Вы тут

Чаго не чакаць ад лекаў


Чым больш лекаў, тым лепшым будзе здароўе, думаюць многія. А пабочныя эфекты? А ці ёсць істотная розніца паміж прэпаратамі, вырабленымі ў нас і за мяжой? Якім з іх аддаваць перавагу, калі ёсць права выбару — больш дарагім ці таннейшым? Паспрабуем разабрацца разам з доктарам медыцынскіх навук, прафесарам кафедры клінічнай фармакалогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, кіраўніком Мінскага гарадскога кансультацыйнага цэнтра лекавай паталогіі Міхаілам КЕЎРАМ.

15-21

— Сваім студэнтам на лекцыях я пастаянна паўтараю: лекі не даюць здароўя! Іначай мы маглі б гаварыць: чым больш лекаў ты ўжываеш, тым мацнейшае тваё здароўе. Аднак такога не назіраецца. Наадварот, ёсць рызыка набыць яшчэ якое-небудзь новае захворванне. Такая рызыка не азначае разам з тым, што без лекаў можна абысціся. Яны патрэбны. Для карэкцыі парушанага здароўя. Для паляпшэння якасці жыцця.

На вялікі жаль, людзі абсалютна не хочуць усведамляць, як шмат залежыць ад іх уласных намаганняў. Большасць жыве як заўгодна, ніяк не клапоціцца пра здароўе, а як толькі з'яўляецца захворванне, узнікае і вера ў тое, што дастаткова выпіць таблетку... Аднак цудаў не бывае. Пра здароўе трэба клапаціцца заўсёды, з таго моманту, як толькі ў цябе з'явілася свядомасць і права выбіраць — што есці, як рухацца, як ужываць спіртное і г.д. На жаль, дарослае насельніцтва не можа данесці гэтую простую ісціну сваім дзецям, каб яны з маленства бераглі тое, што не купіш ні за якія грошы, нягледзячы на ўсе дасягненні медыцыны.

— Тады што ж такое лекі і дзе заканчваюцца іх магчымасці?

— Лекі — гэта рэчывы, якія валодаюць пэўнымі вартасцямі і прымяняюцца для лячэння, прафілактыкі і дыягностыкі захворванняў. Гэта не абавязкова «хімія»: ёсць лекі з раслін, мінеральных рэчываў... Вось, скажам, кропельніцы, якія некаторым пажылым здаюцца панацэяй, гарантыяй выздараўлення. Кропельніцы бываюць розныя, у тым ліку звычайны фізраствор хларыду натрыю. Такі раствор паляпшае якасць жыцця, але ён бяссільны перад нейкім арганічным змяненнем, якое адбылося ў арганізме.

Разам з тым не будзем недаацэньваць лекаў. Некалі пры язве страўніка выконваліся складаныя аперацыі, а сёння ёсць прэпараты, якія не дапускаюць смяротных ускладненняў. Ці ўзяць хаця б такое захворванне пазногцяў, як аніхамікоз — дэфармацыя, абумоўленая дзейнасцю грыбкоў, моцна псавала якасць жыцця тых жа вайскоўцаў, якія падоўгу носяць боты, у выніку чаго ногі пастаянна знаходзяцца ў вільготным асяроддзі. Але аднойчы з'явіліся лекі, якія вырашылі праблему.

— Цікава, а таблетка дакладна «ведае», з якой мэтай яе прыняў пацыент?

— У галіне фармацэўтыкі гэта пытанне пытанняў! У мінулым стагоддзі нямецкі вучоны Эрліх гаварыў аб тым, што лекі павінны дзейнічаць як куля — «біць» дакладна ў цэль. На жаль, і дагэтуль такіх лекаў практычна няма. У асноўным лекі «страляюць», як шротавае ружжо — рэчыва разносіцца з токам крыві па ўсім арганізме. Ёсць, вядома, і здольныя ў большай ступені назапашвацца ў канкрэтным органе — тыя ж гліказіды назапашваюцца галоўным чынам у сэрцы. Але гэта не азначае, што яны ўздзейнічаюць толькі на сэрца... У большай ступені ўздзеянню лекаў падвяргаюцца органы, якія адказваюць за іх перапрацоўку і вывядзенне з арганізма — печань і ныркі.

— Ці можна ў такім выпадку наогул разлічваць на поспех лячэння?

— Можна, калі пачаць курс лячэння на самым раннім этапе ўзнікнення захворвання. Трэба лячыцца, пакуль не ўтварылася фіброзная тканка, спайкі. Калі гэта ўжо ёсць, то цалкам вылечыцца немагчыма, чаму мы і гаворым пра хранічны стан. Аднак у некаторых выпадках чалавек вельмі позна звяртаецца да ўрача, а ў іншых — не ўсе захворванні мы адчуваем, нейкія працэсы працякаюць бессімптомна або з вельмі слабымі сімптомамі.

Я прыгадваю адну пацыенту, якая заразілася палавой інфекцыяй, але не трапіла своечасова да ўрача. У яе быў пэўны дыскамфорт, боль падчас моча-спускання, аднак трэба здаваць сесію... Вострыя сімптомы прайшлі, а праз нейкі час заявіла аб сабе трыхаманаднае пашкоджанне суставаў і вачэй. Дзяўчына пачала дрэнна хадзіць, суставы дэфармаваліся, а ўрачы не маглі паставіць правільны дыягназ і доўгі час лячылі неспецыфічны артрыт...

— Лекі яшчэ «славяцца» і сваімі пабочнымі эфектамі...

— Так, не існуе прэпаратаў, якія не выклікалі б пабочных эфектаў. І такіх лекаў не будзе ніколі. Паколькі тут «плюс» і «мінус» ідуць у звязцы. Не будзе пабочных эфектаў — значыць, у прэпарата проста наогул няма ніякага эфекту. Іншая рэч, пабочныя эфекты бываюць прадказальныя і непрадказальныя. Вось чаму неабходна строга выконваць прадпісанні ўрача, які ўлічвае агульны стан вашага здароўя, стан нырак і печані.

Неабходна разумець, што прымаць шмат лекаў — гэта дрэнна. Але не выконваць рэкамендацый урача — таксама дрэнна. Я за сваю практыку бачыў людзей, якія, напрыклад, самі сабе павялічвалі дозу лекаў. Навошта? А проста ёсць пацыенты, якім здаецца, што няма эфекту, што прэпарат слабаваты, і яны пачынаюць самадзейнічаць. Або наадварот: урач прызначае піць прэпарат паўгода, а хворы вырашае, што і месяца хопіць. Нашы людзі перакананы: калі ім нешта прапісалі, то дапамагчы павінна першая ж таблетка! А ёсць жа індывідуальная рэакцыя, і на розных людзей адна і тая ж таблетка ўздзейнічае па-рознаму.

— Якім прэпаратам аддаць перавагу ў лячэнні — айчынным ці замежным, калі ў нас ёсць магчымасць выбіраць?

— Беларускія прэпараты проста ніяк не могуць быць горшымі за тыя, што вырабляюцца ў іншых краінах. Нашы лекі вырабляюцца на сучасным абсталяванні замежнай вытворчасці. Неабходныя кампаненты, асноўныя і дапаможныя рэчывы мы набываем таксама за мяжой. Існуе некалькі відаў кантролю на вытворчасцях... Урэшце, усе лекі павінны адпавядаць нарматыўна-тэхнічнай дакументацыі. Без гэтага яны не трапяць у аптэчную сетку.

— А біядаступнасць нашых і замежных лекаў можна параўнаць?

— Яна параўноўваецца падчас спецыяльных даследаванняў. Праводзяцца назіранні за тым, як усмоктваецца лекавае рэчыва, як яно дзейнічае — і ўсё гэта параўноўваецца з пэўнай, так званай давяральнай, мяжой. Такія даследаванні на ўсе лекі праводзяцца ў краіне з 1995 года. Ніводнага адхілення зафіксавана не было. Немагчыма зарэгістраваць ні наш, ні замежны прэпарат без падобнай адпаведнасці.

— І тым не менш ёсць катэгорыя людзей, якія ўпэўнены, што айчынныя не лечаць, а вось ад замежных, дарагіх — адразу ёсць эфект...

— Са сваёй практыкі я бачу, што больш за ўсё абураецца льготная катэгорыя спажыўцоў лекаў. Людзям проста не хочацца браць бясплатна тое, што каштуе 20 тысяч, калі існуе тое ж самае за 300 тысяч. Гэта псіхалогія. Другі важны момант — аптэкам усё ж такі нявыгадна прадаваць танны «тавар», а таму дагэтуль яны паспяхова заахвочвалі пакупнікоў на набыццё таго, што каштуе даражэй

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.