Вы тут

Закранаючы струны душы


Анатоль Длускі — пра феномен аўтарскай песні, новае пакаленне беларускіх бардаў і любімую гітару

Безимени-2

Тым, хто рос і сталеў у Савецкім Саюзе, не трэба тлумачыць, хто такія барды і што ёсць аўтарская песня, бо гэтыя некалькі пакаленняў добра ведаюць не толькі імёны, але і творчасць Уладзіміра Высоцкага і Булата Акуджавы, Юрыя Візбара і Аляксандра Галіча, дуэта Таццяны і Сяргея Нікіціных, Веранікі Долінай і Навелы Матвеевай... Вялізныя клубы аўтараў-выканаўцаў, турыстычныя злёты, маштабныя фестывалі аматараў бардаўскай песні — у гады СССР і постсавецкі час гэты пласт культуры квітнеў і развіваўся, нягледзячы ні на якія забароны. Для цяперашніх жа меламанаў многае з пералічанага — ужо далёкая гісторыя. Больш за тое, значная частка не толькі сучаснай моладзі, але і людзей сталага веку чамусьці ўпэўнены: «няма таго, што раньш было», а барды ў нас калі і засталіся, то хопіць пальцаў адной рукі, каб іх пералічыць.

Каб пераканацца, што гэта, мякка кажучы, не зусім так, дастаткова звярнуць увагу на праект, запушчаны летась тэлеканалам «Беларусь 3» — музычна-пазнавальную праграму «Подых струн», прысвечаную менавіта аўтарскай песні.

Першапачаткова і ў гледачоў, і ў саміх тэлевізійнікаў была пэўная насцярожанасць: а раптам пацыент хутчэй мёртвы, чым жывы, і ніхто з сучаснікаў на гітарныя пераборы не падцягнецца? Аднак з верасня мінулага года, калі праект толькі выйшаў у эфір, колькасць прэтэндэнтаў на ўдзел у ім не толькі не зменшылася, а вырасла ў разы. І, як прызнаюцца прадзюсары, а таксама вядучы праграмы, акцёр і аўтар-выканаўца Анатоль Длускі (сам далёка не навічок у свеце аўтарскай песні), яны нават не чакалі такой вялізнай аддачы і адкрыцця дзясяткаў новых імёнаў!

— Звярнула ўвагу, што сярод вашых гасцей пераважна сталыя людзі — маладых аўтараў-выканаўцаў, кшталту Таццяны Беланогай або Паліны Рэспублікі, зусім няшмат. Гэта выпадковасць або свядомы «адбор» суразмоўцаў з пэўным жыццёвым багажом, з якімі цікавей весці гутарку?

— Гэта адбываецца зусім не наў-
мысна, да таго ж, і сярод маладых выканаўцаў ёсць вельмі цікавыя суразмоўцы, напрыклад, Яўген Барышнікаў са Слоніма — хлопец, які піша вершы ў маршрутцы. Вельмі незвычайны чалавек: ён і дудар, і ўдзельнік этнаграфічных экспедыцый, і аўтар-выканаўца беларускамоўных песень. Прычым гэта не проста замалёўкі, якія добра спяваць пад гітару ля вогнішча, а вялікія балады ў адметнай стылістыцы. ...Шчыра кажучы, калі старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька прапанаваў мне весці гэтую перадачу, я таксама, як многія, сказаў: «Дык у нас жа бардаў няма!» Здаецца, з кім я пачынаў 30 гадоў таму, тыя ж і засталіся ў гэтым коле, а новых імёнаў не чуваць і не відаць. Але, на маю радасць і шчасце, у Беларусі ёсць столькі таленавітай моладзі, столькі самабытных, непадобных адзін да аднаго выканаўцаў!

— За той час, што выходзіць праграма, вам удалося для сябе вызначыць, што гэта за феномен — бардаўская песня?

— «Бард», наогул, не наша слова, для мяне бліжэйшае паняцце «аўтарская песня». Бо барды, на маю думку, гэта своеасаблівыя рэвалюцыянеры, хто нясе праз музыку новыя думкі і спадзевы, чыя творчасць адкрывае іншым вочы, розум і сэрцы. Мабыць, у мяне самога быў падобны вопыт: некалі за песню «Маналог сучаснага мешчаніна», якая намякала на «прыгрэтых» чыноўнікаў, аднаму майму знаёмаму з камсамольскіх лідараў зрабілі вымову, а мне на год забаранілі выступаць у Мінску, пры тым што на канцэртах гэту песню прымалі на ўра, з захопленым ровам і стогнам... А аўтарская песня — паняцце больш шырокае, у яго могуць уваходзіць і акцёры, як я сам, і журналісты, і прафесійныя спевакі, якія самі пішуць песні... Асновай аўтарскай песні, мяркую, мусяць быць найперш вершы, добры тэкст, музыка тут — справа другасная.

Безимени-2

У праграме вельмі доўгі час ішлі дыскусіі — усё ж жыве ці не жыве бардаўская песня. На мой погляд, гэта пытанне наогул не павінна гучаць: пакуль мы сумняваемся, значыць, не жыве. Але колькасць і разнастайнасць выканаўцаў гэтага кірунку сведчыць, што ўсё тут у парадку. Іншая справа, якім будзе далейшае развіццё. Адказ мы шукаем у кожнай праграме. Безумоўна, час дыктуе свае ўмовы, і тая лёгкасць, празрыстасць і душэўнасць «класічнай» аўтарскай песні, якая была запатрабавана раней, трансфармуюцца ў штосьці новае.

— Праект «Подых струн» адкрыў для шырокай публікі шэраг новых імёнаў. Але ў вас у гасцях былі і вядомыя прафесійныя музыканты: той жа Пётр Ялфімаў, рокер Піт Паўлаў, блюзмен Андрэй Плясанаў і іншыя. Ці раскрыліся яны з нейкага новага боку?

— Бясспрэчна. Больш за тое, многія музыканты жадаюць паказаць гледачам нейкія рэчы, што пішуцца «ў стол», тэлефануюць і просяцца: «Вазьміце мяне!» Андрэй Плясанаў сапраўды здзівіў, напрыклад, тым, як ён пераклаў на беларускую мову Высоцкага... Або Юрый Несцярэнка з Бялынічаў, які выконвае на беларускай песні «Машыны часу» (яго пераклад, між іншым, Андрэй Макарэвіч ухваліў і даў «дабро» на выкананне)! Некаторыя спытаюцца: «Ды навошта гэта трэба?» А на мой погляд, вельмі добрая ідэя, чаму б не?

Для мяне найлепшае сведчанне таго, што праграма цікавая і гледачам, і самім музыкам, — ацэнкі, якія чую па-за эфірам. Усе ж кажуць: «Ой, я не гляджу беларускае тэлебачанне». А пры сустрэчы заўважаюць, як ім спадабаўся ці не спадабаўся пэўны выпуск. Я неяк пайшоў на мастацкую выставу, так літаральна адбою не было ад знаёмых, якія жадалі падзяліцца ўражаннямі. Ядзя Паплаўская бегла праз усю залу, каб толькі сказаць: «Толічак, я выпадкова ўключыла тэлевізар і «падсела» на тваю праграму, цяпер чакаю кожны выпуск!»

— Загаварылі пра пераклады на беларускую мову, і я згадала, што «зачапіла» яшчэ ў першых выпусках праграмы — гэта двухмоўе, калі вядучы звяртаецца да героя на рускай, а той спявае і адказвае па-беларуску. Вам асабіста ў гэтай сітуацыі камфортна ці няёмка?

— Скажу так: я размаўляю па-беларуску досыць добра, але калі нехта з гасцей размаўляе нашмат лепш і гэта вельмі адчуваецца, то, каб не глуміцца з матчынай мовы, пераходжу на рускую. Хаця яшчэ калі я вучыўся ў школе, у нашай вёсцы ўсе прадметы выкладаліся па-беларуску, і багаж застаўся неблагі, але ў тэатральным інстытуце, наадварот, муштравалі, каб прыбраць з маўлення гэтыя «гэ», «чы», «ры»... Думаю, усё ж трэба арыентавацца на госця — я на 100% за тое, каб з беларускамоўным аўтарам весці гутарку па-беларуску, мне і самому так больш даспадобы.

— «Подых струн» — даволі вузкі, нішавы праект, і былі пэўныя перасцярогі, што атрымаецца праграма «музыкі для музыкаў». Але водгукі на сайце, у сацыяльных сетках, СМС-паведамленні ў эфіры сведчаць, што гледачы зацікавіліся і прынялі праграму. Ці прапануюць штосьці змяніць або ў асноўным робяць кампліменты?

— Сам здзіўляюся, але пакуль у асноўным хваляць і прапануюць кандыдатуры новых герояў. Хоць, безумоўна, заўжды хочацца зрабіць яшчэ лепш і прыдумаць нешта новае. Напрыклад, я цяпер напрыканцы праграмы спяваю — такім чынам і ўвагу ад госця не адцягваю, і выконваю просьбы часткі гледачоў, якія прапанавалі даць нарэшце слова і вядучаму. З часам, як мне бачыцца, праграму можна запісваць у студыі са слухачамі, каб яны маглі адразу жыва рэагаваць на песні, задаваць свае пытанні і г.д. Не страшна, што на расійскім тэлебачанні ў свой час была падобнага фармату перадача «У нашу гавань заходзілі караблі» — мы ж прапагандуем сваё, беларускае, таму зрабілі б па-іншаму. Хоць, зразумела, на гэта патрэбны сродкі, адпаведная пляцоўка і іншыя пэўныя ўмовы, што не ад нас залежаць. Галоўнае, каб усімі новаўвядзеннямі не збіць той самы далікатны настрой, атмасферу аўтарскай песні. Я ў гэтым сэнсе вельмі прыдзірлівы крытык, здараецца, абмяркоўваем са здымачнай групай, рэжысёрам і рэдактарам чарговыя выпускі — усё як быццам добра, але ўласныя недапрацоўкі я бачу і стараюся выправіць. Зрэшты, з цягам часу мне ў праграме стала цікава ўсё: ад кожнай дробязі атрымліваю задавальненне і надаю ёй увагу. Пэўна, я таксама «падсеў» на праграму (смяецца).

— У пераднавагоднім выпуску, памятаю, быў зроблены гэткі зборнік найлепшых песень па выніках галасавання гледачоў. А што далей — можа, запіс зборнага дыска альбо выязны фестываль?

— Мне б не хацелася праводзіць галасаванне для вызначэння найлепшых, бо пераможцы, пераможаныя — гэта не наша гісторыя. Але адзначыць найбольш упадабаныя гледачамі песні, магчыма, было б варта. Няблага было б паспрабаваць зладзіць канцэрты...

— Прычым не ў сталіцы, дзе публіка «перакормлена» разнастайнымі артыстамі, а ў правінцыі, дзе слухачы не спешчаны частымі канцэртамі. Ды хоць бы ў вашай роднай вёсцы Туча ў Клецкім раёне.

— Можа быць. Тое, што людзі пайшлі б з задавальненнем — гэта нават не пытанне, толькі прывязі артыстаў! Усё, як заўжды, упіраецца ў арганізацыю. Але мы сапраўды думаем над гэтым пытаннем. Пра-
дзюсар нашай праграмы Алена Манькоўская прапанавала ідэю: праехаць з канцэртамі па абласных гарадах, каб у першым аддзяленні выступалі мясцовыя барды, у другім спяваў я. Вельмі хацелася б, каб гэта атрымалася.

— Пачатак, можна сказаць, пакладзены: гэтай зімой Белтэлерадыёкампанія зладзіла першы тэлевізійны фестываль бардаўскай песні «Свяча гарэла...». Ці атрымае ён працяг?

— Гэта было менавіта такое зімовае мерапрыемства, якое ініцыяваў, дарэчы, зноў жа старшыня тэлекампаніі Генадзь Давыдзька. Атрымалася не так, як бывае, «першы блін комам», а былі вельмі шчырыя, утульныя «пасядзелкі», гэткая аддушына. Я ўвогуле прыкмячаю, што апошнім часам такія некамерцыйныя, крыху забытыя рэчы — старыя песні, старыя фільмы — быццам набываюць другое жыццё і карыстаюцца павышанай папулярнасцю. Калі ўсё будзе добра, я ўжо ўяўляю, як гэта можна зрабіць наступнай зімой, каб засталося тое самае ўзнёслае і рамантычнае, нягучнае і сапраўднае, што сапраўды яднае розных людзей. Летам мы плануем правесці “Хіт-парад” аўтарскай песні — выбраць лепшыя з ужо запісаных і абвясціць галасаванне на сайце тэлеканала “Беларусь 3.

Вельмі асабістае

— Бард, незалежна ад таго, хто ён і пра што спявае, — гэта найперш чалавек з шасці- або сяміструннай гітарай. Ведаю, што ў вас сабралася цэлая калекцыя такіх інструментаў. Якая гітара самая любімая?

— Ну, не тое каб калекцыя — у мяне шэсць гітар. Самая любімая — чырвоная, яна, дарэчы, пастаянна стаіць у кадры «Поды-
ху струн». Гэта мая самая сапраўдная, верная, баявая сяброўка — дзе толькі мы разам ні былі! На Байкале аднойчы яе разбілі ўшчэнт, потым літаральна сабралі па кавалачках... І дагэтуль, калі кудысьці трэба «на выезд», я бяру яе з сабой. У самай першай маёй гітары, якую набыў яшчэ ў студэнцкія гады, ёсць своеасаблівая «радзімая плямка»: робячы ў ёй нейкі дробны рамонт, выпадкова прыклеіў птушынае пяро, і яно так прыгожа застыла... Аднойчы, калі ехаў з Масквы на перакладных дадому, заснуў у электрычцы і гітара мая з'ехала ў Пухавічы. Паехаў на канцавую, у дэпо — шукаць, заходжу да дзяжурнага, расказваю, што так і так, пакінуў у электрычцы гітару. «А як вы дакажаце, што гэта ваша?» — пытаецца строгі дзядзька. Я і кажу: «У яе ёсць асаблівая прыкмета — пёрка ў клеі». — «Глядзі ты, сапраўды... Ну, забірай». Цяпер яна стаіць у мамы, і часам спяваю для яе. Усе астатнія гітары захоўваюцца тут, у Мінску.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».