Вы тут

Вопыт вядзе ў бой


Матчам Беларусь — Бразілія распачнецца сёння 11-ты чэмпіянат свету па футзале. Статыстамі наша каманда на гэтым турніры быць не збіраецца. Дружына Сяргея Сафонава летась стала найлепшай на чэмпіянаце Еўропы, а цяпер хоча пазмагацца за медалі самага важнага турніру. І як лічыць 31-гадовы нападаючы Аляксей НАЛІВАЙКА, старажыл нашай зборнай, калектыў для гэта падабраўся добры.

Безимени-5

— Аляксей, для падрыхтоўкі да першынства свету для вас, на маю думку, стварылі выдатныя ўмовы, — звяртаюся да суразмоўцы.

— Так, і падобных умоў у нас яшчэ ніколі не было. Мы нясём вялікую адказнасць. Сваёй гульнёй хочацца паказаць балельшчыкам, што вынікі, якіх мы дасягнулі ў апошні час, невыпадковыя. Чэмпіянат свету, дарэчы, упершыню за 25 гадоў праходзіць у Еўропе. І арганізатары хочуць даказаць, што ў нас можна праводзіць спаборніцтвы падобнага маштабу не горш, чым у Лацінскай Амерыцы, дзе футзал вельмі папулярны.

— У зальным футболе вы ўжо 10 гадоў. Памятаеце, як усё пачыналася?

— На той момант я толькі-толькі пачаў выступаць за брэсцкі «Меркурый», а дагэтуль гуляў у вялікі футбол. З дубліруючым складам брэсцкага «Дынама» стаў сярэбраным прызёрам чэмпіянату краіны, правёў 30 матчаў за асноўны склад. Выходзіў на поле разам з сённяшнім трэнерам «дынамаўцаў» Сяргеем Кавальчуком, са старажыламі каманды Сяргеем Грыбам, Андрэем Пракапюком. Але ў каманду прыйшоў новы трэнер — я сышоў. Крыху пагуляў у першай лізе за «Бярозу» і вырашыў, што трэба паспрабаваць свае сілы ў міні-футболе, футзале. Перакваліфікаваўся з абаронцы ў нападаючага.

На звычайныя матчы футзальнага чэмпіянату краіны гледачоў прыходзіць няшмат, але на фінальным паядынку Кубка ўладальнікаў кубкаў у 2006 годзе, калі мы з «Меркурыем» перайгралі маскоўскае «Дынама», на трыбунах брэсцкага спарткомплексу «Вікторыя» сабралася каля трох тысяч балельшчыкаў. А нядаўна шмат заўзятараў прыйшло на нашы матчы ў Пінску, дзе праходзіў тур чэмпіянату краіны. Там футзал сапраўды папулярызуецца. Акрамя таго, ёсць свая каманда, якая дэманструе добрыя вынікі.

— Заўважыў, што амаль уся ваша кар'ера звязана з Брэстам.

— Атрымліваецца, што так. Толькі адзін сезон пагуляў за міні-футбольны «Камунальнік» з Бярозы. А апошнія тры гады выступаю за каманду «Брэстдругчармет», паралельна працую старшым інспектарам мытнага паста «Маларыта». Аглядаю машыны, афармляю груз, збіраю пошліну. Трэніруюся ў вольны ад працы час. Варта адзначыць, брэсцкая мытня і Дзяржаўны мытны камітэт ва ўсім падтрымлівае сваю каманду «Меркурый», а таксама выступленне сваіх супрацонікаў на міжнародных спаборніцтвах.

— Ці праўда, што гомельскі ВРЗ — адзіная прафесійня футзальная каманда краіны?

— Напэўна, але і ў нашым «Брэстдругчармеце» працоўныя дагаворы з гульцамі таксама падпісваюць.

— Грошай, якія спартсмены зарабляюць футзалам, хопіць на тое, каб, напрыклад, аплаціць арэнду кватэры?

— Хопіць, але мы паралельна ўдзельнічаем у рэгіянальных, камерцыйных, гарадскіх спаборніцтвах. Паспяховыя вынікі ў гэтых турнірах прэміруюцца.

* * *

— Што з сябе ўяўляе сённяшняя зборная краіны?

— Ёсць касцяк каманды. Яго складаюць футбалісты, якія заваёўвалі «золата» на леташнім першынстве Еўропы. У зборную прыйшло шмат добрай моладзі. Мяркую, хлопцы дабавяць агрэсіі ў наш футбол, і мы станем для сапернікаў яшчэ больш небяспечным апанентам.

— Вас, як самага сталага гульца зборнай, партнёры ласкава дзядулем не называюць?

— Не, у нас у зборнай пануе добрая атмасфера. Ведаеце, маладыя хлопцы неяк незаўважна ўліліся ў калектыў. Каманда амаладзілася, і я сам пачаў адчуваць сябе маладзейшым. Ніякай «дзедаўшчыны» ў нас няма. Калі мая чарга на трэніроўцы несці мячы і манішкі, я гэта раблю. У нас усе роўныя.

— Варатара, капітана нашай зборнай Дзмітрыя Кудзі называюць непрабівальнай сцяной. Пацвярджаеце?

— Ён дакладна найлепшы варатар Еўропы ў футзале! Такіх, як ён, я яшчэ не бачыў. Яму рэальна складана забіць. Ён аддаецца кожнаму моманту нават на трэніроўцы.

— З галкіперам разабраліся. А хто з палявых гульцоў у вас выклікаў незабыўныя ўражанні?

— Бельгіец Мустафа Абасі. У яго выдатная тэхніка. Добра б'е па варотах. Заставацца з ім сам-насам нельга. Трэба, каб нехта з партнёраў цябе абавязкова страхаваў. Шмат добрых футзалістаў ёсць у Калумбіі, Венесуэле, але мы часцей сустракаемся з еўрапейскімі камандамі.

— Наш квартэт на чэмпіянаце ўжо паспелі назваць «групай смерці».

— Па падборы зборных ён насамрэч вельмі моцны. Сур'ёзна падрыхтавалася да турніру Аўстралія. Што тычыцца Бразіліі, Уругвая, гэта вельмі тэхнічныя зборныя.

— Кіраўніцтва паставіла задачу быць у прызёрах?

— Так, трапіць у тройку. Але, паўтаруся, пацвердзіць свой статус чэмпіёнаў Еўропы тут будзе вельмі няпроста. Акрамя таго, у краіне ёсць інтарэс да спаборніцтваў. Рэклама — паўсюль. Ціск адчуваецца. З намі нават псіхолаг займаўся, каб не перагарэлі. Усё ж такі шанц згуляць на першынстве свету ў сваёй краіне можа быць адзіным у жыцці. І нам вельмі хочацца згуляць на ім добра.

— Аляксей, ваша асабістая група фан-падтрымкі ўжо сфарміравалася?

— «Хварэць» за мяне будуць 20 чалавек на чале з жонкай і дочкамі Юляй і Ульянай. А з брэсцкай мытні прыедзе цэлы аўтобус балельшчыкаў, каб падтрымаць зборную і сваіх супрацоўнікаў!

— Які з заваяваных трафеяў лічыце самым значным?

— Яркая перамога з «Меркурыем» у тым самым Кубку ўладальнікаў кубкаў еўрапейскіх краін у 2006 годзе. Нам тады прысвоілі званні майстроў спорту, а на працы ўрачыста ўзнагародзілі імяннымі гадзіннікамі, уручылі нагрудныя знакі. Аднак адчуць цудоўныя эмоцыі, узысці на п'едэстал хочацца і на гэтым чэмпіянаце свету. А якім будзе месца, пакажа час.

Тарас ШЧЫРЫ

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.