Вы тут

На парад — хоць заўтра!


Якія «разынкі» чакаюць мінчан і гасцей сталіцы падчас шэсця Перамогі?

Гудуць маторы, у паветры клубіцца дым, пад нагамі дрыжыць растрывожаная цяжкай тэхнікай зямля. Палігон трэба перабегчы хутка, бо крыху прамарудзіш — і трапіш пад калону танкаў, якая ідзе наўпрост на цябе. Гэта не ваенныя дзеянні і не здымкі блакбастара — карэспандэнты «Звязды» пабывалі на трэніроўцы механізаванай калоны, якая пройдзе па Мінску ў Дзень Перамогі.

16-36

Парад войск мінскага гарнізона адбываецца ў сталіцы штогод, але сёлетняй асаблівасцю стане тое, што пройдзе ён не як звычайна — 3 ліпеня, а ў дзень капітуляцыі Германіі — 9 Мая. Пра гэта расказаў намеснік камандуючага войскамі паўночна-заходняга аператыўнага камандавання генерал-маёр Андрэй НЕКРАШЭВІЧ.

— Апроч гэтага, у парадзе ўпершыню возьме ўдзел значная колькасць расійскай тэхнікі са складу рэгіянальнай групіроўкі войск Беларусі і Расійскай Федэрацыі, — дадаў ён.

Агулам у парадзе войск мінскага гарнізона будуць удзельнічаць больш за 250 адзінак баявой тэхнікі, якія ўключаюць у сябе 24 парадныя разлікі (сем з іх — з Расіі). Упершыню на парадзе будуць прадстаўлены ўзоры тэхнікі, зробленай на беларускіх прадпрыемствах. Даўжыня калоны парада складзе каля двух кіламетраў.

Сёлета парад пачнецца не раніцай, а ў 8 гадзін вечара. Адкрыюць яго традыцыйна пешыя парадныя разлікі: спачатку пройдуць сувораўцы, потым пранясуць Сцяг Перамогі і штандары 1-га, 2-га, 3-га Беларускіх і 1-га Прыбалтыйскага франтоў. Далей — механізаваная калона, першай у якой будзе прадстаўлена рэтратэхніка. Узначаліць яе танк Т-38, за ім — Т-37, танкі Т-34 — 76, Т-34 — 85. Дарэчы, апошнія лічбы абазначаюць калібры ўстаноўленых на танках гармат (76 і 85 мм адпаведна). Пасля танкаў пройдзе самаходная артылерыйская ўстаноўка СУ-100, лінейка танкаў ІС-2, ІС-3, ІСУ-152, пасляваенны танк Т-44, Т-55, Т-76. Потым — рэтратэхніка на колавым ходзе: ГАЗ-67 з 45-міліметровай супрацьтанкавай гарматай, шэраг з трох машын (у цэнтры — «Кацюша» БМ-13, па баках — ГАЗ-АА і ЗІС-5 з 75-міліметровымі супрацьтанкавымі гарматамі ЗІС-3). Замыкаць калону рэтратэхнікі будуць тры аўтамабілі ЗІЛ-157.

16-35

Упершыню ў складзе рэтратэхнікі на парадзе будзе прадстаўлены зенітны пражэктар. Гэта стацыянарнае прыстасаванне накіроўвала прамень святла на самалёт ворага, каб можна было трапна стрэліць па ім. Светлавы слуп мог выхапіць у небе паветраны аб'ект на адлегласці да чатырох кіламетраў! Для ўдзелу ў парадзе пражэктары пагрузілі на аўтамабілі. Таксама ў рэтракалоне «дэбютуе» адрэстаўраваная зенітная пушка АЗП-37 1937 года выпуску. Гледачы ўбачаць новыя ўзоры баявой машыны
БМ-13 («Кацюшы»), адноўлены легкавы аўтамабіль ГАЗ-67.
Пасля чаго перад трыбунамі пройдуць узоры сучаснай ваеннай тэхнікі, а ў небе можна будзе ўбачыць авіяцыйную тэхніку Ваенна-паветраных сіл і войск супрацьпаветранай абароны. Завершыць ваенны парад плац-канцэрт роты Ганаровай варты і выступленне зводнага ваеннага аркестра Узброеных Сіл Беларусі. Па традыцыі свята завершыцца некалькімі дзясяткамі залпаў феерверкаў.

Знаходзячыся на рэпетыцыйным палігоне, у кароткіх перапынках паміж праходамі тэхнікі нам удалося паразмаўляць з некалькімі ўдзельнікамі будучага парада. Сярод іх Уладзімір Юрэвіч, які служыць у 355 асобным танкавым батальёне. Сёлетні парад стане для яго чацвёртым. У якасці старшага машыны ён паедзе на танку Т-72Б — гэта асноўная баявая адзінка Узброеных Сіл Беларусі.

А вось для камандзіра зенітна-ракетнай батарэі лейтэнанта Рамана Міхайлава сёлетні парад стане першым, хаця ва Узброеных Сілах малады чалавек служыць ужо шэсць гадоў. У парадным разліку ён — камандзір баявой машыны, які каардынуе працу ўсяго экіпажа (механіка і аператара).

— Для мяне ўдзельнічаць у парадзе пакуль што нязвыкла. Трэніруемся тут ужо чатыры тыдні, з кожным разам атрымліваецца ўсё больш зладжана. Мы ўжо амаль дасягнулі дасканаласці! — падзяліўся Раман.

16-34

Калі я блукала паміж машынамі ваеннага часу і не ведала, да якой з іх падступіцца, на дапамогу прыйшоў падпалкоўнік Аляксандр Саўрыцкі, які прапанаваў... пракаціцца на сапраўдным гістарычным танку Т-34 — 85. На яго борце апроч нумара і пазыўнога «Чырвовы», некалькі сколаў ад снарадаў, атрыманых падчас баявых дзеянняў 70-гадовай даўніны. Менавіта такі танк прымаў удзел у вызваленні Беларусі ў складзе 5-й танкавай арміі, адным з першых уварваўся ў Мінск, прыняў бой на вуліцы Парніковай, знішчыўшы нямецкага «Фердынанда» і кулямётнае гняздо ворага. Пасля гэтага камандзір танка лейтэнант Фролікаў выйшаў на радыёчастату камандзіра брыгады і паведаміў, што шлях на сталіцу вызвалены...

Нягледзячы на ўзрост і ўдзел у баях, танк, якім ужо другі раз будзе кіраваць на парадзе Аляксандр Саўрыцкі, цалкам спраўны. Падпалкоўнік прызнаўся, што вельмі ганарыцца даручанай яму задачай.

...Калі мы пакідалі трэніровачны палігон, па ім працягвалі з гулам ездзіць цяжкія баявыя машыны. А ў небе над імі ў гэты час кружлялі шэсць буслоў. Здавалася, яны зусім не баяліся такой страшнай у ліхую гадзіну тэхнікі. Як быццам бы ведалі, што на Беларусі яна грукоча толькі на вучэннях ды ўрачыстых парадах.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

Фота Надзеі БУЖАН.

Мінскі раён.

 

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.