Вы тут

Распусціў рукі — пакінь сваю хату!


Як справіцца з гультаямі і хатнімі тыранамі

Сярод новых мер перавыхавання сямейных дэбашыраў ёсць і такая: нейкі час ім забараняюць прыходзіць дадому. Нават тэлефанаваць. Міжвольна ўспамінаюцца амерыканскія фільмы, у якіх героям па рашэнні суда забараняецца набліжацца да жонкі, дзяцей на канкрэтную адлегласць. Аналагічнае, але з «беларускім акцэнтам» ёсць цяпер і ў нас. Але ж такім чынам караюцца толькі тыя, хто скандаліць, стварае дыскамфорт для блізкіх людзей. Апошнім, дарэчы, можна схавацца ў спецыяльных «крызісных пакоях».

16-40

А На працы — анёл...

Яшчэ і гадзіны дня няма, а ён у такім стане, хоць у медвыцвярэзнік адпраўляй. Нямыты, няголены, пахне ад яго, мякка кажучы, вельмі не прыемна. На выгляд гадоў пад 60, а нарадзіўся ж у 1975-м.

— Хварэю я. Грып у мяне! Лячуся, — тлумачыць свой стан таварыш, які ледзь стаіць на нагах.

— Злоўжываеце спіртным. А ў такі час, як зараз на гадзінніку, нармальныя людзі працуюць, а вы... Жывяце на мамчыну пенсію, а ёй, замест дзякуй, скандалы, — перавыхоўвае гультая на маіх вачах капітан міліцыі, старшы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Кастрычніцкага раёна г. Віцебска Вольга Шумская. Гэтай абаяльнай жанчыне даводзіцца працаваць з такімі асацыяльнымі элементамі. Выхоўвае, як непаслухмяных малых, каб узяліся за розум.

— Як вы давялі да такога стану сябе? Зразумела, алкагалізм да дабра не даводзіць! Хворы вы? Дык вас лячыць трэба — толькі не ў паліклініцы, а ў лячэбна-працоўным прафілакторыі, — звяртаецца да гэтага ж гультая і адначасова хатняга скандаліста намеснік начальніка аддзела па наглядзе за дазнаннем пракуратуры Віцебскай вобласці Юрый Амброс.

Яшчэ аднаго «джэнтльмена ўдачы» чатыры разы прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за скандалы ў нецвярозым выглядзе. На 5 сутак быў выселены з дома. Калі вярнуўся, зноў пачаў канфліктаваць.

— На шлях выпраўлення не стаў. І яго паўторна папярэдзілі, што зноў будзе вынесена ахоўнае прадпісанне. У выніку не зможа не толькі дамоў прыходзіць, але і тэлефанаваць тым, каго крыўдзіў... Дзве камісіі для накіравання яго ў лячэбна-працоўны прафілакторый адбыліся, — тлумачыць Вольга Шумская.

Яшчэ адзін гультай, які не працуе, усё скардзіўся на цешчу.

— Я жонку сваю кахаю, паверце! І дзяцей люблю! Толькі вось цешча літаральна жыцця не дае! Як вам растлумачыць? Каб не яна, усё ў нас было б добра! — ледзь не плакаў ён.

Слухаў я яго і стараўся зразумець. Так, ёсць цешчы — не падарунак, мякка кажучы. Але ж ты — мужык або хто? Біць жанчыну — подла. А калі так ужо яе маці не падабаецца, дык зарабляй добрыя грошы, каб зняць кватэру... Не? Прасцей апраўданні шукаць.

Здзівілі
і «кандыдаты»

Малады мужчына параўнальна прэзентабельнага выгляду, але пастаянна дома скандаліць. Яго папярэдзілі, што калі паведамяць пра гэта па месцы працы, той можа страціць добрую пасаду. Ён — матарыст у рачным порце. Там стабільна выплачваюць даволі неблагія грошы... Насамрэч, атрымліваецца, што на працы ён — «анёл», а дома — тыран?

Яшчэ адзін адсядзеў за кратамі за тое, што нажом парэзаў жонку брата. Працуе, але дома паводзіць сябе па-ранейшаму: скандаліць, хаміць... Яго папярэдзілі, што калі забарона з'яўляцца дома падасца «казкай», могуць пакараць і больш жорстка.

Скандалістаў працаздольнага ўзросту можна адправіць у вышэйзгаданы прафілакторый. А што рабіць з «агрэсіўнымі» пенсіянерамі? Па законе, яны не гультаі. Жывуць па прынцыпе: заслужыў пенсію і буду жыць, як хачу...

— Учора быў у мяне дзень нараджэння. Выпіў няшмат. Раніцай участковы забраў. За што? Я законы не парушаю. Так, прадпісанне выносілася. Я дома нікога не крыўдзіў. У трохпакаёвай кватэры з былой жонкай жыву. Так, у разводзе, дзеці дарослыя... Трохі выпіваю. Драпіна ў мяне на галаве адкуль? На Кубе быў восем разоў. Да пенсіі працаваў штурманам на судне, — адказвае на мае пытанні скандаліст пенсійнага ўзросту. А драпіна ж у яго «свежая». Адкуль, не памятае. Ад яго непрыемна пахне «перагарам».

Такі ж скандаліст-пенсіянер з дачкой канфліктуе. Тройчы на працягу чатырох месяцаў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за прычыненне ёй псіхічных і фізічных пакут. Пастаўлены на ўлік. Атрымаў афіцыйнае папярэджанне. Ведае, што можа на час быць пазбаўлены права жыць у сваёй жа кватэры...

Дапаможа «крызісны» пакой

— Напрыканцы мінулага года быў прыняты закон «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў». Ён дае новыя магчымасці для рашэння праблем гвалту ў сям'і. Размова ідзе пра ахоўнае прадпісанне. Згодна з ім, пасля афіцыйнага папярэджвання вінаваты на працягу ад 3 да 30 сутак пазбаўляецца права пражываць там, дзе скандаліў. Забараняецца нават тэлефанаваць тым, каго крыўдзіў. Летась такім чынам было вынесена 60 папярэджанняў, за тры месяцы бягучага года — ужо 40. Калі сваякі два разы за год звернуцца ў міліцыю і раскажуць пра абразы, пагрозы і іншае, гэтага дастаткова. А яшчэ ў якасці пакарання выкарыстоўваюцца штраф, адміністрацыйны арышт, — тлумачыць карэспандэнту «Звязды» намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Пранько.

Каб скандалісты, якім недзе правесці «час ізаляцыі», не апынуліся на вуліцы, плануецца іх накіроўваць ва ўстановы для бяздомных. Прапрацоўваюцца і іншыя варыянты.

А што тычыцца пацярпелых ад пагроз і агрэсіі, у кожным раёне Віцебшчыны адкрылі так званыя «крызісныя» пакоі. Яны ўяўляюць з сябе пакоі ў інтэрнатах або кватэры з дзяржаўнага жыллёвага фонду. Дзе менавіта яны знаходзяцца — сакрэтная інфармацыя. Трапіць туды проста. Калі, напрыклад, вы ведаеце, што можа адбыцца чарговы скандал, тэлефануйце ў міліцыю, на агульнанацыянальную «гарачую лінію» (8-801-100-8-801). Па тэлефоне атрымаеце ўсю неабходную інфармацыю. Пражыванне і харчаванне ў «крызісных пакоях» — за свой кошт. Як правіла, там могуць знаходзіцца сваякі дэбашыраў да 10 дзён.

— У асобных выпадках тэрмін пражывання можа быць падоўжаны. Грамадзяне паралельна атрымліваюць юрыдычную дапамогу і псіхалагічнае кансультаванне. Сёлета па дапамогу звярнуўся толькі адзін чалавек. Пенсіянерка расказала, што ўнук адбірае грошы і збівае яе. Яна на дзень была адпраўлена ў такі пакой, — расказвае «Звяздзе» загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Кастрычніцкага раёна г. Віцебска Людміла Сцёпкіна.

Днямі журналіста «Звязды» запрасілі на паказальнае пасяджэння ў РАУС Кастрычніцкага раёна Віцебска. Падчас мерапрыемства сямейнага скандаліста выселілі з дома на 10 сутак. А 7 яго «сабратаў па сямейным гвалце» атрымалі папярэджанні. Асаблівую ўвагу людзі ў форме надалі гультаям. Тыя, хто не на пенсіі, павінны працаваць! Ды не проста, каб міліцыянеры ды пракуроры «адчапіліся», а старанна. І каб дома паводзілі сябе нармальна. Інакш... чытайце пачатак артыкула.

Пасяджэнне, куды запрасілі гультаёў і скандалістаў, адбылося ў рамках рэспубліканскай прафілактычнай акцыі «Дом без гвалту». Ёсць над чым задумацца. На Віцебшчыне з пачатку года назіраецца павелічэнне колькасці забойстваў у сем'ях. Брат забівае брата, сын — бацьку... Павялічылася і колькасць прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў (у 4 разы (!) у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года). Менавіта для прафілактыкі гэтага жаху, а не для справаздачы, і праводзілася акцыя.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».