Вы тут

Мае ветэранкі


Афіцэр у адстаўцы Васіль Мікуліч з Барысава даверыў рэдакцыйнай пошце здымак, якому ўжо больш за паўвека — фатаграфія зроблена ў 1954 ці 1955 годзе.

16-3

«А расказаць хацелася б найперш пра маіх бабак: Параску і Жэню (на здымку яны сядзяць па краях), — піша наш чытач. — Памятаю, бацька запрог нам каня, і мы — гэта бабуля Параска (на фота ў белай хусцінцы), я (сяджу побач з бабкай) і мой дзядзька, малодшы бабчын сын Міша (ён стаіць за мною) выправіліся з вёскі Закальное Любанскага раёна ў вёску Сосны, у апеты Янкам Купалам у паэме «Над ракой Арэсай» саўгас «10 гадоў БССР». Ехалі, каб наведаць малодшую дачку бабы Параскі цётку Шуру (на фота яна сядзіць у цэнтры са сваёй дачкой Аняй) і родную бабчыну сястру, бабу Жэню.

Баба Жэня працавала ў тым саўгасе даяркай з самага яго заснавання, мела за працу ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэн «Знак Пашаны», шмат медалёў, ды наогул была ў вялікай пашане. З-за адданасці працы і замуж не выйшла — затое забрала да сябе ў 15 гадоў маю цётку Шуру, і тая таксама ўладкавалася працаваць даяркай у той жа саўгас. ...Але потым, як баба Жэня цяжка захварэла і ў яе адняліся ногі, стала яна нікому, акрамя родных, не патрэбна. Вельмі мучылася, бедная. У бальніцу яе не бралі, бо не ведалі, як лячыць. Так і ляжала дома ў цёткі Шуры, бо сваёй хаты не мела — у двухпакаёвым дашчаным бараку, што прадзімаўся ўсімі вятрамі... Там і памерла.

Бабка Параска ў 1942 годзе, як дзед загінуў на фронце, засталася ўдавою з 6 дзецьмі. Мая мама ў 14 гадоў была старэйшая, а малодшы, Міша, нарадзіўся якраз у 1942 годзе. Іх дзіцячыя ўспаміны пра жыццё падчас вайны і дагэтуль нельга слухаць без слёз: як збіралі з палёў гнілую бульбу, здабывалі з яе крухмал, дабаўлялі мякіну і варылі нейкі кісель, каб хоць так прыглушыць пачуццё голаду. З прыходам цяпла станавілася трохі лягчэй — з'яўляліся лебяда, крапіва, а пазней ужо ягады і грыбы... Да таго ж вяскоўцам ратунку не было ад так званых «партызанаў» (менавіта так, у двукоссі!) — гэтыя людзі прыходзілі па начах і выграбалі ўсё, што можна было ўзяць, і ніякія мальбы і просьбы, што ў сем'ях галодныя дзеці, пад увагу не браліся. Маму ў 1943 годзе забралі спачатку для адпраўкі на прымусовыя работы ў Германію, але ўсю дарогу да Любані яна так плакала, што калі праводзілі медыцынскі агляд, у яе ўзняўся крывяны ціск, і немцы адпусцілі яе дадому. 25 кіламетраў да роднай хаціны бегла босая...

Бабка Параска, нягледзячы на тое, што жылося ёй вельмі цяжка, была на дзіва добрай, уважлівай, ласкавай і чулай жанчынай не толькі для сваіх дзяцей і ўнукаў, але і да іншых людзей. Зла нікому не помніла, верыла ў Бога і ўсім даравала.

Яшчэ ў адной сястры бабы Параскі — Аўдулі — таксама быў няпросты лёс. Яна, як і баба Жэня, замуж не выйшла і дзяцей не мела, таму ў маладосці яе неаднаразова бралі «па вярбоўцы» на будоўлі пад Масквой і ў Сібіры. І хоць яны лічыліся вольнанаёмнымі, жыццё іх, па ўспамінах, было не нашмат лепшым, чым у зняволеных, якія працавалі побач.

Таму, калі заходзіць гаворка пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны — хоць на вайне з першага да апошняга дня былі мой бацька і яго малодшы брат, хоць загінулі на фронце мой дзед і старэйшы бацькаў брат, — я лічу, што самымі вартымі пашаны ветэранамі з'яўляюцца мае бабкі, мая маці і мільёны нашых жанчын, якія на сваіх хворых плячах вынеслі той неймаверны цяжар. І, на вялікі жаль, многім з іх за гэта яшчэ не адплачана...»

* * *

Паважаныя чытачы! Другі сезон конкурсу «Фотаздымак з гісторыяй» працягваецца. Мы па-ранейшаму чакаем ад вас цікавых фота з сямейнага альбома (за выключэннем леташніх здымкаў з курорта, вясельных фотасесій і сучасных фота дзяцей). Вам ёсць што паказаць і расказаць? Давайце пагартаем сямейныя альбомы разам! Фотаздымкі з гісторыяй (не больш за тры) дасылайце з адпаведнай пазнакай на адрас: 220013, г. Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага, 10а або іnfо@zvуаzdа.mіnsk.bу. Аўтар найлепшага фота з гісторыяй будзе адзначаны прызам. Арыгіналы дасланых фотаздымкаў абавязкова вяртаюцца аўтарам.

 

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.