Вы тут

Хобі «з агеньчыкам»


Запалкі ёсць, бадай, у кожным доме, але ў наш час мала хто іх калекцыянуе. Што цікава, у пачатку 1960-х гадоў філуменія ў СССР была адным з шасці афіцыйна дазволеных відаў калекцыянавання (нароўні з філатэліяй, нумізматыкай і іншымі). А наогул запалкі пачалі збіраць нават раней, чым маркі!

У прыватнай калекцыі Валерыя Калясінскага больш за 1000 каробак і этыкетак. Самы стары калекцыйны асобнік выпушчаны яшчэ да рэвалюцыі. А ўбачыць іх усе можна ў віцебскай ратушы, дзе працуе выстава запалкавых карабкоў і этыкетак «Дар Праметэя».

16-14

Валерый Калясінскі — вядомы скульптар, член Беларускага саюза мастакоў і Беларускага нумізматычнага таварыства, член праўлення рэспубліканскага грамадскага аб'яднання калекцыянераў.

— Запалкі я пачаў збіраць выпадкова. Бацька складваў у запалкавыя пушкі розныя дробязі. Калі карабкоў стала шмат, зацікавіўся і пачаў збіраць іх. І мне сталі трапляцца на вочы вельмі цікавыя экзэмпляры. На сёння ў калекцыі больш за 1000 каробачак і этыкетак. Вельмі цікавая і асобная калекцыя запалак з выявай гербоў гарадоў Беларусі, — расказвае Валерый Францавіч.

Ён доўга і з любоўю разважае пра сваё хобі і вельмі перажывае, што ў век інтэрнэту многія вытворцы запалак не вельмі клапоцяцца пра знешні выгляд прадукцыі. У прыватнасці, прадаюцца каробкі без наклеек, а выява проста наносіцца на кардон. Мо яшчэ і таму мала хто ў наш час збірае пачкі запалак — з-за таго, што яны сталі вельмі «тыповымі». А калісьці над стварэннем найлепшых узораў запалкавых этыкетак працаваў цэлы шэраг спецыялістаў: мастакі, фатографы, тэкставік, вытворчыя работнікі. У савецкі час наогул была наладжана строгая сістэма кантролю за распрацоўкай сюжэтаў малюнкаў і клішэ, з якіх друкаваліся этыкеткі.

— Запалкавыя этыкеткі — нядрэнны матэрыял, па якім можна вывучаць гісторыю. Этыкетка — фактычны «дакумент» развіцця грамадства, шмат у чым гэта нават візітная картка краіны. Савецкі Саюз быў самым буйным экспарцёрам запалак, і ў 1960-х гадах выйшаў на першае месца ў свеце па іх вытворчасці. Запалкавая этыкетка тады стала вельмі магутным сродкам прапаганды і рэкламы. Савецкія этыкеткі перадаюць атмасферу таго часу: па іх відаць, як выхоўвалі чалавека, адчуваецца дух эпохі. Плошча этыкеткі была полем для фантазіі і ілюстрацыяй добрых якасцяў тэхнічных дасягненняў, узнагарод і іншых заслуг, — працягвае Валерый Францавіч.

[caption id="attachment_79675" align="alignnone" width="400"]Эк­зэмп­ля­ры з ка­лек­цыі. Эк­зэмп­ля­ры з ка­лек­цыі.[/caption]

На калекцыйных запалкавых этыкетках можна ўбачыць выявы помнікаў культуры, твораў мастацтва, сюжэты з фальклору ці класічных твораў літаратуры, фотаздымкі выдатных людзей сучаснасці. На каробках друкуюць і партрэты дзеячаў навукі і мастацтва, нацыянальны арнамент, сюжэты з гісторыі, выявы цацак, змяшчаюць «партрэты» прадстаўнікоў флоры, фаўны. Не рэдкасць у сюжэтах і прыказкі, прымаўкі, лозунгі, заклікі і засцярогі, звязаныя, напрыклад, з небяспекай агню...

Збіранне запалкавых этыкетак — насамрэч адзін з самых старых відаў калекцыянавання мініяцюрных графічных малюнкаў. Збіраць этыкеткі пачалі яшчэ ў 1830-я гады — нават раней, чым з'явілася першая паштовая марка.

— Цікава, што рускае слова «спичка» паходзіць ад слова «спіца», гэта значыць, вельмі тонкая драўляная палачка. Чыркаючы запалкай аб пушку, мы нават не задумваемся пра гісторыю гэтай вельмі практычнай і дзіўнай вынаходкі цывілізацыі. Між тым, разводзіць агонь у старажытнасці было вельмі складанай справай: яго здабывалі трэннем або высяканнем. І нават пасля вынаходства крэсіва, якое атрымала паўсюднае распаўсюджванне ў Сярэднявеччы, яго распальванне патрабавала немалых высілкаў і пэўнага спрыту, паколькі высяканне іскры было ў гэтым «апараце» самым непрыемным момантам. І толькі потым хтосьці прыдумаў змяшчаць кончык сухой лучынкі ў папярэдне расплаўленую серу... А самыя першыя запалкі сучаснага ўзору былі вынайдзены ў 1833 годзе, калі ў масу для запалкавых галовак быў уведзены жоўты фосфар, — тлумачыць нюансы суразмоўца.

У гады існавання СССР цана запалак была мінімальнай — 1 капейка за карабок, у якім было прыкладна 60 сернікаў. А самыя першыя фосфарныя запалкі ў Расію былі прывезены з-за мяжы, і каштавалі зусім нятанна — рубель серабром за 100 штук. Зрэшты, ужо праз некалькі гадоў у краіне з'явіліся свае ўласныя фабрыкі. Адпаведна ў выніку вельмі рэзка ўпала цана на запалкі: прыкладна да 3-5 капеек за 100 запалак.

Росквіт філуменіі ў СССР прыпадае на 1960-1980 гады. Тады Балабанаўская эксперыментальная запалкавая фабрыка, на якой друкаваліся этыкеткі для большасці запалкавых фабрык, выпускала спецыяльныя наборы для калекцыянераў. Як і прыбалтыйскія фабрыкі, якія друкавалі свае этыкеткі самастойна.

У канцы 1980-х гадоў такая «вытворчасць для калекцыянераў» была спынена. Гэта адбылося з-за пераходу многіх фабрык на запалкі ў кардонных каробках, а не ў скрыначках са шпону. Пасля 1991 года захапленне філуменіяй рэзка пайшло на спад, і большасць тэматычных секцый, створаных яшчэ ў канцы 1950-х — пачатку 1960-х гадах, спынілі сваё існаванне.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

*Вы ведалі, што?

* Галоўка запалкі награваецца да 1500 градусаў.

* Першыя фосфарныя запалкі былі вельмі вогненебяспечныя. Яны загараліся нават ад узаемнага трэння ў каробцы і пры трэнні аб любую цвёрдую паверхню, напрыклад, падэшву бота.

* Музеі запалак ёсць у Швецыі, Швейцарыі, Германіі і ў Расіі — у горадзе Рыбінску.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.