Ежа


Ежа з'яўлялася складовай часткай сямейна-родавых і каляндарных абрадаў і ў народнай культуры рэгламентавалася сацыяльнымі нормамі і правіламі. Іх выкананне залежала ад характару, месца і часу правядзення трапезы: паўсядзённай, святочнай, сямейнай ці сярод прадстаўнікоў роду; у хаце, у полі, на могілках; раніцай, у абед ці ўвечары. Напрыклад, больш пільна сачылі за парадкам падчас абеду і вячэры, а не за сняданкам.

Такія сакральныя адносіны да ежы паходзілі (вынікалі) з таго, што ў хаце знаходзілася ікона, а гаспадар, які займаў пачэснае месца за сталом, г.зн. пад абразом, павінен быў наладзіць трапезу такім чынам, каб «Боскія дарункі» спажываліся належным чынам: з вялікай пашанай і ўдзячнасцю.

Перад ежай абавязкова маліліся і мылі рукі. Мыццё было абавязковым як у плане асабістай гігіены, так і ў плане рытуальнага ачышчэння рук, якія будуць датыкацца да «дароў Боскіх», з дапамогай вады. Калі ў полі вады не было, рукі выціралі аб зямлю. Лічылася, што зямля таксама валодае ачышчальнай функцыяй, як і вада.

Ніколі не елі за «голым», не засланым абрусам, сталом.

Першым за стол заўсёды садзіўся гаспадар, і толькі пасля яго астатнія члены сям'і, прычым з улікам узроставых характарыстык. Таксама першым гаспадар заканчваў трапезу, першым каштаваў ежу, сачыў за тым, каб за сталом быў парадак, справядліва дзяліў ежу паміж усімі членамі сям'і.

Па славянскім звычаі есці трэба было ціха, павольна. Калі размовы і дапускаліся, то толькі па гаспадарчых справах. Асабліва строга ставіліся да забароны размаўляць за сталом пасля захаду сонца.

Калі ежа раскладвалася па талерках, з'есці трэба было абавязкова ўсё. Лічылася, што той, хто пакідаў ежу на талерцы, страціць свой дабрабыт і здароўе.

Існавала строгае правіла: есці адну лусту хлеба маглі толькі муж і жонка. Лічылася, калі жанчына даядае за мужчынам, ён будзе за ёй «бегаць», і наадварот.

На вяселлі маладым ставілі адну талерку на абаіх і клалі адну лыжку. Такое сумеснае ўжыванне ежы сімвалізавала іх адзінства. А вось у паўсядзённым жыцці есці чужой лыжкай забаранялася.

Аксана Катовіч, Янка Крук.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?