Вы тут

Сіндром «донжуанізму»


...Яго цяжка назваць прыгожым, хоць у мужчын у гэтым сэнсе свае крытэрыі. Можа, для каго і прыгожы — усё залежыць ад таго, на што звяртаць увагу... Адукацыя вышэйшая. Інтэлект — сярэдні, на ўзроўні дэтэктываў Марынінай і песень Стаса Міхайлава. Не ведаю, ці блытае Лёша «Гогаля з Гегелем», але аднойчы ў кампаніі ён расказваў анекдот, які пачынаўся так: «Едуць у машыне Пуцін і Брыджыт Бардо, і раптам ён яму гаворыць...» Анекдот быў смешны, таму ўсе рагаталі, тактоўна прапусціўшы міма вушэй прыналежнасць Бардо да мужчынскага полу. У невялікіх дозах з ім не сумна. Ветлівы, галантны, упэўнены ў сабе, гаваркі... Але, пагаварыўшы з ім паўгадзіны, пачынаеш стамляцца, як стамляешся ад усяго, што не мае меры. «Што пахне занадта добра, тое пахне дрэнна», — кажуць французы, а яны ведаюць у гэтым толк. Лёша салодкі да прыкрасці. Таму жанчыны разумныя і глыбокія, якія тонка адчуваюць фальш, яму не пад сілу. Ды ён і не імкнецца да такіх.

18-211

Самае цікавае, на што ўсе чамусьці забываюцца, — Лёша жанаты. Яго жонка — гэта ў мінулым адна з тых летуценных і легкадумных істот, якіх яму ўдавалася спакушаць без асаблівых цяжкасцяў. Істота зацяжарала, і Лёша на здзіўленне лёгка здаўся, патлумачыўшы свой геройскі ўчынак тым, што «з усімі жанчынамі ўсё роўна не ажэнішся, а адна жонка рана ці позна павінна з'явіцца». Цяпер яна сядзіць дома, выхоўвае дачку, гатуе, прыбірае, мые, каб дагадзіць «свайму Лёшыку», у вольны час бегае па крамах і пляваць хацела на сябровак мужа — усіх разам і кожную паасобку...

— Лёша, ты ж класічны бабнік!

— Зусім не. Бабнік — гэта калі з усімі, але без пачуццяў. А я ўсіх сваіх сябровак люблю. Не магу легчы ў ложак з жанчынай проста так, ад няма чаго рабіць. Яна павінна мяне завесці... Калі я ёй спадабаўся, а яна мне — не, пра далейшыя адносіны не можа быць і размовы. Мне не патрэбна жанчына для калекцыі, ці для задавальнення мужчынскага самалюбства, ці для фізічнай разрадкі. Мне падабаецца само пачуццё ўлюбёнасці. А паколькі яно не вечнае, заўсёды трэба мець «запасныя варыянты».

— І ў якую колькасць жанчын ты можаш быць закаханы адначасова?

— Ты пытаешся так, як быццам я жыву па нейкай праграме, плане... Іх можа быць дзве, а можа быць пяць. Увогуле, у ідэале ў нармальнага здаровага мужыка «ў актыве» павінна быць, як мінімум, тры жанчыны: жонка, пастаянная сяброўка і часовая.

— А яны здагадваюцца пра існаванне адна адной?

— Ды не, навошта? Жанчына ў душы заўсёды марыць быць адзінай. Я гэта цудоўна разумею і паводжу сябе з імі так, каб кожная ні на імгненне не ўсумнілася ў сваёй выключнасці, у тым, што, акрамя яе, мне ніхто не патрэбны. Некаторыя сяброўкі месяцамі і нават гадамі існуюць побач адна з адной і не здагадваюцца пра гэта. Жанчыны ўвогуле схільны верыць усяму, што ты ім гаворыш, і гатовы падманвацца бясконца доўга. Галоўнае — не «пракалоцца». Не пераблытаць імёны. Не забыць пра дзень нараджэння, нейкія свае абяцанні ці час сустрэчы. Праколешся — тады, вядома, каравул, веры ўжо не будзе. Таму я не пешчу іх частымі сустрэчамі. Адным словам, гэта найвышэйшы пілатаж. І ўсе задаволены.

Лёшаў «найвышэйшы пілатаж» аднойчы даводзілася назіраць асабіста. Сумнае відовішча, калі ведаеш, што насамрэч за ім стаіць. Калі шчыра, дык найвышэйшым пілатажам тут і не пахне. Звычайнае ахмурэнне сярэдненькага ўзроўню. «Вам падабаецца марціні? Мне таксама. Можна, я вып'ю з вашага келіха?» (Выпівае, неадрыўна гледзячы ў вочы.) О, Божа! Як можна на гэта купіцца? Ці ўсёпаглынальнае імкненне быць камусьці патрэбнымі паглынае і рэшткі жаночага розуму? А сурагат пачуццяў падаецца лепшым за іх адсутнасць? І вось мы ўжо прыязна пазіраем у бок таго, хто назваў нас словам з памяншальна-ласкальным суфіксам...

Але ёсць жа і ў Лёшы разумныя сяброўкі. Напрыклад Алёна, урач-анестэзіёлаг. Да Алёны ён адносіцца халаднавата — без сіропу. І тэлефануе ёй толькі тады, калі ўсе астатнія «варыянты» адпадаюць. Яна ад яго таксама не ў захапленні, хоць ад сустрэч не адмаўляецца. Ён гэта адчувае і ў яе прысутнасці мяняе «імідж» — з абаяльнага гаваркога веселуна ператвараецца ў рамантычнага героя, самотнага і задуменнага. Часам нават глядзіш і думаеш: «А раптам гэта і ёсць сапраўдны Лёша? А пачуцці — сур'ёзныя?» Але зараз жа гоніш ад сябе недарэчную думку. Прывесці каханую жанчыну ледзве не апоўначы ў кватэру да незнаёмых ёй людзей, стамляць яе дзве гадзіны размовамі пра чужых дзяцей, сваякоў, хатніх жывёл і г.д. — і ўсё дзеля таго, каб гаспадары «зразумелі становішча» і дазволілі застацца на ноч. «Я стамілася, паеду дадому», — кажа Алёна. — «Ну коцік, ну куды ж ты цяпер паедзеш? Позна ўжо... Давай лепш вып'ем на брудэршафт — за каханне!»

Дудкі! Каханне тут і не начавала. Каханых не называюць кіскамі, зайкамі і да таго падобнай заалагічнай лухтой, для іх прыдумваюць іншыя імёны... Далібог, часам хочацца ўзяць Алёну за каўнер, добра страсянуць і спытацца: «Няўжо ты аслепла і аглухла? Каханне нельга імітаваць, нават калі вельмі моцна пастарацца. Ім трэба хварэць. Ты ж — спецыяліст па хваробах, няўжо не бачыш, што перад табой самы звычайны сімулянт?»

Алёна ўсё ж выклікае таксі. Лёша праводзіць яе да машыны і вяртаецца назад відавочна без настрою. Бяздарны вечар!..

— А калі ў яе гэта сур'ёзна? — пытаюся.

— Ты не забылася, што я жанаты? Абавязак вышэйшы за ўсё.

— А-а... Слухай, а раптам ты калі-небудзь пакахаеш па-сапраўднаму?

— Гэта як — адну і надоўга? Будзем жыць шчасліва і памром у адзін дзень — ад нуды!.. Не ўжо, пакуль мы жывём, трэба браць ад жыцця ўсё.

— Можна ўзяць усё і застацца ні з чым...

— Ты выпадкова не перакваліфікавалася ў школьную настаўніцу?

Пагаварылі... Відаць, яму мяне шкада. Мне яго — не. А вось сяброўкам яго спачуваю. Па-жаночы, безумоўна, зразумець іх можна: кожная спадзяецца на цуд. Урэшце, славутая маркіза дэ Пампадур таксама не была афіцыйнай жонкай легкадумнага манарха Людовіка ХV, але на працягу амаль дваццаці гадоў паспяхова кіравала і ім, а за адным разам і Францыяй. Праўда, гэта ўжо зусім іншая гісторыя...

Ала Бывалава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».