Вы тут

Што рабіць з дзіцячымі страхамі?


Страх, трывога, неспакой у дзяцей могуць быць звязаны не толькі з рэальнай, але нават з уяўнай сітуацыяй. Дзеці могуць убачыць страшнае ў самым «нястрашным», напалохацца чаго заўгодна.

Brother and sister watching tv with their blankets

— Па вялікім рахунку, для здаровага дзіцяці страх — натуральная рэакцыя ў працэсе вывучэння навакольнага свету, — тлумачыць псіхолаг Цэнтра дружалюбнага стаўлення да падлеткаў «Поспех» Кацярына БЛІЗНЮК. — У дашкольным узросце страхі ўзнікаюць часцей, а наогул у такога пачуцця ёсць пэўныя ўзроставыя асаблівасці. Так, нованароджаныя палохаюцца рэзкіх гукаў, набліжэння вялікіх прадметаў...

У 7 месяцаў дзіця праяўляе моцны неспакой пры доўгай адсутнасці маці. Падобны страх максімальна выяўляецца ў дзяўчатак да 2,5 года і ў хлопчыкаў да 3-х гадоў.

У 8 месяцаў з'яўляецца страх перад незнаёмымі людзьмі, асабліва жанчынамі, не падобнымі на маму. Звычайна гэты страх праходзіць да сярэдзіны 2-га года (пры адсутнасці такіх неспрыяльных момантаў, як размяшчэнне ў бальніцу, падзенне, балючыя працэдуры і інш.).

У 2 гады назіраецца боязь нечаканага з'яўлення незнаёмага рэзкага гуку, болю, вышыні, адзіноты, жывёл, транспарту, які рухаецца, і асабліва — цемры.

У 3 гады з'яўляецца страх перад пакараннем. Страх у дзяцей гэтага ўзросту выяўлены значна менш, калі бацька прымае ўдзел у выхаванні, калі не прыгнятаецца пачуццё «Я» (малое павінна мець магчымасць праяўляць свае эмоцыі, перажыванні).

У 3-5 гадоў многія дзеці баяцца казачных персанажаў (Бабу Ягу, усялякіх пачвараў), болю, нечаканых гукаў, вады, транспарту, адзіноты, цемры і замкнёнай прасторы. Асабліва часта апошнія страхі сустракаюцца ў дзяцей, чые бацькі неспакойныя і ў той жа час надта прынцыповыя.

У 6 гадоў часам з'яўляецца страх смерці (сваёй і бацькоўскай), што праяўляецца ў боязі нападу, пажараў, стыхій. Дашкольнікі востра рэагуюць на канфлікты ў сям'і, і гэта ўзмацняе страхі. Страхі часта праяўляюцца пры хірургічных аперацыях у саміх дзяцей або захворванні некага з дарослых у сям'і.

У 7-8 гадоў ранейшыя страхі, як правіла, адступаюць, але з'яўляюцца новыя: боязь спазніцца, атрымаць дрэнную адзнаку — быць непаспяховым.

У падлеткавым узросце страхі сустракаюцца радзей; тут, хутчэй, можа быць агульны стан трывожнасці, страх смерці бацькоў, страх вайны.

16-19

Пералічаныя страхі часовыя, і з імі не трэба неяк спецыяльна змагацца, проста трэба падтрымаць дзіця, прымаючы такую асаблівасць яго псіхічнага развіцця. Аднак бываюць і іншыя страхі. У іх аснове — псіхічная траўма, няўменне дарослага спраўляцца з узроставымі патрэбамі дзіцяці, жорсткасць і канфлікты ў сям'і, высокая трывожнасць у бацькоў. У такіх сітуацыях страхі самі не праходзяць, патрэбна дапамога спецыялістаў (псіхолага, псіхатэрапеўта), змена стылю выхавання.

Дапамагаюць пераадолець страхі гульнявыя метады: «маляванне» страхаў, гульня ў казачныя гісторыі з добрым канцом.

Як пазбегнуць узнікнення і замацавання страхаў?

* Ніколі не зачыняйце дзіця ў цёмным незнаёмым памяшканні.

* Не палохайце (аддам чужой цётцы, прыйдзе Баба Яга, не падыходзь да сабакі, а то ўкусіць і г.д.).

* Ператварайце злых герояў у добрых (прыдумайце казкі пра тое, як Баба Яга стала добрай, як павучок дапамог дзяўчынцы выбрацца з лесу і г.д.).

* Не перагружайце фантазію дзіцяці: цацкі павінны адпавядаць узросту, таму выдаліце агрэсіўныя фільмы, мульцікі і кнігі (у 3 гады можна напалохаць і ваўком з «Чырвонага Каптурка», а 2-гадоваму недарэчы набываць робата са зброяй або мяккага кракадзіла з разяўленай пашчай).

* Рыхтуйце дзіця загадзя да паступлення ў садок і школу.

* Павышайце самаацэнку малога.

* Разбярыцеся з уласнымі страхамі. Вы можаце «заразіць» дзіця сваёй бояззю сабак, смерці, самалёта і г.д.

* Улічвайце, што больш за ўсё схільныя да страхаў эмацыянальна-адчувальныя і ўражлівыя натуры, а таксама дзеці, у якіх добра развітае ўяўленне.

Дапамажыце малому

Высветліце прычыну страху.

Усе дзеці любяць фантазіраваць, а таму скарыстайцеся гэтым: няхай дзіця малюе свае страхі, выдумляе казкі, у якіх яно моцнае ды смелае.

Калі малое баіцца цемры, замкнёнай прасторы, дык пакіньце ў яго пакоі святло, адчыніце дзверы, пакладзіце побач з ім любімую цацку. Можа спатрэбіцца цацачная зброя, якую можна пакласці побач з ложкам — каб можна было «абараняцца».

Вучыце пераадольваць страх з дапамогай гульняў, малявання, прайгравання сітуацый (калі баіцца ўрача — гуляйце ў бальніцу, баіцца цемры — гуляйце ў разведчыкаў і г.д.).

Заахвочвайце самастойнасць: няхай дзіця адчувае, што многае ўмее і ведае.

Пазбаўленне страхаў патрабуе цярпення і бацькоўскай падтрымкі. За страхі нельга сварыцца, караць, прысаромліваць.

Памятайце, што дзіця яшчэ не можа кіраваць сваімі паводзінамі, таму перакананне на словах малаэфектыўнае.

Выціснуць страх з дзіцячай душы — складаная задача, але ж пакідаць яго там нельга, таму што ў будучыні гэта можа прывесці да праблем (неўрозаў, павышанай трывожнасці, раздражнёнасці, замкнёнасці і г.д.).

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.