Вы тут

Дапаможам, чым зможам


Падчас прыёму грамадзян у Маладзечне старшынёй Мінаблвыканкама Сямёнам Шапірам да людзей, што сядзелі ў чарзе, падышла пажылая жанчына. «Ці тут прымае кіраўнік вобласці?» — пацікавілася.

— А вы па запісе? — запыталі ў яе.

— Так, я толькі што запісалася ў міліцыянера, што дзяжурыць пры ўваходзе.

У адказ усе засмяяліся: маўляў, які ж гэта «запіс»?

Але Зою Краўчанку Сямён Шапіра ўсё роўна прыняў. Зоя Якаўлеўна шмат гадоў працавала на Маладзечанскім радыёзаводзе «Спадарожнік». Тут атрымала жыллё. У розныя часы яго пераводзілі то ў жыллёвы фонд, то ў статус інтэрната. Яна хвалюецца, што жыллё можа стаць арэндным, а ёй, пенсіянерцы, не пад сілу будзе разлічвацца за яго. Ды і наогул Зоя Якаўлеўна баіцца, што новы ўласнік — ЖКГ — папросіць яе вызваліць памяшканне.

Старшыня аблвыканкама супакоіў заяўніцу: ніхто не мае права пазбавіць заслужанага чалавека жылплошчы. Нават калі дапусціць, што жыллё перавядуць у разрад арэндных, то ёй як ветэрану працы мясцовыя ўлады маюць права ўстанавіць паніжаны каэфіцыент аплаты.

Жыллю
тут месца?

Васіль Бельскі купіў у мясцовага райспажыўсаюза будынак у вёсцы Гердуцішкі, дзе раней месцілася крама. Цяпер памяшканне пустуе. Зрэшты, як было відаць на здымку, гэта далёка не палац. Звычайны цагляны дом. Васіль Міхайлавіч прасіў у мясцовых улад дазволу перавесці нежылое памяшканне ў жылое, аднак згоды на гэта не атрымаў. Па словах старшыні Маладзечанскага райвыканкама Аляксандра Яхнаўца, паводле заканадаўства пераводзіць у жылы фонд можна толькі тыя будынкі, якія з'яўляюцца дзяржаўнай уласнасцю.

Здавалася б, чалавек купіў гэты будынак і мае права распараджацца ім па сваім жаданні. Тым больш што і дзяржава зацікаўлена ў тым, каб на сяле не заставалася пустуючых дамоў, каб у кожнага з іх быў гаспадар, які б падтрымліваў тут належны парадак.

У сувязі з гэтым кіраўнік цэнтральнага рэгіёна даручыў начальніку галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінаблвыканкама Аляксандру Бачылу на працягу месяца дэталёва вывучыць пытанне і магчымасць вырашыць яго на абласным узроўні. А пры неабходнасці выпрацаваць прапановы аб унясенні змен у заканадаўства, з якімі выйсці ў парламент.

Самабуды — пад знос

Віктар Радзілавец прыйшоў з просьбай узаконіць гаражы, перагледзеўшы рашэнне Красненскага сельвыканкама аб іх зносе.

Гаражы ўзведзены без адпаведнага дазволу яшчэ ў 80-я гады мінулага стагоддзя. Адзін з такіх самавольных аб'ектаў і купіў Віктар Мікалаевіч. Раней такія самабуды на Міншчыне можна было аформіць дакументальна. Але сёння прынята рашэнне на ўзроўні вобласці аб іх адназначным зносе, каб не ствараць прэцэдэнт для масавага ўзвядзення «самапалаў» паўсюдна. Прычым гэтае рашэнне распаўсюджваецца не толькі на гаражы, а і на ўсе самавольныя пабудовы.

Разам з тым Віктар Радзілавец выкарыстоўваў памяшканне і пад склад, і пад рамонтную майстэрню. Таму Сямён Барысавіч параіў прадпрымальніку звярнуцца ў сельвыканкам з заявай аб выдзяленні яму зямельнага ўчастка для будаўніцтва неабходных аб'ектаў на законнай падставе.

Дзецям — сям'ю

Аксана Шымель з мужам пераехалі ў Маладзечанскі раён з Вілейскага і адразу ж сталі ў чаргу на паляпшэнне жыллёвых умоў: у сям'і гадуецца 5 дзяцей. Цяпер жывуць у інтэрнаце, што належыць ААТ «Забудова» ў Чысці. Агульная плошча памяшкання 47 квадратных метраў, жылая — 33. Мясцовыя ўлады прапаноўвалі ім трохпакаёвую кватэру ў горадзе, зямельныя ўчасткі для будаўніцтва індывідуальнага жылля. Але ніводзін варыянт не задаволіў сужэнцаў.

Аксана Валер'еўна прапанавала свой варыянт вырашэння жыллёвага пытання: «Па тэлевізары перадаюць, што ў Мінскай вобласці для прыёмных сем'яў будуюць дыхтоўныя дамы. Я згодна ўзяць яшчэ 5 дзяцей з прытулку. Толькі выдзеліце мне катэдж».

— Мы не супраць такога варыянту, — адказаў Сямён Шапіра. Але папрасіў рэдактара «Маладзечанскай газеты» Аляксандра Лазоўскага наведаць гэтую сям'ю асабіста, паглядзець, у якіх умовах выхоўваюцца дзеці, выслухаць меркаванне супрацоўнікаў службы сацыяльнай апекі, педагогаў, суседзяў. «Праз тыдзень дайце мне інфармацыю. Мы дасканала прааналізуем яе. Калі бацькі характарызуюцца станоўча з усіх бакоў, то няхай бяруць малых і гадуюць. Кожнае дзіця павінна мець сваю сям'ю, выхоўвацца ў добрых умовах і клопаце, — канстатаваў старшыня аблвыканкама.

У гэты дзень Сямён Шапіра прыняў 15 чалавек.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.