Вы тут

Сем скандынаўскіх кінакарцін


З беларускімі субтытрамі — на нашых вялікіх экранах

Кінатэатры «Мір» трох беларускіх гарадоў — Мінска, Гомеля і Віцебска — у найбліжэйшы час абяцаюць праграму добрага скандынаўскага кіно. Гэта фестываль «Паўночнае ззянне», урачыстае адкрыццё якога адбудзецца ўжо сёння ўвечары ў сталічным «Міры». Тут кіназнаўца з Нарвегіі Ян-Эрык Хольст прадставіць фільм свайго суайчынніка рэжысёра Эрыка Ск'ёлдб'ера «Першапраходзец». Сем фестывальных фільмаў з Фінляндыі, Швецыі, Даніі, Ісландыі і Нарвегіі будуць паказаны на мове арыгіналу з беларускімі субтытрамі (толькі адзін — з рускімі).

Скандынаўскае кіно ўвогуле стаіць у гісторыі кінематографа асобна са сваім легендарным нардычным духам:  павольным тэмпам апавядання, велічнасцю і паэтычнасцю прыроды і цьмянымі колерамі.

Усё пачалося яшчэ на світанку кінамастацтва. Калі Данія са сваёй «маўклівай музай» Астай Нільсан стала ў шэраг вядучых кінематаграфічных дзяржаў свету, хоць і доўжылася гэта з 1917-га толькі пяць гадоў. Затое пальму першынства пераняла Швецыя, якая да гэтага доўгі час пакрысе, спакваля працавала ў пошуках выяўленчых сродкаў у тэкстуры кіно, дзе дасягнула пэўных поспехаў. Нарвегія стала ў шэраг кінадзяржаў у 20-я, Фінляндыя — у 30-я, ісландскі рух пачаўся ў 50-ых. Дастаткова ўспомніць датчан Карла Тэадора Дрэера з яго Жаннай Д'арк ці скандальнага Ларса фон Трыера, шведа Інгмара Бергмана — неабвержнага класіка кінематографа, фіна Акі Каўрысмякі з яго неадступным навісаючым урбанізмам.

Для фестывалю ж, па словах каардынатаркі «Паўночнага ззяння» Вольгі Чайкоўскай, з кінематаграфій пяці паўночнаеўрапейскіх краін адбіраліся самыя выдатныя фільмы за апошнія два гады. З чаго і склаўся шэраг сямі фільмаў, і тое, што яны будуць паказаны ў кінатэатрах «Мір» — невыпадкова.

«Назва сугучная праграме фестывалю, у якую ўвайшлі фільмы, што закранаюць разнастайныя аспекты міру і паразумення ў грамадстве. Праблема ўзаемапаразумення і мірных адносін з'яўляецца адной з галоўных ва ўсіх фільмах — удзельніках «Паўночнага ззяння»: паміж мужчынам і жанчынай, дзяржавай і грамадствам, прагай славы і сумленнем, падлеткамі і навакольным светам, бацькамі і дзецьмі», — распавядае каардынатарка фестывалю.

У «Першапраходцы», які адкрывае фестываль, прафесійны дайвер Петэр прымае выклік апусціцца на глыбіню 500 метраў у Паўночнае мора, дзе Нарвегія ў 70-ых пачала пошукі нафты. «Патрыёт» — чорная камедыя ад фінскага дакументаліста-эксперыментатара Арта Халанена пра выкарыстанне допінгу ў лыжным спорце Фінляндыі падчас Алімпійскіх гульняў у Канадзе. Дарэчы, фільм у Мінску будзе прадстаўляць сам аўтар. Дзве карціны фестывалю знятыя рэжысёрамі-жанчынамі. Па-першае, гэта экзістэнцыйная шведская драма Лізы Лангсэт «Гатэль», па-другое, нарвежскі фільм «Я — твая» ад рэжысёркі Ірам Хаг.

У праграме кінафестывалю можна ўбачыць амаль усе асноўныя тэндэнцыі паўночнаеўрапейскага кіно. Гэта феміністычнае кіно рэжысёрак-жанчын, чалавечыя трагедыі, акцэнт на ўнутраныя пачуцці і ўнутраны свет, фінскія самаіронія і чорны гумар; тэмай двух фільмаў з'яўляецца нафта.

«Маё ўласнае назіранне: у паўночнаеўрапейскага кіно нейкае сваё, часта суперіранічнае і самаіранічнае ўспрыняцце рэальнасці. Як герой Тойва ў фільме «Патрыёт» абыякава самаіранічны да сваёй нерэалізаванасці, як Угі ў «Паўночным Парыжы» — такі ж млява-абыякавы да сваёй няздольнасці вырашаць жыццёвыя праблемы. Наогул усе фільмы фестывалю даюць магчымасць лепш зразумець характары нардычных мужчын і жанчын. І, нягледзячы на вонкавую моц, нардычныя мужчыны часта аказваюцца ранімымі і слабымі, — кажа Вольга Чайкоўская. — Яшчэ адзін вельмі важны трэнд — жаночае кіно. У краінах Паўночнага свету ўсё больш і больш жанчын здымаюць вельмі датклівыя фільмы пра дысананс, які адчувае жанчына ў сучасным свеце і грамадстве. Можа быць, яна ўжо не створана для сям'і? Якія далягляды и перспектывы ёй цікавыя? Гэтыя тонкія экзістэнцыйныя пытанні закранаюць і нарвежскі фільм «Я — твая», і шведскі «Гатэль».

Уваход на паказы, якія будуць праходзіць у кінатэатрах «Мір» з 15 па 21 красавіка ў Мінску, з 17 па 23 — у Гомелі, з 23 па 29 — у Віцебску, вольны.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.