаможа Беларусі і Польшчы набыць больш эканамічных выгад, чым было б магчыма атрымаць, дзейнічаючы не ўзгоднена.

Сяргей КІЗІМА,

доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.