Вы тут

Мама мыла... варыць!


Гісторыя пра тое, як дэкрэтны водпуск можна спалучаць з ажыццяўленнем творчых мар

Мінчанка Настасся ГАЛКОЎСКАЯ па адукацыі юрыст, працавала ў банку, але падчас дэкрэтнага водпуску «перакваліфікавалася» ў сапраўднага мылавара, да якога па парады звяртаюцца дзясяткі дзяўчат. Карэспандэнты «Звязды» на свае вочы ўбачылі, як функцыянуе хатняя мылаварня.

IMG_5560

Варыць мыла і ствараць з яго разнастайныя фігуры Насця пачала 5 гадоў таму, калі яшчэ вучылася на трэцім курсе юрфака БДУ.

— У пэўны момант мне захацелася знайсці сабе творчае прымяненне, — кажа Насця, якая сустракае нас на парозе сваёй кватэры з маленькім сынам Ягорам. — Разглядала розныя варыянты, пакуль не натрапіла ў інтэрнэце на артыкул аб тым, што дома таксама можна варыць мыла. Я літаральна загарэлася гэтай ідэяй! Хутка набыла ўсе інгрэдыенты і неўзабаве ўжо ўдзельнічала ў выстаўцы-кірмашы «Млын».

Насця з усмешкай кажа, што на той час яна была ў сталіцы адной з «піянерак» мыльнай справы.

— Людзі прыходзілі на кірмаш, глядзелі на мае вырабы вялікімі вачыма і не верылі, што ўсё гэта зроблена з мыла. Падобнае ў той час было ў навіну, а цяпер добрую частку вырабаў, што выстаўляюць майстры на «Млыне», складаюць мыльныя. Мылаварэнне — гэта сёння даволі распаўсюджаны занятак.

Гаспадыня паказвае свой «мыльны заводзік», які размяшчаецца... на кухні. Спецыяльнага абсталявання, якое мы «намалявалі» ў сваіх думках, тут няма. Галоўным прыборам з'яўляецца мікрахвалёўка, у якой многія мылавары растопліваюць мыльную аснову.

— Дарэчы, якія інгрыдыенты патрэбны для таго, каб зварыць дэкаратыўнае мыла?

— Па-першае, мыльная аснова, — пачынае пералік суразмоўца і дастае зарыхтаваны брусок, які нагадвае кавалак лёду. — Гэта ўжо прыгатаванае мыла. Толькі натуральнае, без хімічных дабавак. Раней я набывала англійскую аснову, а праз пэўны час перайшла на беларускую. Лічу яе больш якаснай.

Тым часам сын нашага мылавара выцягвае з-пад стала пакет з лістамі разнастайных сіліконавых формаў для выпечкі. Фігуркі вельмі розныя: ад Мікі Маўса да пірожных і велікодных яек.

— Менавіта такія формы, запоўненыя нарэзанай асновай, ставяць на 20-30 секундаў у ЗВЧ-печку, каб растапіць напаўняльнік. Потым дастаюць, у форму дабаўляюць араматызатары, фарбавальнікі. А калі ўсё змесціва застывае (праз 10-20 хвілін), мыла для большай прыгажосці можна пасыпаць слюдой альбо бліскаўкамі.

— А дзіця не перашкаджае ў такой далікатнай працы?

— Ягорка ў нас з мужам непатрабавальны. У іншым выпадку з сынам застаецца муж, а я зачыняюся на кухні і працую.

— Цікава, а якія фігуркі з мыла ў цябе найчасцей замаўляюць?

— Некаторы час я была індывідуальнай прадпрымальніцай, і мяне прасілі падрыхтаваць святочныя наборы: мыла з сэрцайкамі, любоўнымі матывамі, упрыгожанае рознымі надпісамі. Адзін гандлёвы пункт папрасіў зрабіць падарункавае мыла для сваіх кліентаў.

IMG_5537

Дарэчы, у мылавараў таксама ёсць паняцце «не сезон». Большасць заказаў майстры атрымліваюць напярэдадні свят: Новага года, Дня святога Валянціна, 8 Сакавіка... У астатні час мыла замаўляюць нячаста.

— Напэўна, шмат прыходзіцца выдаткоўваць сродкаў на закупку мыльнай асновы і ўсіх гэтых араматызатараў...

— 100 кілаграмаў мыльнай асновы, напрыклад, абыдуцца ў 6 мільёнаў рублёў. Але пры добрай працы грошы можна хутка вярнуць і атрымаць прыбытак.

— Насця, а ці можаш уявіць, што і ў 40 гадоў ты таксама будзеш варыць мыла?

— Наўрад ці. Хіба толькі ў тым выпадку, калі буду трымаць сваю крамку, кіраваць вытворчасцю, зарабляць гэтым добрыя грошы. Хочацца ўдасканальвацца. Нягледзячы на гэта, я маю шмат ідэй, якія хацелася б ажыццявіць. Напрыклад, усе бачылі магніцікі з выявамі вядомых мясцін сталіцы. А чаму б не намаляваць на кавалачку мыла той жа Чырвоны касцёл? Мне здаецца, было б вельмі прыгожа.

Тарас ШЧЫРЫ

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».