Вы тут

«Мяснушкі» для нехачушкі


Ці бывалі ў вашых дзяцей такія перыяды, калі зубкі ўжо ўсе ёсць, а жадання імі працаваць — няма? У прыватнасці, гаворка ідзе пра мясныя стравы. З маёй старэйшай дачушкай ва ўзросце прыкладна 2,5 года мы доўга мучыліся, прапаноўвалі ёй то адно, то другое. А потым я раптам прыгадала пра рэцэпт яшчэ са свайго дзяцінства — маленькія сушкі, начыненыя фаршам, якія бабуля называла «мяснушкамі». І яны зрабілі сапраўдны цуд — дачка настолькі палюбіла гэтую страву, што пакрысе перастала «фыркаць» на мяса наогул... Спадзяюся, наш вопыт і рэцэпт будзе карысным і для іншых маці «нехачух».

16-5

Для прыгатавання мяснушак спатрэбяцца зусім простыя прадукты: каля 200 г сушак (лепш браць «Малышок», каб дзіця магло з'есці сушку за раз), крыху малака, 100 г цвёрдага сыру, пару лыжак смятаны, алей, а для начынкі — 300 г курыцы (лепш філе) або нятлустай свініны напалам з ялавічынай, крыху пятрушкі ці кропу, соль, рэпчатая цыбуля, яшчэ па жаданні — памідор.

Сушкі пакладзіце ў міску і заліце гарачым малаком так, каб яны былі цалкам пакрыты вадкасцю. Іх трэба пакінуць набухаць на 15-20 хвілін — да такой ступені, каб цвёрдых навобмацак участкаў не засталося, але, з іншага боку, яны не павінны разваліцца.

Мяса прапусціце двойчы праз мясарубку або здрабніце ў блендары, цыбулю дробна нашаткуйце (у дадатак, калі вашы дамашнія не супраць, можна здрабніць зубок часнаку), пятрушку ці кроп вымыць, абсушыць і таксама дробна парэзаць. Усё перамяшаць у фарш, пасаліць.

Бляху змажце крыху алеем і выкладзіце на яе сушкі, а ўсярэдзіну кожнай добра ўтапчыце 2-3 чайныя лыжкі фаршу — так, каб была невялічкая горка. Зверху кожную мяснушку абмажце смятанай. Калі любіце памідоры — парэжце іх на нятоўстыя скрылікі і пакладзіце на фарш.

Запякаць мяснушкі трэба 15-20 хвілін у духоўцы, разагрэтай да 180 градусаў (калі трымаць больш, ёсць рызыка перасушыць іх, і яны зноў стануць цвердаватымі). Пасыпаць цёртым сырам раю літаральна за 5 хвілін да гатоўнасці, каб той паспеў расплавіцца, але застаўся мяккім.

Мяснушкі смачныя і ў гарачым выглядзе — як другая страва, і ў халодным — як бутэрбродзікі, напрыклад, да булёну.

Таццяна РАДЧАНКА, г. Мінск

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.