Вы тут

А дзеці трапяць у... космас!


Сёлета, як ніколі раней, шмат ахвотных узяць удзел у конкурсах «Славянскага базару».
Нават за акіянам убачаць фестывальныя канцэрты дзякуючы спадарожнікаваму тэлеканалу «Беларусь 24».

XXІV Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» афіцыйна пройдзе з 9 па 13 ліпеня. Ужо традыцыйнымі сталі дадатковыя дні правядзення фэсту (7-8 і 14-15 ліпеня).

Як заўсёды, вялікі акцэнт робіцца на конкурснай праграме.

— З задавальненнем адзначаю, што, як ніколі, шмат заявак на ўдзел ў конкурсах. І ўзровень кандыдатаў высокі. Ужо праведзены 12 нацыянальных адборачных тураў. У творчых выпрабаваннях на дарослы конкурс бралі ўдзел 227 чалавек, а на дзіцячы — больш за 200. Па сваёй ініцыятыве заяўкі прыслалі прадзюсары і выканаўцы з 13 краін. Папярэднія перамовы праводзілі з канкурсантамі з Германіі, Кітая, Славакіі, ЗША, Фінляндыі і нават Японіі, — расказаў Аляксандр Сідарэнка, дырэктар Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».

Выступяць толькі каля 20 канкурсантаў. Нашу краіну прадставяць: Валерыя Грыбусова, салістка Нацыянальнага акадэмічнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі, а таксама 9-гадовая Стэфанія Сакалова з Мінска і 11-гадовая Алена Цітова з Магілёва.

16-37

Штогод у дырэкцыі стараюцца, каб дзятва літаральна трапіла ў казку: раней у госці да Нязнайкі, чараўніка Смарагдавага горада і іншых казачных персанажаў. Сёлета маленькія таленты і гледачы на фестывальным конкурсе «адправяцца ў космас»...

Рэжысёр ганаровага адкрыцця чарговага фэсту — «зорка» тэлебачання Ягор Хрусталёў.

— Перада мной паставілі няпростую задачу: трэба зрабіць адкрыццё асаблівым, у параўнанні з папярэднімі гадамі. Кожны год узровень фестывалю павышаецца, глядач да гэтага прывыкае і чакае, што будзе яшчэ лепш. Пастараемся творча падысці да рэжысуры, — сказаў ён.

Паколькі сёлета святкуецца юбілей Перамогі, у Беларусі праводзіцца Год моладзі, вядома, гэтыя тэмы «прагучаць» і на «галоўным канцэрце» фэсту. Нюансамі рэжысёр з прадстаўнікамі СМІ не падзяліўся. Сказаў, што павінна быць інтрыга.

Можна будзе, вядома, сачыць за «Славянскім базарам» і па тэлебачанні. Традыцыйна пакажам пяць канцэртаў: два канцэрты фіналу маладых выканаўцаў, Саюзнай дзяржавы, адкрыцця і закрыцця фестывалю. Думаю, сумесна з калегамі з тэлеканала «Віцебск» запішам і пакажам дзіцячы конкурс і паўфінал дарослага... У гэтым годзе пашырым глядацкую аўдыторыю за кошт нашага спадарожнікавага брэнда «Беларусь 24», які вяшчае на ўвесь свет. Плюс у інтэрнэце пакажам фестываль і на ўсіх каналах тэлерадыёкампаніі, — расказаў Кірыл Казакоў, генеральны прадзюсар Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі.

У дырэкцыі канстатуюць, што ўсяго ўжо прадалі каля 7 тысяч квіткоў. Апошнія, нагадаю, можна забраніраваць і купіць па інтэрнэце.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

 Фота БЕЛТА.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.