Вы тут

Самы лепшы ўзрост у жыцці


Сацыёлагі з брытанскага цэнтра даследаванняў абвясцілі, што высветлілі, які ўзрост у жыцці чалавека найлепшы. Раней гэтая лічба называлася вельмі прыблізна — паміж 25 і 60 гадамі. Цяпер жа навукоўцы, распытаўшы 2 тысячы рэспандэнтаў ва ўзросце 40+, выявілі, які ўзрост людзі палічылі найшчаслівейшым для сябе, а таксама якія ключавыя фактары робяць чалавека шчаслівым на розных этапах жыцця.

Пытанне самага шчаслівага часу ў жыцці цікавіла даследчыкаў і раней. Напрыклад, у 2013 годзе псіхолагі з Лонданскай школы эканомікі на базе анкетавання 20 тысяч людзей з розных краін свету пралічылі, што ў лёсе кожнага сярэднестатыстычнага чалавека ёсць два «пікі шчасця» — 23 гады, калі чалавек малады, пазбаўлены негатыўнага вопыту і поўны надзей, і 69 гадоў, калі ён назапасіў жыццёвую мудрасць і ведае цану вечным каштоўнасцям. Крыху раней брытанскія сацыёлагі ўказалі ў якасці «ўзросту шчасця» лічбу 58 — менавіта яе часцей за ўсё называлі ў апытанні большасць з 1000 пенсіянераў, старэйшых за 60 гадоў.

Як сцвярджаюць аўтары свежага даследавання, большасць сталых людзей называюць максімальна шчаслівым узростам 34 гады, бо да гэтага моманту звычайна той, хто жадаў, ужо здолеў рэалізаваць сябе: стварыць сям'ю і нарадзіць дзяцей, атрымаць адукацыю, дасягнуць поспехаў у кар'еры і адкласці пэўны капітал. Зрэшты, пагаджаюцца навукоўцы, адчуваць сябе шчаслівым можна ў любым узросце, толькі прычыны для гэтага будуць адрознівацца. Якія ж фактары найбольш каштоўныя для асноўных узроставых катэгорый?

20+

* Маладосць і здароўе.

* Менш адказнасці і больш свабоды, чым у старэйшага пакалення.

* Большасці людзей падабаецца свая знешнасць.

* Многія бяруць шлюб.

* Усе заробленыя грошы можна траціць на сябе.

* Сустрэча з першым сапраўдным каханнем, самыя кранальныя спатканні і бурныя раманы.

* Усе блізкія яшчэ побач.

* Нараджэнне першынца.

* Мноства стасункаў з цікавымі людзьмі.

* Час актыўных вандровак.

30+

* Шчасце бачыць, як растуць дзеці, і выхоўваць іх.

* Сустрэча з сапраўдным каханнем.

* Прыходзіць уменне цаніць дробныя радасці жыцця.

* Падарожжы набываюць новы смак.

* Выпрацоўваецца ўменне прымаць правільныя рашэнні.

* Уздым па кар'ернай лесвіцы, добры заробак.

* Асэнсаванае ўступленне ў шлюб.

* Атрыманне новай працы ці змена прафесіі.

* Набыццё ўласнага дома.

* Пераезд на новае месца жыхарства.

40+

* Адчуванне ўнутранай гармоніі.

* Асалода ад сямейнага жыцця.

* Сустрэча са сваім каханнем.

* Удасканаленне бацькоўскага вопыту, баўленне часу з падрослымі дзецьмі.

* Зноў з'явіўся час для сябе, хобі і захапленняў.

* Адчуванне сябе паспяховым чалавекам.

* Удалося адкласці зберажэнні, забяспечыць матэрыяльны дабрабыт.

* Уступленне ў шлюб (для многіх — паўторна) або пачатак жыцця «з чыстага ліста» пасля разводу.

* Пераезд у новы, больш прасторны дом.

* Клопат пра здароўе і знешні выгляд прынёс плён: удалося пахудзець, прывесці сябе ў форму.

50+

* Дасягненне фінансавага і псіхалагічнага камфорту.

* Працы стала менш, а часу на сябе — больш.

* Зноў можна падарожнічаць.

* З'яўленне ўнукаў.

* Дзеці пачалі жыць самастойна.

* Уступленне ў шлюб.

* Выхад на пік кар'еры.

* Пазбаўленне ад колішніх хвароб ці шкодных звычак.

* Адзначэнне «круглых» гадавін сямейнага жыцця, сустрэчы з роднымі і блізкімі.

* Адчуванне сябе ў добрай форме, калі спалучаюцца жыццёвы вопыт і энергія.

60+

* Выхад на пенсію.

* Магчымасць вандраваць, самастойна выбіраючы маршруты.

* З'явіўся час засяродзіцца на ўласных хобі і інтарэсах.

* Можна працаваць толькі дзеля ўласнага задавальнення.

* Прыйшло ўменне цаніць кожны момант у жыцці.

* Нарэшце можна расслабіцца: больш нікому нічога не трэба даказваць.

* Можна атрымліваць новыя веды, шукаць аднадумцаў па захапленні.

* З'яўленне ўнукаў ці праўнукаў.

* Ёсць час надаць належную ўвагу свайму здароўю.

*Уступленне ў шлюб.

Што адметна, адзін з ключавых фактараў шчасця — каханне і шлюб — узгадвалі прадстаўнікі ўсіх узроставых катэгорый, праўда, значнасць рамантычных пачуццяў ацэньвалі па-рознаму. Яшчэ цікавая дэталь: большасць апытаных адзначылі, што, хоць пачуццё настальгіі па падзеях маладосці ў іх дастаткова моцнае, але з узростам яны ўсё ж сталі шчаслівейшымі.

Тых, хто палічыў сябе наогул няшчаснымі ў жыцці, аказалася няшмат — усяго 10% ад агульнай колькасці. Амаль палова апытаных ацанілі сваё жыццё ў цэлым як шчаслівае, яшчэ прыкладна 40% адзначылі, што было ўсяго пароўну. А адным з найважнейшых сакрэтаў шчасця, паводле высновы навукоўцаў, з'яўляецца ўменне цаніць радасці кожнага ўзросту, не шкадаваць пра ўпушчаныя магчымасці і не мучыць сябе ўспамінамі аб дапушчаных памылках...

 

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.