Вы тут

Жыццё па Грынвічы,


або Як працуюць метэаролагі ў глыбінцы

Пра надвор'е дакладна ведаю адно: калі перадалі пра ападкі, а ты забыўся парасон, дождж абавязкова пойдзе. Заўсёды спрацоўвае. Да прагнозаў надвор'я беларусы ўвогуле ставяцца з недаверам: навінам варта адзін раз не спраўдзіцца — і метэаралогію ўжо лічаць такой жа несур'ёзнай справай, як варажбу на кававай гушчы. І дарма. Прырода, вядома, рэч непрадказальная, але метэаспецыялісты праводзяць шмат даследаванняў, каб мы ведалі, што нас чакае заўтра. Прагнозы рыхтуюць абласныя і рэспубліканскія сіноптыкі, а інфармацыю для «прадказанняў» атрымліваюць з мясцовых станцый (іх у нашай краіне больш за паўсотні). Каб паглядзець, як збіраюць факты для навін пра будучыню, карэспандэнты «Звязды» выправіліся ў раён — на Горацкую аграметэаралагічную станцыю.

[caption id="attachment_79527" align="alignnone" width="600"]15-36 Стан­цыя пра­цуе ў лю­бое на­двор'е.[/caption]

Самы лепшы прыбор — спрактыкаванае вока

На станцыю мы прыехалі шэрым дажджлівым днём. Для нас — дрэннае надвор'е, а для метэаролагаў — дадатковая праца. На вуліцы, на агароджанай метэапляцоўцы, стаяць прыборы, якія збіраюць інфармацыю пра наваколле. Кожныя тры гадзіны спецыялісты здымаюць цэлы шэраг паказчыкаў: тэмпература і адносная вільготнасць паветра, хуткасць і напрамак ветру, ціск на станцыі і на ўзроўні мора, працягласць сонечнага ззяння, выпарэнні з воднай паверхні.

Пачаўся дождж, змянілася яго інтэнсіўнасць ці ўвогуле высыпаў град — трэба адзначыць. Тэмпературу глебы (карысная для камунальнікаў інфармацыя) вымяраюць з дапамогай глыбінных тэрмометраў. Самы вялікі з іх знаходзіцца на глыбіні больш за тры метры. На наша (ды і метэаролагаў) шчасце, на пляцоўцы ёсць аўтаматычная станцыя, якая ўсе паказчыкі выводзіць на экран камп'ютара, і не трэба здымаць іх самастойна з кожнага прыбора, таму мы хутчэй ідзём у будынак хавацца ад дажджу. Хоць кожны дзяжурны ўмее збіраць інфармацыю «ўручную» — станцыя павінна працаваць нават у экстрэмальных умовах. Тым больш некаторыя даныя можа вылічыць толькі спрактыкаванае вока спецыяліста.

15-35

— Воблачнасць адсочваем самі. Нават вышыню аблокаў можам візуальна вызначыць, — кажа начальнік Горацкай аграметэастанцыі Тамара ШУЛЯКОВА, якая працуе тут ужо 20 гадоў.

Атрыманую інфармацыю спецыялісты па надвор'і шыфруюць і дасылаюць тэлеграмай у Гідрамет сіноптыкам. У адказ на наша пытанне, якім будзе лета, жартуюць: пра гэта ведаюць толькі ў нябеснай канцылярыі. Нават самы дасведчаны сіноптык не бярэцца «прадказваць» дакладнае надвор'е больш чым на месяц. На тыдзень ці тры дні — калі ласка. А вось што будзе заўтра, ведаюць з дакладнасцю ў 98 працэнтаў.

[caption id="attachment_79525" align="alignnone" width="600"]15-34 Ін­жы­нер-ме­тэа­ро­лаг 1-й ка­тэ­го­рыі Люд­мі­ла Са­ма­ры­на зды­мае па­каз­чы­кі з псіх­ра­мет­рыч­най буд­кі.[/caption]

Палявы дазор

На мясцовай станцыі (яна была адкрыта больш за 170 гадоў таму), акрамя метэаспецыялістаў, працуюць і аграметэаролагі. Ездзяць на суседнія палі і назіраюць за тым, як надвор'е ўплывае на рост раслін, ад пасеву да ўборкі. У полі зроку — гародніна (бульба, капуста, морква), яравыя і азімыя культуры. Сабраную статыстыку перадаюць упраўленню сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама і самім гаспадаркам. Усе назіранні за раслінамі горацкія спецыялісты занатоўваюць у кніжкі, па якіх потым у сталіцы рыхтуюцца даведнікі для аграномаў і дачнікаў.

Бывае, аналіз надвор'я дапамагае сялянам даказаць, што прычына неўраджаю — прырода, а не іх халатнасць. Тамара Валянцінаўна ўспамінае, як летась у адным з суседніх раёнаў загінуў рапс:

— Думалі, быццам ад вымярзання. Аднак рапс — холадаўстойлівая культура, а маразы ў тым годзе былі не настолькі моцныя. Значыць, падзейнічаў іншы фактар. Потым высветлілі, што паўплывала восеньская засуха: у нашым і Дрыбінскім раёнах, дзе пасевы ўзышлі, у гэты час былі ападкі, а ў Шклове (там амаль усё загінула) — не.

Станцыя супрацоўнічае і з Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміяй. Напрыклад, разам з навукоўцамі-селекцыянерамі метэаролагі вывучаюць, як фактары надвор'я ўплываюць на розныя гатункі насення. Па словах Тамары Валянцінаўны, менавіта такія даследаванні дапамаглі павысіць ураджайнасць. Калі раней у сярэднім збіралі 16 цэнтнераў збожжа з гектара, а за 40 цэнтнераў аграномам давалі званне Героя Сацыялістычнай Працы, то цяпер гэта невялікія лічбы. У асобных гаспадарках ураджайнасць збожжа сёння дасягае 60-70 цэнтнераў з гектара.

Для кафедры кормавытворчасці і захоўвання прадукцыі раслінаводства метэаролагі назіралі ўзімку за канюшынай. Культура карысная, але вельмі «пераборлівая»: год-два на полі квітнее, а потым знікае. Таму трэба было праверыць, як яна пераносіць маразы. На станцыі праводзілі доследы: адзін участак з канюшынай хавалі пад снегам, на іншым пакідалі толькі маленькі слой ападкаў, а трэці цалкам расчышчалі. Там, дзе белага покрыва не было, канюшына магла амаль цалкам загінуць ужо ў першую зіму.

Сумесна з горацкімі навукоўцамі спецыялісты па надвор'і спрабуюць нават вырошчваць цвёрдыя гатункі пшаніцы. Праўда, такая расліна камфортна адчувае сябе ў больш цёплых умовах, напрыклад у Казахстане, таму прыстасаваць яе да беларускага клімату складана.

[caption id="attachment_79524" align="alignnone" width="600"]15-33 На­чаль­нік стан­цыі Та­ма­ра Шу­ля­ко­ва па­каз­вае той са­мы трох­мет­ро­вы тэр­мо­метр.[/caption]

«Інфалінія» для рыбакоў і нявопытных дзяжурных

Для дачнікаў, вясковых гаспадароў мясцовая метэастанцыя як бюро даведак. Пастаянна тэлефануюць: увесну — каб спытаць пра чарговыя замаразкі або вецер і вырашыць, ці трэба раскрываць цяпліцу, летам — каб адказалі, ці хутка скончыцца дождж, бо за сена хвалююцца. Метэазалежныя людзі і рыбакі пытаюць пра атмасферны ціск. Грошай за кансультацыю з іх, вядома, не бяруць. А вось для прыватных арганізацый падрабязная інфармацыя аб надвор'і платная. Даведка каштуе нядорага — 0,7 базавай велічыні (126 тысяч рублёў). Штогод на платнай аснове горацкая станцыя абслугоўвае каля 70 арганізацый.

— Ваш гадзіннік на сцяне зламаўся, — выпадкова заўважаю я, — ажно на тры гадзіны адстае.

— А мы па грынвіцкім часе працуем, як і астатнія станцыі свету. Каб інфармацыя пра надвор'е з любога рэгіёна паступала адначасова, — тлумачыць інжынер-метэаролаг 1-й катэгорыі Людміла САМАРЫНА.

Працы на станцыі хапае. Асабліва перад штармавой сітуацыяй: нельга і гарбаты адлучыцца папіць, каб не прапусціць узмацнення ветру. Складаныя начныя змены. Для новых супрацоўнікаў ёсць «званок сябру»: нават у тры гадзіны ночы нявопытны дзяжурны, каб не наблытаць лічбаў у тэлеграме, можа патэлефанаваць любому работніку станцыі.

— А калі спаць хочацца?

— Найлепшы сродак ад сну — дрэннае надвор'е! — жартуе Людміла Міхайлаўна.

— А маё дзяжурства заўсёды на добрае надвор'е прыпадае, напэўна, заслужыла за столькі гадоў, — усміхаецца начальнік станцыі. — Бывае, складаюць графік, і на мой дзень выпадае цыклон. Ужо ніяк не абміне. Не, у апошні момант хто-небудзь абавязкова прапануе памяняцца.

Цікаўлюся: ці супадаюць народныя прыкметы з навуковымі прагнозамі? Тамара Валянцінаўна кажа, што народны каляндар састарэў:

— Гляджу «Тэлебарометр» — спецыяльна сабе пазначаю, што ў які дзень гэты каляндар абяцае, каб потым праверыць. Не супадае. Мабыць, прырода змянілася. Маразоў на Вадохрышча ў апошнія гады ўвогуле не бывае. А на Піліпаўку раней, памятаю, снегу надзімала пад дах. Маленькіх цялят у хату бралі, а сабаку ўночы спецыяльна адвязвалі, каб не змерз — такія халады былі.

На вуліцы тым часам распагодзілася. Паглядзеўшы прагноз надвор'я на пару дзён (магу запэўніць, што ён цалкам спраўдзіўся), збіраемся на электрычку. А дзяжурны — зноў на пляцоўку: сачыць за прыродай, каб потым своечасова нагадаць нам пра парасон.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.