Вы тут

Яна сказала: «Я не супраць...»


Адным з маіх школьных таварышаў быў Коля Казлоў. Разам каталіся на каньках і лыжах, вудзілі рыбу, ганялі футбольны мяч. Сябравалі, адным словам. І вось аднойчы, калі Мікола быў у нас у гасцях, мой бацька спытаў, якога Казлова (у Чачэрску гэта прозвішча было даволі распаўсюджаным) ён сын?

[caption id="attachment_79662" align="alignnone" width="600"]Іван Казлоў гартае сямейны альбом. Іван Казлоў гартае сямейны альбом.[/caption]

— Ціта Міхайлавіча.

— О, адважнага партызана, — у бацькавым голасе адчувалася павага. А маці, здаецца, Ульянай клічуць?

— Ульянай Фамінічнай.

— Смелая жанчына. Вялікай душы чалавек.

Пазней я спытаў, адкуль бацька ведае Казловых, і пачуў, што ў райцэнтры часта пераказвалі незвычайны лёс гэтай сям'і, якая прайшла суровыя выпрабаванні ў гады ваеннага ліхалецця і ў мірны час. У маёй памяці засталіся толькі яго словы пра тое, што Ціт Міхайлавіч быў удзельнікам грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў, што яго першую жонку расстралялі нацысты, а сыноў уратавала незнаёмая жанчына, якая рызыкавала сваім жыццём і жыццём уласных дзетак, што з ёй потым Ціт Міхайлавіч стварыў сям'ю і ў іх з'явіўся агульны сын, што жывуць яны згодна, дружна, у каханні.

Іншых падрабязнасцяў у бацькі не было, а цікавіцца імі ў Казловых (маіх аднакласнікаў — Колі, яго сястры Паліны і іх брата Федзі, які на два класы ішоў наперадзе нас і з якім я гуляў у адной футбольнай камандзе) было неяк няёмка, нетактоўна.

Хутчэй за ўсё, гэта незвычайная гісторыя так бы і засталася ў маёй памяці як адметны штрых чалавечых узаемаадносін і не лягла б на паперу, калі б летась, праз 58(!) гадоў пасля заканчэння школы, я не сустрэў былую аднакласніцу Паліну, з якой разам атрымлівалі атэстат сталасці. Яна працавала вольнанаёмнай пры Групе савецкіх войскаў ў Германіі, потым жыла ў расійскім Чарняхоўску, а цяпер вось з сынам у Чачэрску (муж памёр). На той свет адышлі Ціт Міхайлавіч і Ульяна Фамінічна, старэйшыя браты і сястра. А самы малодшы брат Іван на пенсіі ўжо, таксама у Чачэрску жыве. Пасля размоў з ім, Палінай і жонкай Міколы Вольгай Сямёнаўнай Казловай і пацягнулася нітачка тых падрабязнасцяў, якіх не ведаў мой бацька.

Ой, бярозы ды сосны...

«Правільна вырашыў, Ціт Міхайлавіч, — сказалі Казлову ў раённым камітэце партыі, калі былы старшыня калгаса «ХVІ партз'езд» выказаў жаданне адправіцца ў адзін з партызанскіх атрадаў, якія толькі-толькі пачалі фарміравацца на Чачэршчыне. — Там вельмі спатрэбяцца твой вопыт удзелу ў грамадзянскай вайне і арганізатарскія здольнасці»

— Аню я вазьму з сабой, за яе будзем спакойныя. Дарослая дзяўчына ўжо: і бялізну зможа памыць байцам атрада, і пакухарыць, і ў разведку схадзіць, і іншыя даручэнні выконваць. Пад маім наглядам будзе. За старэйшага Міколу хвалявацца няма чаго таксама, у войску ён, немцаў біць будзе. А вось з табой і меншымі дзецьмі як быць?

— Не хвалюйся, — адказала Ціту Міхайлавічу яго жонка Юля Раманаўна. — У вёсцы застанемся, у Сярэдніх Малынічах. Мы ж — мірныя людзі, якая ад нас можа быць шкода немцам? Ніякай. Ідзіце сабе з Богам у лес. Ды нас не забывайце толькі.

На жаль, памылялася Юля Раманаўна. Гітлераўцы адразу ж пачалі ўстанаўліваць так званы новы парадак. Рабавалі насельніцтва, прымушалі працаваць да сёмага поту, катавалі і расстрэльвалі тых, хто не выконваў распараджэнняў і загадаў. Колькасць такіх ахвяр ужо ў самым пачатку акупацыі дасягнула ў раёне некалькіх сотняў. Даведаўшыся аб усіх гэтых зверствах, Ціт Міхайлавіч вельмі ўстрывожыўся за сям'ю, што засталася ў Сярэдніх Малынічах: як яна там, ці не пагражае ёй небяспека? Прыхвасні гітлераўцаў, паліцаі, тым часам данеслі ім, што былы старшыня калгаса і яго 17-гадовая дачка ўзялі ў рукі зброю. Немцы схапілі Юлю Раманаўну, жорстка дапытвалі, дзе знаходзіцца партызанскі атрад, абяцалі, калі яе муж вернецца ў сям'ю і будзе служыць новай уладзе, Казловых ніхто чапаць не будзе.

Нічога не дабіўшыся ад жонкі партызана, карнікі расстралялі яе.

«Не пушчу!»

Факт, што на чарзе былі 14- і 6-гадовы сыны Ціта Міхайлавіча Пеця і Федзя. Загубяць іх нацысты, вырашылі вяскоўцы. І падказалі Пецю, што заставацца ў Сярэдніх Малынічах ці хавацца ў бліжэйшых населеных пунктах ім нельга: знойдуць. Той, нядоўга думаючы, пасадзіў Федзю ў саначкі і павёз праз лугавіны ў лес шукаць бацьку з Аняй. Падціскаў мароз, дзьмуў сівер... Праз нейкі час яны апынуліся ў пасёлку Слабодка, пазіраючы на хаты: пагрэцца б, адпачыць.

Разгубленых хлапчукоў заўважыла маладая прыгожая жанчына Ульяна Якутовіч. Угледзеўшыся ў іх стомленыя і сумныя вочы, зразумела: нейкая бяда ў дзяцей, патрэбна дапамога. Жанчына запрасіла хлопчыкаў у хату, пакарміла, распытала, хто яны, дзе іх бацька і маці, адкуль і куды ідуць. Даведаўшыся аб усім, Ульяна Фамінічна расчулілася, крыху падумала, а потым рашуча сказала: «Нікуды вам не трэба ісці. Будзеце жыць са мной, Палінкай і Колькам (ім было на той час два і чатыры гады адпаведна. — Аўт.). І добра запомніце: хто б ні спытаў, чые вы, адказвайце, што мае сыны, я — ваша мама, а Палінка і Колька — вашы сястрычка і брацік».

Між тым гітлераўцы спахапіліся шукаць сыноў партызана ў Сярэдніх Малынічах і Отары, у якім да вайны Ціт Міхайлавіч узначальваў калгас, шныпарылі па суседніх населеных пунктах, выклікалі на допыт вяскоўцаў, але адказ быў адзін: не ведаем. А жыхары пасёлка Слабодка, які знаходзіўся ў зарэчнай лясной зоне, трымалі дамоўленасць — у Ульяны Фамінічны Якутовіч чацвёра дзяцей, усе — родныя.

З цяжкім сэрцам, у вялікай трывозе жыў Ціт Міхайлавіч: загінула жонка, зніклі дзеці. Што з імі? Трывожыўся і атрад. Адпаведнае заданне атрымалі сувязныя, і праз некаторы час стала вядома: Пецю і Федзю прытуліла ўдава са Слабодкі Якутовіч, муж якой, каваль Сцяпан Казіміравіч, быў у 1938 годзе арыштаваны за праслухоўванне польскіх радыёперадач, сасланы ў Сібір, дзе і загінуў.

Назаўтра Ціт Міхайлавіч быў ужо ў Слабодцы. Расцалаваўшы сыноў, горача падзякаваўшы жанчыне, ён пачаў рыхтаваць падлеткаў у дарогу. Толькі дзе там! На шляху партызана паўстала Ульяна Фамінічна, нібы неадольная сцяна: нікуды не пушчу! І колькі ні ўгаворваў, колькі ні тлумачыў, колькі ні пераконваў ён гаспадыню дома, якой рызыцы яна тым самым падвяргае сябе, усё разбівалася аб яе ўпэўненасць: дзецям у пасёлку будзе лепш, чым у лесе, больш надзейна і спакойна.

[caption id="attachment_79677" align="alignnone" width="300"]Ціт Мі­хай­ла­віч і Уль­я­на Фа­мі­ніч­на з малодшымі дзецьмі. Ціт Мі­хай­ла­віч і Уль­я­на Фа­мі­ніч­на з малодшымі дзецьмі.[/caption]

Спрабаваў Ціт Міхайлавіч накіраваць да Якутовіч дачку, каб яна чыста па-жаночы пагутарыла з ёй (Ульяна Фамінічна была старэйшая за Аню ўсяго на 12 гадоў), ды толькі вынік аказаўся ранейшы. Больш за тое, у прысутнасці сястры хлапчукі называлі Ульяну Фамінічну мамай.

Ціт Міхайлавіч патаемна не-не ды наведваўся ў пасёлак, дзе пад крылом Ульяны Фамінічны знаходзіліся яго дзеці. Жанчына не рабіла розніцы паміж прыёмнай і ўласнай малечай, ставілася да ўсіх роўна, песціла, клапацілася, каб не былі галоднымі, не захварэлі. Што і казаць, жанчыне давялося неаднойчы хвалявацца, трывожыцца за сябе, за дзятву, асабліва калі ў пасёлак заяўляліся гітлераўцы і паліцаі. Ды, на шчасце, пранесла.

І тады слова ўзяў Пеця...

У канцы лістапада 1943 года Чачэрск быў вызвалены ад акупантаў, і Аня перайшла жыць да Ульяны Фамінічны, каб глядзець братоў. Праз некаторы час там з'явіўся і Ціт Міхайлавіч. Для адважнага партызана, які быў адзначаны ўрадавымі ўзнагародамі, — ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі — вайна закончылася. Яго пакідалі ў раёне для наладжвання мірнага жыцця, аднаўлення разбуранай народнай гаспадаркі. Як і раней, бацьку турбавала ўсё тое ж пытанне — сямейнае. Таму за сталом, за якім сабраліся ўсе Казловы і Якутовічы, нясмела, але ў той жа час з надзеяй, спытаў у Ульяны Фамінічны:

— Як будзем жыць далей?

— Як да вайны: кожны ў сваёй хаце, кожны са сваімі дзецьмі.

Спахмурнеў загартаваны ў баях салдат, апусціў галаву... Ды выручыў Пеця, які нешта шаптаў на вуха малодшаму брату і нечакана рашуча заявіў:

— Нікуды мы не пойдзем адсюль. Хочам быць з вамі, тата і мама.

На хвіліну адлягло на сэрцы ў Ціта Міхайлавіча, і ён зноў зірнуў на Ульяну Фамінічну: што цяпер скажа?

— Я не супраць, — крыху падумаўшы, прамовіла жанчына.

Так з'явілася новая сям'я, у якой панавалі лад і згода, паважлівыя адносіны адно да аднаго, а ўсе дзеці былі аднолькава роднымі — Аня, Пеця, Федзя, Коля, Паліна (старэйшы сын Ціта Міхайлавіча Мікола не дажыў да Дня Перамогі ўсяго некалькі дзён, ён загінуў на подступах да Берліна. — Аўт.). У 1946 годзе ў Ціта Міхайлавіча і Ульяны Фамінічны нарадзіўся яшчэ адзін сын — Іван.

Сямейная пара паклапацілася пра тое, каб дзеці атрымалі належную адукацыю, добрасумленна працавалі, былі ў гушчыні жыцця. Ціт Міхайлавіч пасля вайны ўначальваў калгас імя Молатава ў Матнявічах, быў старшынёй сельсавета, загадчыкам хлебапекарні. Памёр ён у 87-гадовым узросце. Ульяна Фамінічна займалася хатняй гаспадаркай і пайшла з жыцця ў 89 гадоў.

У памяці тых, хто іх ведаў, яны засталіся людзьмі сціплымі, якія на крылах жыцця пранеслі сваё каханне, народжанае ў вогненных віхурах вайны, і выхавалі добрых дзяцей, а тыя, у сваю чаргу, добрых унукаў і праўнукаў...

Уладзімір Пернікаў,
фота з сямейнага архіва.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.