Вы тут

Аналагаваму эфірнаму тэлебачанню застаўся месяц


А ў кожнай вобласці запрацуе рэгіянальны тэлеканал «Беларусь 4»

Ужо больш за паўтара года ў краіне паступова адключаюцца старыя аналагавыя тэлевізійныя перадатчыкі. Дзень «Х», калі апошнія з магікан сыдуць у гісторыю тэхнікі, прыйдзе зусім хутка — 15 мая. І калі вы не паспелі дагэтуль набыць лічбавы тэлевізар ці спецыяльную прыстаўку, якая перакадзіруе сігнал для старэнькага аналагавага апарата, паспяшайцеся зрабіць гэта як мага хутчэй.

Зараз жа ў краіне створана развітая сетка наземнага тэлевізійнага вяшчання стандарту DVB-T і DVB-T2. Прыём агульнадаступнага першага мультыплексу, які складаецца з васьмі тэлепраграм і аднаго радыёканала, магчымы зараз на 98 працэнтах тэрыторыі краіны. Ахоп насельніцтва другім і трэцім мультыплексамі, у якіх вядзецца камерцыйнае вяшчанне, крыху меншы — 92 і 89 працэнтаў. Аднак і гэтыя лічбы стануць большымі.

— Яшчэ ў 2006 годзе ў Жэневе было падпісана пагадненне аб тым, што да 17 чэрвеня 2015 года эпоха аналагавага вяшчання ў дэцыметровым дыяпазоне павінна ў свеце скончыцца, — расказвае начальнік сектара тэлебачання, радыёсувязі і радыёвяшчання Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Віктар Зайцаў. — Апошнія беларускія радыётэлевізійныя перадаючыя станцыі, якія зусім хутка канчаткова пяройдуць на лічбу, размешчаны ў Століне, Браславе, Мазыры, Салігорску, Старых Дарогах, Крупках, Бычысе, Стрэльчыках, Тракеніках і Калодзішчах.

Пераход на лічбавае тэлебачанне нясе з сабой не толькі паляпшэнне якасці сігналу ў параўнанні са старым фарматам, але і значную эканомію электраэнергіі. Па звестках галоўнага інжынера прадпрыемства «Беларускі радыётэлевізійны перадаючы цэнтр» Андрэя Караіма, у 2005 годзе аналагавыя перадатчыкі спажылі 21 з паловай мільён кілават-гадзін. А вось на працу агульнарэспубліканскай сеткі лічбавых рэтранслятараў, па разліках, спатрэбіцца толькі 6,5 мільёна кілават-гадзін.

Акрамя гэтага, у беларускай тэлевізійнай прасторы зусім хутка запрацуе новы незвычайны тэлеканал.

— Мы падтрымалі ініцыятыву Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь па стварэнні ў краіне рэгіянальнага тэлеканала «Беларусь 4», — паведаміў начальнік упраўлення электронных СМІ Міністэрства інфармацыі Уладзімір Ядранцаў. — Але гэта будзе не проста адна кнопка. Пад агульнай назвай будуць аб'яднаны ўсе рэгіянальныя тэлеканалы, якія запрацуюць у кожнай вобласці. У Гомелі, Віцебску, Брэсце, Магілёве створаны выдатныя вытворчыя базы. Аднак яны, на жаль, вяшчаюць вельмі мала — невялікімі адрэзкамі часу раніцай і ўвечары. Цяпер яны займеюць магчымасць выходзіць у эфір на працягу ўсяго дня. І карысць ад гэтага будзе вельмі вялікая для ўсіх — як для невялікіх рэгіянальных тэлекампаній, так і для гледачоў.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.