Вы тут

Такая перамога ёсць не ў кожнага народа!


Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі падрыхтавала промаролікі, прысвечаныя знамянальнай даце — 70-годзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Па задуме аўтараў, кожны ролік — гэта 30-секундны эпізод з ваеннага мінулага, якое змяняецца нашым часам. Ідэя кожнага — паказаць, як было ў гады вайны і як стала цяпер. Усе міні-фільмы аб'яднаны слоганам: «Такая перамога ёсць не ў кожнага народа!» Іх героі — ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і тэлевядучыя АТН у ролі ветэранаў у маладосці.

Безимени-2

— Мне тэма вайны блізкая. Перш за ўсё таму, што мой прадзед быў капітанам НКУС і 12 мая 1945 года, калі афіцыйна вайна ўжо скончылася, атрымаў кантузію. У яго забралі ўсе ўзнагароды і вярнулі іх толькі перад смерцю, у 1970 годзе, — гаворыць рэжысёр праекта Юрый Ярошык. — Менавіта таму я ўпэўнены, што пра той час і тых людзей трэба помніць. Мы «прымяраем» на сябе вобразы тых людзей, аднаўляем з дапамогай кінематаграфічных сродкаў атмасферу. Безумоўна, працуючы над кожным ролікам, мы імкнуліся лавіць настрой, стараліся зразумець, чым былі абумоўлены тыя ці іншыя ўчынкі нашых герояў.

Вядучых тэлеканала можна будзе ўбачыць у самых розных амплуа: Іван Міхайлаў — камандзір атрада, Вікторыя Сянкевіч — медсястра, Дзмітрый Бачкоў — генерал, Сяргей Гусачэнка — падрыўнік, Юрый Ярошык — партызан, Паліна Шуба — ваенны карэспандэнт, Алена Насачова — маці, а Дзмітрый Цітоў і Станіслаў Ліпскі — параненыя салдаты. На здымачнай пляцоўцы ўсё набліжана да рэальных ваенных умоў: партызанскія зямлянкі як дэкарацыі, на тэлевядучых форма 1943-1945 гг., якую падбіралі індывідуальна пад кожнага. Апранаць абмундзіраванне з прычыны неспрыяльнага надвор'я давялося на вопратку.

На здымках галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі Іван Міхайлаў (у мінулым афіцэр) ізноў прымераў пагоны, праўда, на гэты раз маёрскія: «Я злавіў сябе на думцы, што ў такіх умовах падчас вайны людзі жылі гадамі. Жылі, ваявалі, перамагалі. І перад вачамі паўсталі ўсе тыя жахі. Гэты праект — наш доўг перад ветэранамі, тое, што мы, тэлевізійшчыкі, можам зрабіць для іх».

Перад вядучымі праекта стаяла складаная задача: зрабіць 30-секундныя ролікі фактычна міні-фільмамі са зразумелым і завершаным сюжэтам, дынамічным відэарадам, а галоўнае — эмацыянальна насычанымі для ўспрымання. Над праектам працавала вялікая каманда АТН: аўтары сцэнарыя — Руслан Туркоў, Наталля Кузьміцкая, рэжысёр — Юрый Ярошык, гукарэжысёр — Мікіта Дабрыян, аператары Дзяніс Сакалоўскі, Юрый і Уладзімір Ціхановічы, асвятляльнік — Аляксандр Бурсевіч, мастак-грымёр — Дзіяна Слінко-Сігава, прадзюсары — Паліна Лушчык і Арына Дземянкова. Першыя ролікі можна будзе ўбачыць у найбліжэйшы час у эфіры тэлеканала «Беларусь 1».

Алена ДРАПКО.

 

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.