Вы тут

Сказ пра снайперменаў


Недзе пяць гадоў таму беларускія і расійскія кінавытворцы аб’ядналі сілы дзеля стварэння ваеннага баевіка ў стратэгічным, як кажуць, для беларускага кіно і нацыянальнай кінастудыі рэчышчы — тэме Вялікай Айчыннай. З чаго атрымаўся эпічны фільм «Снайпер. Зброя адплаты» з расійскім акцёрам Дзмітрыем Пяўцовым у галоўнай ролі. Вайна, каханне, помста, стрэлы «ў яблычак» і драматычнае перажыванне жалезна паставілі фільм у спіс самых папулярных праграм расійскага тэлебачання пасля яго прэм’еры.

17-19

У цэнтры карціны, якая існуе ў версіях фільма і міні-серыяла, два часы і месцы дзеяння — Сталінград 1941 года і нямецкі гарадок ужо ў 1945-м. Вайна і яе наступствы. У цэнтры карціны прыгожы, мужны, меткі снайпер і відавочны лідар Яшын (Дзмітрый Пяўцоў), камандзір групы з дзевяці прафесійных снайпераў. Супрацьстаяць небяспечным савецкім стралкам нямецкае камандаванне адпраўляе свайго прафесіянала — капітана Карла Кляйста. У абставінах вонкавай небяспекі і, вядома ж, вайны ўнутры групы снайпераў развіваюцца простыя чалавечыя пачуцці і неслабыя страсці. У Яшына закахалася калега Алеся (расійская актрыса Аліна Сяргеева).

Усе нітачкі вядуць да пераломнага моманту, часу «Х», калі напружанне эпізодаў дасягае ўзроўню сапраўднага саспенсу. Уявіце. Разваліны разбітага ваеннымі баямі дома, пустыя вокны, за якімі хаваецца небяспека. І старшы лейтэнант Яшын нутром гэта адчувае. У гэты напружаны момант Алеся са слязьмі на вачах узрушана прызнаецца Яшыну ў каханні і кажа, што ў яе нікога не засталося і без каханага яна не зможа жыць. У гэты ж час за парай пільна сочыць Карл Кляйст. Алеся плача. Яшын праз прыцэл разведвае абстаноўку. І нарэшце не вытрымлівае, кідае сваю мужчынскую сілу волі і, не зважаючы на небяспеку, кідаецца да Алесі.

Стрэл. Гэта Кляйст, які дастаткова імпазантна змагаецца з савецкімі ворагамі і псіхалагічна разлічвае сваю тактыку такім чынам, каб у момант яднання двух закаханых забіць дзяўчыну і пакінуць Яшына аднаго.

Патавая сітуацыя — толькі штуршок, і ў гэтым выпадку смерць — толькі пачатак фільма і яго каталізатар. Калі дзеянне перанясецца ў Германію 1945 года — дыспазіцыя памяняецца: ужо маёр Яшын стане камендантам невялікага нямецкага горада, і яму зноў давядзецца сустрэцца з Карлам Кляйстам.

Паглядзіце, хто каго пераможа.

У фільме «Снайпер. Зброя адплаты» — бясспрэчная палярызацыя сіл і герояў. Карл Кляйст можа нават не адкрываць рот і не прамаўляць нямецкія словы — у адным яго выглядзе, створаным акцёрскай сілай, відаць фашысцкая сутнасць (яго іграе немец Ёахім Паўль Асбёк). У той час, як яго антаганісту Яшыну ўласцівыя сапраўдная мужнасць, чалавечнасць і драматычнае мінулае, якое прымушае прасякнуцца да яго сапраўдным глядацкім спачуваннем і суперажываннем.

Акцёрскі склад карціны ў асноўным беларуска-расійскі. Рэжысёрам стаў Аляксандр Яфрэмаў, сцэнарый напісаны Глебам Шпрыгавым.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.