Вы тут

Казачны шопінг для маладых мам


Першым у краіне мэтавым гандлёвым цэнтрам для дзяцей і іх мам сёлета стане крама «Дзіцячы свет» у Брэсце

Як паведаміў вядучы спецыяліст агенцтва нерухомасці «Твая сталіца» Аляксандр Вялікі, гэтая спецыялізаваная крама ў горадзе над Бугам у апошнія некалькі гадоў перажыла сур'ёзную рэканструкцыю: пабудаваны яшчэ ў савецкі час будынак атрымаў сучасную прыбудову. А ў выніку агульная плошча аб'екта павялічылася больш чым у два разы — да 6 тысяч квадратных метраў. Велізарную па мерках аднаго аб'екта прастору паспрабавалі запоўніць цацкамі, дзіцячай вопраткай, абуткам, галантарэяй, парфумай і гаспадарчымі таварамі, аднак аднаму магазіну забяспечыць такі вялікі асартымент аказалася праблематычна.

Усе тавары ў адным месцы

Адзін з акцыянераў таварыства «Дзіцячы свет» — фірма «Санта-Інвест» — прапанаваў стварыць на базе буйнога магазіна гандлёвы цэнтр з крамамі, разлічанымі і на дзяцей, і на іх мам. Канцэпцыю гандлёвага цэнтра раней распрацавала група кампаній «Твая сталіца». Таму цяпер стары будынак актыўна мадэрнізуецца. Хутка добра вядомыя наведвальнікам секцыі «Дзіцячага свету» адкрыюцца ў новым корпусе. Пакупнікам будуць даступныя дзіцячыя цацкі, тавары для немаўлят, трыкатажныя і швейныя вырабы, абутак і шмат чаго яшчэ выключна для маладых мам.

Пасля таго, як старую частку будынка рэканструююць, памяшканні ў ёй зоймуць гандлёвыя аператары, якія змогуць удала дапоўніць асартымент галоўнай спецыялізаванай крамы. Прыярытэт будуць аддаваць прадаўцам дзіцячага адзення, тавараў для жанчын і дома.

І падсілкавацца, і ў хованкі пагуляць

Плануецца, што ў гандлёвым цэнтры таксама з'явіцца дзіцячы забаўляльны цэнтр з кавярняй і гульнявой зонай. Мяркуецца, што ён зойме ўвесь трэці паверх будынка. Пакуль дзіця будзе гуляць у дзіцячай зоне, бацькі змогуць спакойна займацца шопінгам у шматлікіх крамах. Ужо сёння ў цэнтры распрацавана стратэгія сучаснай сістэмы бяспекі з выкарыстаннем агульнай шчыльнай сеткі камер відэаназірання.

Карысны праменад

Афіцыйна адкрыць гандлёвы цэнтр плануецца ўжо гэтым летам. Яго мэтавай аўдыторыяй стануць мамы і маладыя сем'і з розным узроўнем даходу. «Пакупнікі тут атрымаюць шырокі выбар як айчынных, так і імпартных тавараў. Гэта будзе месца, куды будуць прыходзіць з дзецьмі, прычым не на пяць хвілін, а мінімум на гадзіну», — упэўнены наш эксперт.

На яго думку, гандлёвы цэнтр хутка стане папулярным у жыхароў абласнога цэнтра, а магчыма, і ўсяго заходняга рэгіёна нашай краіны. Гэта адбудзецца дзякуючы пашырэнню гандлёвых плошчаў і асартыменту тавараў. На карысць гэтага таксама паўплывае і размяшчэнне аб'екта ў ажыўленым месцы — паблізу пешаходнай вуліцы і па суседстве з іншымі гандлёвымі аб'ектамі. «Сёння цікавасць да гандлёвага цэнтра «Дзіцячы свет» ужо праявіў шэраг буйных гандлёвых сетак. Адны кампаніі плануюць тым самым узмацніць свае пазіцыі ў Брэсцкім рэгіёне, іншыя — выйсці на новы для сябе рынак. А ўрэшце, у выйгрышы будзе менавіта пакупнік, які атрымае больш шырокі выбар дзіцячых тавараў. А пры канкурэнцыі сярод прадаўцоў і кошты на дзіцячае стануць даступнымі», — падкрэсліў спецыяліст.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.