Вы тут

«Місіс Клепікава, вам пашанцавала...»


Сённяшні наш аповед — пра дзяўчынку з глухой пасляваеннай сібірскай вёскі і яе велізарную любоў да Індыі. І пра тое, як ажыццявілася нязбытная, на першы погляд, мара — трапіць у гэтую далёкую экзатычную краіну. І не проста трапіць, а пасябраваць з мясцовымі жыхарамі, выступіць на індыйскім радыё, убачыць, як здымаецца кіно ў студыі яе куміра Раджа Капура. Гэты аповед — пра тое, што трэба верыць і марыць, пра цуд, якому ёсць месца ў любым чалавечым лёсе.

16-21

Вось дык супербабуля!

Вясёлая, смяшлівая, абаяльная Надзея Іванаўна сустракае мяне на парозе і тут жа захоплена пачынае распавядаць пра конкурс капялюшыкаў у «Клубе бабуль» сталічнага Цэнтральнага раёна, у якім удзельнічала пару тыдняў таму. «Шэсць мужчын ацэньвалі нас, але вырашылі, што пераможа дружба. Бо ўсе так стараліся... І яны пабаяліся каго-небудзь пакрыўдзіць, — весела кажа яна і паказвае свой капялюшык. — Я папрасіла яго ў нявесткі. Тая зняла свой вясельны з антрэсоляў. А я ўпрыгожыла яго кветкамі і пайшла на конкурс. А потым — у фотаатэлье, што побач з домам, фатаграфавацца»...

У «Клубе бабуль» Надзея Клепікава не так даўно. А трапіла яна сюды, на першы погляд, зусім выпадкова: па дарозе з дачы ў Мінск у аўтобусе пазнаёмілася з жанчынай, якая і запрасіла яе: «Прыходзьце да нас на вул. Чырвоную, 3 — будзе весела!».

Так Надзея Іванаўна стала членам клуба, набыла верных сябровак і нават стала супербабуляй — выйграла гэтае званне ў гарадскім конкурсе два гады таму. Надзела сары, праспявала індыйскую песеньку, прыгатавала стол... І ўсім спадабалася!

Сапраўднае шаўковае сары, уменне спяваць па-індыйску... Адкуль усё гэта ў звычайнай жыхаркі беларускай сталіцы?

Назаўжды ўлюбілася ў Індыю

— Нарадзілася я за паўтара года да вайны, у глухой сібірскай вёсачцы, за 75 кіламетраў ад Барнаула. За 50 метраў ад дома — лес... З тых жа мясцін, дарэчы, спявачка Маша Распуціна, гумарыст Міхаіл Еўдакімаў, пісьменнік і рэжысёр Васіль Шукшын. Бацька неўзабаве памёр ад сухотаў, маці прыйшлося падымаць траіх дзяцей адной. Цяжка — не тое слова... — успамінае Надзея Іванаўна.

Надзі, як толькі яна крыху падрасла, прыйшлося кінуць школу і з'ехаць у горад працаваць нянькай. Аднойчы ў клубе дзяўчынка ўбачыла індыйскі фільм з Раджам Капурам — і назаўжды закахалася ў Індыю.

Надзі, напэўна, шанцавала на добрых людзей; а можа, яна сама прыцягвала іх сваім абаяннем і вясёлым характарам? Спачатку яна пазнаёмілася з жанчынай, якая аказалася загадчыцай дзіцячага садка і запрасіла яе працаваць нянечкай. Надзя пачала працаваць і жыць у дзіцячым садку, а яшчэ атрымала магчымасць пасля працы хадзіць у вячэрнюю школу.

А потым яе запрасілі ў магазін «Дзіцячы свет» адна з маці, у якой двое дзяцей хадзілі ў Надзіну групу. І яна пайшла. А там музычны аддзел, і ў ім пласцінкі, у тым ліку з песнямі яе любімага Раджа Капура... Так яна і жыла: працавала, хадзіла ў клуб на індыйскае кіно, а па вечарах разам з сяброўкай, як тысячы іншых дзяўчатак, бегала на танцы. Там і пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Хоць сітуацыя была складанай — да таго моманту Надзея ўжо збіралася замуж за іншага, але... Ёсць такая прымаўка: мы плануем, а Бог толькі ўсміхаецца, гледзячы на нашы планы. Карацей, замуж наша гераіня выйшла за другога хлопца — Вову, сур'ёзнага, надзейнага, станоўчага. Той працаваў на будоўлі майстрам. Сам з Новачаркаска, што каля Растова-на-Доне, а ў Сібір прыехаў па размеркаванні пасля інстытута...

16-20

Збірайся, паедзем да твайго Раджа Капура!

Туды, у Новачаркаск, маладыя і паехалі жыць пасля адпрацоўкі размеркавання. Муж пайшоў працаваць на Новачаркаскую ГРЭС, якая якраз будавалася, і прайшоў усе прыступкі: ад майстра да начальніка будоўлі. Потым кіраўніцтва стала пасылаць яго як добрага спецыяліста на іншыя электрастанцыі, і сям'я нямала паездзіла па Савецкім Саюзе. Двое дзяцей нарадзіліся ў розных, як цяпер мы гаворым, краінах: сын у Расіі, дачка — ва Украіне. Усюды яны пачыналі, можна сказаць, з нуля, з калкоў, што былі ўбітыя ў чыстым полі... Аднойчы наступіў дзень, калі мужу прапанавалі працу за мяжой. Спачатку ў планах у міністэрства было паслаць яго ў Іран, але ўрэшце карты склаліся так, што адправілі яго ў іншае месца.

— Ён прыехаў дадому і кажа: здагадайся, куды нас пасылаюць? — успамінае Надзея Іванаўна. — А ў мяне нічога ў думках няма. Не ведаю, кажу. І тады ён мне: ну, збірайся, паедзем да твайго Раджа Капура.

«Як яна спявае нашы песні»...

У сваёй казцы, у мары, якая раптоўна стала явай, Надзея пражыла пяць гадоў.

Муж працаваў, а яна, па няўрымслівасці свайго характару, не магла сядзець проста так, без справы. Стала арганізоўваць сустрэчы сем'яў савецкіх спецыялістаў з сем'ямі індыйскіх калег, якія разам будавалі электрастанцыю. Развучвалі розныя канцэртныя нумары і выступалі адзін перад адным. Надзея спявала індыйскія песні, яе выступленні мелі поспех. А яна паглядзіць фільм, запіша песню на магнітафон, вывучыць словы — і спявае. Ды яшчэ самыя сапраўдныя канцэртныя нумары ставіць! Жонкі калег-індусаў прысылалі да яе сваіх дзетак перапісаць словы.

Увогуле, калі з Масквы прыехаў карэспандэнт «Известий», каб напісаць пра савецкіх спецыялістаў, якія будуюць у далёкай Індыі электрастанцыю, то ў сваім артыкуле Надзеі ён прысвяціў нават больш радкоў, чым яе мужу — кіраўніку гэтых самых савецкіх спецыялістаў!

А аднойчы да Надзеі прыехалі з індыйскага радыё і запісалі перадачу — «аб місіс Клепікавай і аб тым, як яна спявае нашы песні».

...Калі Надзея Іванаўна з мужам праз пяць гадоў з'язджалі дадому, у Савецкі Саюз, індусы зрабілі ім прэзент — падарожжа па знакавых мясцінах: Калькуце, Варанасі, Бамбею і іншых гарадах. А самае галоўнае, ведаючы запал «місіс Клепікавай», арганізавалі паездку на студыю Раджа Капура! У планах было нават знаёмства з самім кумірам, але, на жаль, ён не змог прыняць «місіс Клепікаву» ў сябе дома — на той час ён ужо моцна хварэў.

Тым не менш Надзея Іванаўна з мужам сталі першымі іншаземцамі, якім арганізавалі экскурсію па яго студыі. Яны пабывалі ў касцюмерных «зорак» індыйскага кіно Раджа Капура, Аміта Бачана, Рэкхі, убачылі, як праходзяць здымкі кіно... «Пашанцавала вам, місіс Клепікава», — толькі і змог сказаць перакладчык.

Дзесьці асесці

Вярнуліся ў Савецкі Саюз — а тут «перабудова». Усюды разруха, паліцы ў крамах пустыя... Трэба было дзесьці асесці. У Індыі ў іх была перакладчыца Святлана з Мінска, якая з надзвычайнай цеплынёй распавядала пра свой родны горад... І вось вырашылі патэлефанаваць Святлане. А тая крычыць у трубку: «Едзьце да нас, у нас тут добра»! Муж сабраўся і паехаў «у разведку». Прыехаў на вакзал — і не ведае, куды далей. А трэба было трапіць на вуліцу Чычэрына, дзе размяшчалася Мінэнерга. Ён стаў пытацца ў людзей.

Потым расказваў: «Надзя, ты не паверыш! Мінчане сталі мне тлумачыць, потым прапаноўваць сваю дапамогу, а адна жанчына нават села са мной у тралейбус і прывезла куды трэба. Якія там людзі — золата! Заўсёды дапамогуць!».

Муж проста палюбіў Мінск і яго жыхароў. Прыехаў і сказаў: паехалі туды жыць!

Так яны апынуліся ў сталіцы Беларусі. Атрымалі спачатку пакой, потым і кватэру. Перавезлі дзяцей — дачку Наташу і сына Аляксея. Потым яшчэ два гады працавалі ў Іране, пасля якога вярнуліся ў Мінск ужо як дамоў, назаўсёды. «Мужа ўжо 8 гадоў як няма са мной, — кажа Надзея Іванаўна. — На жаль, у яго развіўся цяжкі дыябет, і ў 67 гадоў мой Вова памёр...»

Цяпер яе аддушына — дача. «Ніхто яе не любіць, акрамя мяне. Я на ёй кветачкі вырошчваю ў сваё задавальненне», — дзеліцца мая суразмоўца. Разам з сяброўкамі з «Клуба бабуль» яна часта ходзіць у тэатры і на выставы. «Усе оперы ўжо перагледзелі», — смяецца Надзея Іванаўна. Яна не маркоціцца: жыццё цудоўнае ў любым узросце.

Ну, і ў чым тут заслуга Надзеі Іванаўны? — спытае недаверлівы чытач. — Гэта ж усё яе муж!

Святлана Бусько.

Фота з архіва гераіні.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.