Вы тут

Квітнеючы сімвал Перамогі


Стартаваў міжнародны праект па высадцы бэзавых алей

Маштабная акцыя, прысвечаная 70-годдзю Перамогі, ахапіла 13 гарадоў-герояў Беларусі, Расіі і Украіны. Зусім хутка алеі з саджанцамі бэзу з'явяцца ў Лошыцкім парку і музейна-паркавым комплексе «Перамога» каля музея Вялікай Айчыннай вайны. Расквітнее таксама і Брэсцкая крэпасць-герой. У кожным горадзе-ўдзельніку высадзяць ад 80 да 500 саджанцаў бэзу. Акрамя таго, алея з'явіцца і ў Берліне.

Цікава, што сарты бэзу памятнай калекцыі, якіх усяго 16, маюць назвы, звязаныя з ваеннымі падзеямі і іх удзельнікамі: «Вялікая Перамога», «Маршал Жукаў», «Партызанка». Адзін з ініцыятараў праекта «Бэз Перамогі», загадчык аддзела біяхіміі і біятэхналогіі раслін Цэнтральнага батанічнага сада НАН Беларусі, акадэмік Уладзімір РАШЭТНІКАЎ адзначыў:

— У 2009 годзе разам з Расійскай акадэміяй навук мы падпісалі пагадненне аб стварэнні Савета Батанічных садоў Беларусі і Расіі. Першым нашым агульным праектам стаў «Бэз Перамогі». У чым яго «фішка»? Справа ў тым, што мы ўзяліся адраджаць сарты бэзу, якія ў пасляваенны час вывеў таленавіты селекцыянер з сусветным імем, расійскі вучоны Леанід Калеснікаў. Пазней яны былі крыху забытыя, і мы вырашылі гэта выправіць.

Такім чынам, у аснове кампазіцыі знаходзяцца сарты бэзу з калекцыі Галоўнага батанічнага сада Расіі, Цэнтральнага батанічнага сада НАН Беларусі і Нікіцкага батанічнага сада (Крым). Мінскі батанічны сад можа пахваліцца адной з найбуйнейшых у Еўропе калекцыяй бэзу. У 50-х гадах на аснове 130 сартоў было створана 16 сартоў беларускай селекцыі, назвы 6 з іх датычыліся ваеннай тэматыкі: «Партызанка», «Абаронцам Брэста», «Марат Казей», «Канстанцін Заслонаў». У рамках праекта іх перадаюць у Валгаградскі батанічны сад для адаптацыі і далейшай перадачы ў іншыя гарады-героі. У сваю чаргу, беларускі бок атрымлівае сарты з Валгаграда.

Сёння вучоныя працуюць над удасканальваннем сартоў бэзу, атрыманых у спадчыну ад Леаніда Калеснікава. Для паскоранай вытворчасці саджанцаў яны выкарысталі спосаб мікракланальнага размнажэння раслін, які дазваляе атрымаць пасадачны матэрыял, ідэнтычны зыходнаму генатыпу.

Акцыя па закладцы бэзавай алеі каля сцен Брэсцкай крэпасці адбудзецца 23 красавіка, 7 мая пройдзе яе ўрачыстае адкрыццё. У Мінску высадка кустоў будзе праводзіцца 1 мая ў Лошыцкім парку, а 5 мая ўрачыста адкрыюць памятную алею ў музейна-паркавым комплексе «Перамога».

Плануецца, што праект будзе мець працяг: так, да 2020 года батанічныя сады падрыхтуюць тысячы саджанцаў для высадкі ў гарадах воінскай славы.

Кацярына РАДЗЮК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.