Вы тут

У Беларусі з'явяцца чатыры новыя ўзнагароды


Пра гэта паведаміла Лілія Мароз, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве,падчас другога пасяджэння дзявятай сесіі верхняй палаты беларускага парламента. Сенатары ўхвалілі законапраект «Аб унясенні змен і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях удасканальвання сістэмы дзяржаўных узнагарод».

— Гэты законапраект прадугледжвае пашырэнне пераліку дзяржаўных узнагарод, — патлумачыла сенатар. — У нас ужо склалася пэўная сістэма ў гэтай сферы. Але закон аб дзяржаўных узнагародах існуе з 2004 года — болей за 10 гадоў! Жыццё мяняецца, і ўзнікае патрэба ўносіць карэктывы ў закон.

Новыя дзяржаўныя ўзнагароды, якія прапануе дакумент, — гэта «Ордэн Працоўнай славы», медаль «За выратаванае жыццё» і два Ганаровыя званні: «Народны настаўнік» і «Народны ўрач». Па словах старшыні камісіі Савета Рэспублікі, калі герой яшчэ раз здзейсніць подзвіг — выратуе чыёсьці жыццё, яго чакае паўторнае ўзнагароджванне.

Акрамя таго, пэўныя карэктывы ў дзеючым законе звязаны з членствам Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе. Законапраект прадугледжвае ім і уніфікацыю сістэм дзяржаўных узнагарод, а для некаторых з іх — дыферэнцыяцыю. Пакуль пра агульную льготную сістэму, напрыклад, для ветэранаў працы Беларусі, Расіі, Казахстана і Арменіі размова ідзе толькі на ўзроўні абмеркавання.

Таксама законапраектам прадугледжваецца забарона на збыт і набыццё дзяржаўных узнагарод Рэспублікі Беларусь, СССР і БССР. «Уводзіцца спецыяльная адміністрацыйная і крымінальная адказнасць», — кажа Лілія Мароз. За падобнае злачынцу чакае штраф памерам у 50 базавых велічынь з канфіскацыяй дзяржаўнай узнагароды ці без яе. Калі гэта мера не падзейнічае, тады парушальнік закону будзе прыцягнуты да крымінальнай адказнасці.

Сенатары ўхвалілі ў тым ліку законапраект аб ратыфікацыі пратакола паміж урадам Беларусі і ўрадам Расіі, які датычыцца парадку платы і залічэння вывазных мытных пошлін на нафтапрадукты. «Мінулы бюджэт прадугледжваў кошт 83 долары за бараль, і ў выніку павінна было паступіць у беларускую казну болей за 2 мільярды долараў. Сёння, пры ўдакладненай ацэнцы бюджэту, а гэта каля 50 долараў за бараль, яна знізілася да 1 мільярда долараў», — праінфармаваў журналістаў намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко. Ён адзначыў, што бюджэт на 2015 год будзе ўдакладняцца па выніках першага паўгоддзя. Беларускі і расійскі бакі працягнуць перагаворы па пытаннях падатковага манеўру пасля таго, як будуць вядомы даныя за першы квартал гэтага года.

Падчас другога пасяджэння вясновай сесіі членамі верхняй палаты беларускага парламента былі разгледжаны 12 законапраектаў і два Дэкрэты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Законапраект аб дзяржаўных узнагародах пачне дзейнічаць праз 3 месяцы пасля яго падпісання.

Вераніка ПУСТАВІТ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.