Вы тут

Рызыкі «ўзроставай» цяжарнасці


Планаваць цяжарнасць у ідэале неабходна да 35-38 гадоў. Тады ніжэйшая верагоднасць ускладненняў: рэпрадуктыўны рэзерв жанчыны зніжаецца хутка пасля 40, і катастрафічна імкліва — пасля 45.

15-22

— Жанчынам, якія адважваюцца зацяжараць пасля 35 гадоў, патрабуецца больш часу для гэтага, бо пасля 30 зніжаецца колькасць авуляцый, усё больш менструальных цыклаў адбываецца без утварэння яйцаклеткі, а наступленне цяжарнасці ў такі цыкл, зразумела, немагчымае, — тлумачыць акушэр-гінеколаг 12-й гарадской паліклінікі г. Мінска Вольга ГРЫШАНКОВА. — У многіх жанчын з узростам развіваюцца гінекалагічныя захворванні. З'яўляюцца і розныя экстрагенітальныя, не звязаныя непасрэдна з палавой сферай, захворванні. У жанчын да 30 гадоў шанц зацяжараць цягам аднаго месячнага цыклу складае 20%, пасля 40 гадоў — 5%, а ў 43 гады — 1-2%.

У жанчын да 30 гадоў рызыка выкідышу складае 10%, у 30-39-гадовых — 17%, у 40-44-гадовых — 33%. Рост рызыкі невыношвання звязаны не толькі з узроставымі змяненнямі жаночага арганізма, але і са старэннем саміх яйцаклетак, у выніку чаго намнога часцей адбываецца зачацце з грубымі генетычнымі парушэннямі плода.

Пасля 40 гадоў часцей назіраюцца і плацэнтарныя праблемы (хранічная плацэнтарная недастатковасць, заўчаснае адслаенне плацэнты).

Цяжарнасць можа выклікаць абвастрэнне практычна любога з хранічных захворванняў, а з узростам верагоднасць такіх станаў толькі павялічваецца. Асаблівага медыцынскага назірання патрабуе цяжарнасць на фоне хранічных захворванняў нырак. Больш уважлівае медыцынскае вядзенне неабходна пры сардэчна-сасудзістых захворваннях, артэрыяльнай гіпертэнзіі. Апошняя сама па сабе з'яўляецца досыць распаўсюджаным ускладненнем цяжарнасці, а, калі жанчына і да таго пакутавала на гэтую хваробу, цяжарнасць можа пагоршыць агульны стан, павялічыць рызыку гестозу або прээклампсіі (стан, для якога характэрны павышэнне ціску, ацёчнасць і наяўнасць бялку ў мачы). Самая цяжкая праява гестозу — эклампсія (сутаргі) — можа расстроіць работу нервовай сістэмы, прывесці да інсульту і комы з сур'ёзным парушэннем функцый мозга.

У жанчын пасля 40 у 3 разы часцей, чым да 30, развіваецца дыябет цяжарных. А цукровы дыябет падчас цяжарнасці павялічвае рызыку прээклампсіі, заўчасных родаў, плацэнтарных ускладненняў, мёртванароджання.

Верагоднасць кесарава сячэння да 30 гадоў складае 14%, у 35-40 гадоў — 40%, пасля 40 — 47%.

Рост рызыкі храмасомных адхіленняў у плода звязаны з рознымі прычынамі, адна з якіх — старэнне палавых клетак, больш працяглы час уздзеяння на арганізм жанчыны разнастайных патагенных фактараў і таксічных рэчываў. Колькасць захворванняў, звязаных з храмасомнымі адхіленнямі, досыць вялікая, аднак найбольш вядомы сіндром Даўна — камбінацыя разумовай адсталасці і адхіленняў у фізічным развіцці, абумоўленая лішняй храмасомай. Верагоднасць з'яўлення дзіцяці з сіндромам Даўна ўзрастае прапарцыянальна ўзросту маці. Аднак нават у 50-гадовай жанчыны шанц нарадзіць здаровае дзіця — звыш 90%. Наогул, 97% «узроставых цяжарных», якія прайшлі абследаванне, атрымліваюць пацвярджэнне таго, што верагоднасць нараджэння паўнацэннага дзіцяці ў іх такая ж, як і ў больш маладых.

Акрамя таго, сучаснае развіццё прэнатальнай дыягностыкі дае магчымасць на раннім тэрміне цяжарнасці абследаваць плод і выявіць магчымыя адхіленні. Дарэчы, некаторыя медыкі менавіта ў росквіце прэнатальнай дыягностыкі бачаць адну з прычын росту колькасці немаладых маці: жанчыны набылі ўпэўненасць у тым, што і пасля 40 могуць нарадзіць здаровае дзіця.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».