Вы тут

Зрывала дахі, валіла дрэвы


Панядзелак 13 красавіка запомніцца многім найперш моцным ветрам, парывы якога дасягалі 24 метраў за секунду.

У выніку, згодна з аператыўнымі данымі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, пацярпелі Мінск і 148 населеных пунктаў у 28 раёнах Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей. Былі пашкоджаны дахі 111 жылых дамоў, 16 аб'ектаў сацкультбыта і 193 сельскагаспадарчыя будынкі. Да ранку наступнага дня вялося аднаўленне падачы электраэнергіі ў 642 населеныя пункты. Работнікі МНС і іншыя арганізацыі праводзілі працу па распілоўцы і прыманні паваленых дрэў. Напрыклад, у сталіцы галіны трапілі на два прыпаркаваныя на ўнутрыдваровай тэрыторыі па вуліцы Брэсцкай легкавыя аўтамабілі «Форд Фокус» і «Сузукі». Транспартныя сродкі атрымалі нязначныя механічныя пашкоджанні. У Мінску ж сарвала частку даху ў прыватным домаўладанні на дзве кватэры па 1-м завулку Пірагова. На шчасце, пацярпелых не было.

[caption id="attachment_79532" align="alignnone" width="600"]15-46 Брэст.[/caption]

З дома адвалілася частка цэглы

У Добрушы ў панядзелак увечары з тарцовай часткі шматкватэрнага жылога дома па вуліцы Палявой адвалілася частка абліцовачнай сцяны з цэглы.

— Адбылося гэта каля дзесяці гадзін вечара. Я жыву ў процілеглай частцы дома, і па гуку мне падалося, што пачалася навальніца. Але прыйшлі суседзі і сказалі, што абвалілася абліцовачная сцяна. Выйшаў паглядзець — сапраўды. На шчасце, ніхто не пацярпеў. А вось ранкам там дзяцей у садок водзяць, або ў выхадны сонечны дзень на дзіцячай пляцоўцы нехта час бавіць, — распавёў у тэлефоннай размове старшыня ЖБСК №12
г. Добруша Аляксей Несцярчук. — Жыхары кажуць, што ў гэтым месцы раней бачылі шчыліну ў сцяне. Магчыма, парывы моцнага ветру ў панядзелак увечары сталі «апошняй кропляй», якая справакавала абвальванне.

Дом, дзе ўсё адбылося, 2011 года пабудовы. Капітальная сцяна не пацярпела (пасля яе ішоў слой уцяпляльніку і тая абліцовачная сцяна з цэглы). На момант нашай размовы, як распавёў Аляксей Несцярчук, будаўнікі з мясцовай ПМК уручную пры дапамозе аўтавышкі здымалі са сцяны цэглу. «Па словах прараба, пагрозы для дома няма. Заўтра абяцалі завесці будматэрыялы і вярнуць абліцовачную сценку назад». На месца здарэння выязджалі работнікі МНС і райвыканкама.

Увогуле ж, на Гомельшчыне 10 населеных пунктаў у Лельчыцкім, Калінкавіцкім, Жыткавіцкім, Петрыкаўскім і Добрушскім раёнах пацярпелі ад стыхіі. «Былі пашкоджаны дзевяць жылых дамоў, з іх пяць шматкватэрных пяціпавярховых, адзін аб'ект сацкультбыта, пяць сельскагаспадарчых будынкаў», — расказалі ў цэнтры прапаганды і навучання Гомельскага абласнога кіравання МНС. Па звестках прадпрыемства «Гомельэнерга», вечарам 13 красавіка былі абясточаны 58 населеных пунктаў. Раніцай 14 красавіка цалкам адноўлена іх энергазабеспячэнне.

У панядзелак увечары на Брэст абрынуўся дождж з моцным ветрам. З карэннем павыварочвала амаль векавыя дрэвы. Некаторыя з іх падалі проста на аўтамабілі. Такім чынам пацярпела чатыры машыны. А па вуліцы Герояў абароны Брэсцкай крэпасці абвалілася цагляная сцяна даўжынёй 18 метраў, узведзеная больш за 50 гадоў таму. Яна аддзяляла гаражны кааператыў. Цэглай заваліла дзесяць прыпаркаваных побач аўтамабіляў. Многія з іх пацярпелі вельмі моцна.

[caption id="attachment_79530" align="alignnone" width="600"]15-44 Доб­руш­.[/caption]

Дрэва прыціснула машыну

Учора ў Мінску, на вуліцы Якуба Коласа, 33, на машыну, што стаяла ля жылога дома, упала дрэва. У двары расце яшчэ шмат вялізных дрэў, таму нельга быць упэўненым, што гэта першы і апошні «падарунак» неспакойнага надвор'я.

Гаспадыні машыны Алы Снапковай, калі адбылося здарэнне, дома не было. Ёй патэлефанавала маці і сказала хутка вяртацца дадому. Убачыўшы, што адбылося, яна адразу выклікала супрацоўнікаў МНС і мясцовага ЖЭСа, каб тыя вызвалілі яе машыну з драўлянай пасткі.

Наколькі можна ацаніць па знешнім выглядзе, памяты кузаў, разбіта задняе шкло. Жанчына адзначае, што аўтамабіль не быў застрахаваны, таму давядзецца рабіць экспертызу за свае грошы. А пасля дабівацца кампенсацыі.

Іншая жыхарка гэтага двара Алена Карпава звяртае нашу ўвагу на тое, што тут яшчэ шмат іншых нахіленых дрэў. «Гэта бомба запаволенага дзеяння», — упэўнена яна. Буран можа надламаць галіны, а пазней, нават падчас звычайнага ветру, яны могуць упасці. А побач — не толькі машыны, але і шматлікія вокны дамоў. Жанчына адзначае, што ў снежні мінулага года жыхары ўжо звярталіся ў ЖЭС, каб іх дрэвы прывялі ў парадак, але рэакцыі не было. «Дрэвы з другога боку дома, дзе шпацыруе і праязджае шмат людзей, акуратна падрэзаны ў выглядзе прыгожых шапачак, а тут, унутры двара, яны нікому не патрэбны», — маркоціцца яна.

На месца здарэння прыбыла і супрацоўніца ЖЭСа №7 Савецкага раёна, да якога адносіцца гэты двор. Яна лічыць, што прычынай падзення стала зусім не тое, што галіны не падрэзаны, а моцны вецер — праз гэта дрэва вывернула. Яна адзначыла, што падрэзку дрэваў яны пачалі з двара №25 па гэтай вуліцы, а сюды яшчэ не паспелі дайсці.

У найбліжэйшыя суткі зноў перадаюць буран. Атрымліваецца, жыхарам гэтага двара, застаецца толькі маліцца і верыць, што дрэвы, якія растуць ля самага дома, не паваляцца і не разаб'юць, як мінімум, іх шыбы.

[caption id="attachment_79531" align="alignnone" width="600"]15-45 Мінск.[/caption]

Ветру рахунак не прад'явіш...

Карэспандэнт газеты пацікавілася ў намесніка дырэктара філіяла Белдзяржстраха па Брэсцкай вобласці Генадзя ЖОЛУДА, ці змогуць гаспадары аўто разлічваць на якую-небудзь кампенсацыю.

— Да нас ужо тэлефануюць грамадзяне, якім нанесла ўрон учарашняя стыхія, — сказаў Генадзь Станіслававіч. — Станоўчы адказ мы даём толькі тым аўтааматарам, якія маюць страхоўку «КАСКА». Сёння быў такі зварот ад жыхара дома па вуліцы Леніна. На яго машыну ўпала дрэва. Новы «Фольксваген» моцна патрушчаны, магчыма, нават, што рамонт будзе прызнаны тэхнічнай камісіяй немэтазгодным, і чалавек атрымае поўны кошт машыны. А двое пацярпелых з вуліцы Герояў абароны званілі ў парадку кансультацыі — яны не маюць названай страхоўкі. Ім давялося патлумачыць, што звычайная страхоўка, якую ў народзе называюць «аўтаграмадзянкай», на такія выпадкі не разлічана. Калі б на машыну ўпала старое, трухлявае дрэва, якое своечасова не прыбралі службы ЖКГ, тады мы прад'явілі б прэтэнзіі названым службам, а чалавек атрымаў бы кампенсацыю. А сіле ветру, як вядома, рахунак не прад'явіш, таму мы вымушаны толькі спачуваць пацярпелым.

Паводле інфармацыі абласнога ўпраўлення МНС, стыхія бушавала да вечара ў раёнах вобласці. Адгалоскі яе адчуваліся і на наступны дзень. Усяго на тэрыторыі рэгіёна пашкоджанні атрымалі 86 жылых дамоў. У асноўным зрывала шыфер з даху. Паводле папярэдніх падлікаў, сарвана і пашкоджана амаль 14 тысяч лістоў шыферу. Дасталася нават пабудовам цяплічнага камбіната «Бярэсце». Пабіла шкло на адной з цяпліц. Амаль 500 метраў квадратных шкла давядзецца замяніць.

У Іванаўскім раёне пашкоджанні дахаў зафіксаваны ў 25 населеных пунктах, пацярпела пяць аб'ектаў сацкультбыту і 57 вытворчых памяшканняў. Шмат стрэх пашкодзіла ў Жабінкаўскім і Лунінецкім раёнах. У Столінскім раёне пабіла некалькі цяпліц гаспадароў. Супрацоўнік абласнога ўпраўлення МНС Сяргей МАШНОЎ папярэдзіў, што лічбы пакуль называюцца прыблізныя, бо, каб падлічыць і ацаніць памер страт, патрэбен час.

У філіяле Дзяржстраха патлумачылі, што з жыллём і пабудовамі парадак кампенсацый іншы, чым у выпадку з аўтамабілямі. Паводле слоў Генадзя Жолуда, пры пашкоджаннях стыхіяй жылых дамоў, фермаў і іншых пабудоў людзям варта разлічваць на страхавыя выплаты. Калі ёсць дагавор нават абавязковага страхавання жылля, то грамадзяніну трэба звярнуцца ў раённае аддзяленне Дзяржстраха. Юрыдычныя асобы, як правіла, робяць гэта аператыўна. Прадстаўнік Дзяржстраха заўважыў, што стыхійныя бедствы ў апошнія гады пачасціліся, таму варта ўважліва азнаёміцца з умовамі страхавання маёмасці.

Сяргей РАСОЛЬКА, Ірына АСТАШКЕВІЧ, Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ, Святлана ЯСКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.