Вы тут

Бабуля, якая жыве ў сеціве


За 1,5 года больш як 2 тысячы пажылых беларусаў засвоілі інтэрнэт

Сацыяльна-асветніцкі праект па навучанні пенсіянераў асновам камп'ютарнай граматнасці «Сеціву ўсе ўзросты пакорныя» другі год запар прызнаецца найлепшай сацыяльнай ініцыятывай года. Такое рашэнне агучыла міжнароднае журы прэміі ў галіне карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці, зладжанай фондам «Ідэя».

16-17

Нагадаем, асветніцкі праект, у якім валанцёры бясплатна вучаць пенсіянераў абыходзіцца з камп'ютарнымі прыладамі і арыентавацца ў інтэрнэт-рэсурсах, узяў пачатак яшчэ ў кастрычніку 2013 года. Курс камп'ютарнай тэорыі і практыкі, складзены з улікам псіхалагічных і ўзроставых адметнасцяў пажылых людзей, разлічаны на 3,5 месяца — па 1 занятку на тыдзень. З моманту запуску больш як 150 маладых людзей далучыліся да каманды добраахвотных выкладчыкаў і дапамаглі бабулям ды дзядулям пераадолець «лічбавы разрыў» паміж пакаленнямі і банальную боязь сучасных тэхналогій, а ў ролі «курсантаў» пабывалі ўжо больш як 2 тысячы пажылых беларусаў па ўсёй краіне. Цяпер усе яны могуць самастойна знаходзіць лекі ў аптэках свайго горада і заказваць талоны да ўрача, а таксама набываць білеты праз інтэрнэт, ажыццяўляць камунальныя плацяжы, даведвацца пра расклад аўтобусаў і цягнікоў, перапісвацца з сябрамі і роднымі ў сацыяльных сетках, весці ўласныя блогі і знаходзіць патрэбную інфармацыю ў інтэрнэт-пошукавіках.

Нядаўна, дарэчы, адбыўся чарговы — агульнарэспубліканскі — выпуск праекта «Сеціву ўсе ўзросты пакорныя». Найбольш «падкаваныя» і эрудзіраваныя слухачы камп'ютарных курсаў для пажылых, прайшоўшы папярэдні адбор у сваіх рэгіёнах, прыбылі ў Мінск на інтэлектуальны турнір «Бітва аднагрупнікаў».

Усяго 20 выпускнікоў з тысячы курсантаў дайшлі да фінальнага спаборніцтва, у межах якога трэба было правільна адказаць на 10 не самых простых пытанняў пра інтэрнэт і камп'ютарныя тэхналогіі. Прычым скідкі на ўзрост і памяць удзельнікам турніру ніхто не рабіў. ...Напрыклад, ці многія з маладых «уладароў гаджэтаў» і заўсёднікаў сацыяльных сетак ведаюць, калі быў адпраўлены першы электронны ліст, і дакладна адкажуць, хто такі блогер? А вось выдатнікі курсаў для пажылых, да радасці і здзіўлення шматлікіх гасцей і балельшчыкаў, шчоўкалі гэтыя і іншыя пытанні, як арэшкі! У выніку сталічная каманда «Дружба» з мінімальнай перавагай усяго ў адзін бал абышла зборную рэгіёнаў «Павуцінне». Прынамсі, незалежна ад паказаных вынікаў, прайграўшых і пакрыўджаных сярод удзельнікаў спаборніцтва не аказалася. «Я вучуся, развіваюся, чытаю свежыя навіны, кантактую са сваякамі па Skype і нарэшце пачаў разумець свайго ўнука, які і прапанаваў мне пайсці на курсы. Гэты праект паказаў сотням пажылых людзей, што мы можам крочыць у нагу з часам», — не ўтойваў станоўчых эмоцый адзін са сталічных выпускнікоў-пенсіянераў Яўген Маргунскі.

Ужо напрыканцы сакавіка пачаўся чарговы этап асветніцкай праграмы, і за камп'ютары ў вучэбных класах селі яшчэ каля 1200 чалавек. «Аналізуючы заяўкі, якія паступаюць ад пенсіянераў, мы звярнулі ўвагу, што прыкладна на 40% вырасла колькасць зваротаў ад людзей, старэйшых за 50 гадоў. Амаль кожная другая заяўка прыходзіць ад людзей, якія ніколі ў жыцці не выходзілі ў інтэрнэт і не маюць нават базавых навыкаў, — адзначае кіраўнік камерцыйнага дэпартамента МТС Яўген Бранцаў. — Гэты досыць высокі працэнт сведчыць, што ў грамадстве існуе пэўная праблема: старэйшаму пакаленню стала некамфортна жыць у сучасным высокатэхналагічным свеце. Але яны моцна матываваныя і гатовыя вучыцца, пераадольваць псіхалагічны бар'ер на шляху да новых ведаў і ўменняў. Нам застаецца толькі дапамагчы ў гэтым».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота www.mts.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.