Вы тут

Смачна есці?


Пакуль у дачыненні да нацыянальнай кухні — менавіта з пытальнікам

Ідэя Прэзідэнта стварыць сетку беларускай нацыянальнай кухні, якую ён агучыў на днях падчас рабочай паездкі на Міншчыну, доўга трымалася ў топ-лісце навін і актыўна каментавалася на розных сайтах. Што само па сабе не дзіва: на адсутнасць добрага апетыту беларусы ніколі не скардзіліся, а за апошнія гады мы сталі яшчэ і гурманамі: маючы сродкі і магчымасці, чаму б розныя прысмакі і не падэгуставаць. Але вось што дзіўна (мяркую па сабе, але многія, думаю, са мной пагодзяцца): чым больш каштуеш усялякіх там сушы, фуа-гра, кары-вуд (я не кажу ўжо пра банальную піцу ды лазанню), тым больш хочацца свайго.

Напрыклад, бульбы. Не смажанай на патэльні са скваркамі — гэтую радасць і дома можна за паўгадзіны зрабіць. Вось каб дранікаў з грыбамі або з духмянымі травамі. Або бабкі — з залацістай скарыначкай, з празрыстымі кавалачкамі сала ўсярэдзіне... Ці бліноў. З верашчакай, з дамашняй каўбасой. Або з мачанкай, у якой скабачкі плаваюць. Я ўжо не кажу пра розныя выкшталцоныя прысмакі, што бабулі гатавалі толькі на вялікія святы: зразы, гудаўку, нашпігаваную зяленівам, гусь у журавінавым ці парэчкавым соусе, тварожнікі...

Але хацець, як кажуць, не шкодна. Пры ўсім жаданні пакаштаваць сёння штосьці з вышэйпералічанага ў нашых пунктах грамадскага харчавання наўрад ці атрымаецца. А калі і атрымаецца, то гэта ў пераважнай большасці сваёй будзе проста пародыяй на нацыянальную кухню. У бістро вам прапануюць у найлепшым выпадку бульбу фры (яе, з гонарам і маючы на тое падставы, лічаць сваім нацыянальным вынаходствам бельгійцы). У дарагім рэстаране можна пакаштаваць нешта падобнае да дранікаў або тоненькія, аж свецяцца, анучкі з цеста, якія ў меню завуцца чамусьці блінамі і на якія ніводная паважаючая сябе гаспадыня і глядзець бы не захацела.

З дранікамі ў мяне наогул канфуз выйшаў. У Вільні літоўскі калега ўзяўся частаваць сваімі нацыянальнымі стравамі. «Вось бульбяныя бліны, абавязкова пакаштуй, у вас у Беларусі такіх няма», — настойліва тыцкаў ён пальцам у меню. Замест нечага адмысловага прынеслі нашы родныя дранікі, праўда, зробленыя, як трэба — і засмажаныя да пэўнай ступені, і духмяныя, і тлушч з іх не капаў. Давялося есці і хваліць. Праўда, пасля мы ледзь не пасварыліся, вызначаючы паходжанне і прыналежнасць гэтых самых «бульбяных бліноў». Сышліся на тым, што ён прыедзе ў Мінск і ўжо я яго буду частаваць імі ж у беларускай інтэрпрэтацыі.

І што вы думаеце? У адным з мінскіх рэстаранаў, які пазіцыянуе сябе як «рэстаран беларускай кухні», нам замест заказаных па меню «дранікаў з грыбамі» прынеслі на прыгожых талерках па тры кволыя пляскачыкі шэрага колеру, побач з якімі на лісціку салаты горкай ляжалі смажаныя шампіньёны (на думку рэстаратараў, пэўна, гэта самыя беларускія грыбы)... Карацей, ратаваць гонар любімай нацыянальнай стравы, а калі падумаць, дык у нейкім сэнсе і краіны, давялося самой. Чысціла бульбу, церла на тарцы, мачыла, адварвала і смажыла сушаныя баравікі, абірала і рэзала пякучую цыбулю... Віленскі госць еў, аж за вушамі трашчала. Але асадак, як кажуць, застаўся.

Да чаго я гэтую гісторыю, уласна, прыгадала. Людзі, якія возьмуцца ажыццяўляць ідэю стварэння цэлай сеткі нацыянальнай кухні, безумоўна, знойдуцца, бо справа цікавая, запатрабаваная, а калі з толкам рабіць, дык і выгадная. Толькі вось каб у пагоні за запатрабаванасцю і выгаднасцю яны не забыліся пра тое, што ў меню галоўнае не змест, а напаўненне. Што мала ў ім напісаць адмысловыя назвы страў, на якія стомленыя заморскімі прысмакамі нашы і іншаземныя гурманы несумненна спакусяцца. Галоўнае — каб пакаштаваўшы гэтую страву, яны, выбачайце, не плюнулі.

І тут патрэбна цэлая сістэма (калі ўжо размова ідзе пра сетку, дык і гэта паняцце тут дарэчы). Пачынаючы ад стварэння нацыянальнай школы кухараў. Нездарма ж любы рэспектабельны рэстаран італьянскай ці французскай кухні лічыць справай гонару накіраваць свайго шэф-кухара вучыцца ў Італію або Францыю. У нас такой школы пакуль няма, але, у адрозненне ад заходніх суседзяў, якія харчуюцца больш у рэстаранах ды кавярнях, чым дома, захаваліся выдатныя традыцыі дамашняй кухні, з адмысловымі рэцэптамі тых жа нацыянальных страў. Праўда, сапраўдныя гаспадыні не вельмі гатовы імі дзяліцца (на фестывалі «Мотальскія прысмакі», напрыклад, паляшучкі аб складзе сваіх страў часцей за ўсё кажуць прыблізна). Але ж іх можна зацікавіць — «ганарарам», указаннем аўтарства... варыянты знойдуцца. А яшчэ падняць старыя кулінарныя кнігі, якія выдаваліся і перавыдаваліся на нашых землях у мінулыя стагоддзі, прыцягнуць да гэтай справы гісторыкаў, гатовых падзяліцца сваімі ведамі, набытымі ў бібліятэках ды архівах... Але і гэтага будзе мала, калі тыя, хто непасрэдна возьмецца арганізоўваць і гатаваць, не будзе паважаць і ведаць нацыянальныя традыцыі і гісторыю, у якіх нацыянальная кухня — неад'емная, важная частка.

А пасля ўсё гэта з пэўнымі каментарыямі і гістарычнымі даведкамі падаць. Бо маркетынг, як ні круці, у наш час вялікая сіла. Пераканалася ў гэтым на Вялікдзень. Акрамя звычайных булак ды ўсялякіх мясных прысмакаў, проста закарцела згатаваць «Каралеўскі сырнік» па рэцэпце звяздоўскага кухмістра Верашчакі. Атрымалася смачна і прыгожа, але стол ламіўся ад ўжо знаёмага і праверанага, а сырнік сіратліва бліскаў сваім залітым шакаладам некранутым верхам. «Людзі, каштуйце сырнік. Менавіта такі падавалі ў кавярні бабці Ксаверыны ў Івянцы ля Белага касцёла ў 30-я гады мінулага стагоддзя!..» Рукі пацягнуліся з усіх бакоў, і праз колькі хвілін на месцы новай стравы з нявыдуманай гісторыяй стаяла пустая талерка.

Прыклад адзінкавы, але вельмі паказальны. Цяпер буду запрашаць гасцей на Івянецкі сырнік, гэта стане маёй фірмовай стравай. Зрэшты, рэцэптам падзялюся з ахвотай. Або ў «Звяздзе», калі што, шукайце.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.