Вы тут

Дэсант прызямліўся ў пушчы...


Паштовая скрыня Цэнтральнага архіва КДБ рэдка калі бывае пустой. На днях там знайшлі цікавы ліст, які даслалі ў Беларусь з Разані.

«Я, Клімава (Напёрсткава) Ніна Пятроўна, 1925 года нараджэння, — піша жанчына. — У сувязі з надыходзячым юбілеем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне звяртаюся да вас з просьбай. Са студзеня па ліпень 1944 года я выконвала спецыяльнае заданне ў тыле ворага ў якасці радысткі ў атрадзе «Патрыёты» (кіраўнік — Мануілаў Д. І.). Мне вельмі хацелася б падрабязней даведацца аб баявой дзейнасці нашага атрада, акрамя таго, што я сама памятаю».

Пра тое, што аўтарка сапраўды ўдзельнічала ў партызанскім руху ў Беларусі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, сведчаць даведка, падпісаная народным камісарам дзяржаўнай бяспекі БССР Лаўрэнціем Цанавам, і пасведчанне партызана, якія былі прыкладзены да ліста.

У Цэнтральным архіве КДБ паднялі цэлыя справы, шматлікія дакументы. І знайшлі шмат цікавага, пра што і паведамілі аўтарцы ліста. Пра дзейнасць атрада «Патрыёты» ў гады Вялікай Айчыннай вайны стала вядома і нам.

Спецгрупа НКДБ БССР «Патрыёты» была сфарміравана ў пачатку студзеня 1944 года. Кіраўніком прызначылі Д.І. Мануілава. Ужо 14 студзеня спецгрупу ў складзе чатырох чалавек перакінулі на Шэльбутаўскі аэрадром, адкуль пасля неаднаразовых спроб уночы на 30 студзеня яна была дастаўлена самалётам «Дуглас» у тыл праціўніка і скінута на парашутах на тэрыторыю Ліпічанскай пушчы.

Дарэчы, як адзначана ў архіўных дакументах, дэсантаванне ажыццяўлялася без вогнішчаў і іншых апазнавальных знакаў. Гэта прывяло да таго, што асабісты склад і груз былі раскіданы на адлегласці двух кіламетраў ад патрэбнай пляцоўкі прызямлення. Зарыентаваліся на месцы.

Члены спецгрупы, у тым ліку і Ніна Напёрсткава, павінны былі арганізаваць дыверсіі на камунікацыях праціўніка ў раёне сваёй дзейнасці, правесці тэракты над прадстаўнікамі акупацыйнай ваеннай і грамадзянскай адміністрацыі, укараніцца ў разведвальныя і контрразведвальныя органы праціўніка, а таксама весці разведку з мэтай устанаўлення дыслакацыі нямецкіх войскаў, іх колькасці, нумарацыі і ўзбраення, штабоў праціўніка. Акрамя таго, яны павінны былі арганізаваць сярод мясцовага насельніцтва новыя партызанскія групы і атрады.

У выніку за перыяд дзеяння ў тыле праціўніка спецгрупа ажыццявіла нямала дыверсій. Калі і што канкрэтна імі было зроблена — храналагічна апісана ў адказным лісце ветэрану. Узгадаем толькі некалькі эпізодаў.

10 сакавіка 1944 года на перагоне Зельва — Слонім быў пушчаны пад адхон і выведзены са строю нямецкі паравоз і спалена 6 цыстэрнаў з палівам. Рух на гэтым участку быў спынены на 22 гадзіны. Падобную дыверсію «Патрыёты» ўчынілі і 5 красавіка таго ж года. На перагоне Масты — Ражанка яны знішчылі паравоз і 3 вагоны з вугалем. Праз два дні сумесна са спецгрупай «Наватары» была праведзена аперацыя па разгроме гарнізона праціўніка ў мястэчку Дварэц, у выніку якой было забіта і паранена па адным нямецкім салдаце. 47 паліцэйскіх са зброяй перайшлі на бок партызанаў.

Вялікія страты «Патрыёты» нанеслі ворагу 18 мая 1944 года. У выніку замініравання чыгункі ў раёне вёскі Чарнушка былі знішчаны паравоз і 14 вагонаў з жывой сілай праціўніка. Каля 600 нямецкіх салдат і афіцэраў былі паранены і забіты. Тры дні цягнікі на гэтым участку больш не ішлі. На той жа чыгунцы, Гродна — Друскінінкай, у раёне Яскілевіч у ліпені партызаны пусцілі пад адхон паравоз і 8 платформаў з сямю танкамі і зенітнай гарматай. Тады загінулі 15 нямецкіх салдат. 11 ліпеня «Патрыёты» пусцілі пад адхон цягнік, 10 вагонаў з жывой сілай праціўніка і 6 платформаў з аўтамашынамі і гарматамі. У той дзень было знішчана 250 гітлераўцаў, каля 300 — паранены.

Такім чынам, у перыяд знаходжання спецгрупы ў тыле праціўніка — а гэта паўгода — пад адхон пайшло 7 эшалонаў, было разбіта і пашкоджана 7 паравозаў, 58 вагонаў і платформаў, 6 цыстэрнаў. Народныя мсціўцы таксама ўзарвалі 2 шашэйныя масты, адно прадпрыемства і ўстанову. Знішчылі 7 танкаў, 14 аўтамашын і матацыкл, разграмілі гарнізон праціўніка. Было праведзена 5 баявых сутыкненняў, забіты і паранены 1205 гітлераўцаў. Ліквідавалі пяцярых здраднікаў, у палон узялі дваіх: нямецкага салдата і афіцэра.

14 ліпеня 1944 года спецгрупа «Патрыёты» злучылася з часцямі Чырвонай Арміі. Іх баявы шлях працягваўся. А неўзабаве на гімнасцёрках байцоў заззялі ўзнагароды. Ніна Напёрсткава атрымала медаль «Партызану Айчыннай вайны» 1-й ступені.

Напярэдадні юбілею Вялікай Перамогі жанчыну чакае не менш прыемны сюрпрыз: з архіва ёй дашлюць не толькі падрабязны гераічны шлях спецгрупы, у дзейнасці якой яна прымала актыўны ўдзел, а і копіі асабістых дакументаў — пачынаючы ад прызыву ў ваенкамат і заканчваючы пастановай аб узнагароджанні. Атрымае ветэран і юбілейны медаль «70 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.».

Вераніка КАНЮТА.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.