Вы тут

Маці майго мужа — таксама чалавек?


Памятаеце стары жарт: чаму анекдоты пра цешчу ведаюць усе, а вясёлыя гісторыі пра свякроў успамінаюцца з цяжкасцю? Таму што гэта ўжо не смешна

Канфлікты са свякроўю — адна з самых частых прычын разводу маладых пар. Асабліва часта гэта здараецца, калі «яе хлопчык» трапіў да «гэтай заразы» наўпрост з клапатлівых мамчыных рук. Вядома, сустракаюцца і адэкватныя, разумныя свякрові. Як правіла, яны не сядзяць без справы, заняты сваім жыццём і шчыра радуюцца поспехам сына — на адлегласці. З імі трэба за тыдзень дамаўляцца пра «пасядзець з унукам адну гадзінку», таму што ў іх праца, потым басейн (або агарод), далей — прагляд любімага серыяла... Калі вам пашанцавала мець такую свякроў, адкладзіце гэты артыкул і бяжыце ў сваё шчаслівае жыццё. Для ўсіх астатніх пакутніц — некалькі слушных парад ніжэй.

18-23

Такім чынам, паспрабуем разам знайсці адказ на пытанне: што рабіць, калі ваша свякроў — монстр?

Раз'ехацца. Безумоўна, калі ёсць такая магчымасць. Жыццё ў сям'і мужа, якім бы зручным яно ні было, ніколі не дазволіць вам жыць па сваіх правілах. Вы заўсёды будзеце «той, якая прыйшла на чужую тэрыторыю». І ўсе вашы 32 формы для пірага не зробяць вас гаспадыняй на кухні.

Быць заўсёды ветлівай. Не вядзіцеся на правакацыі. Называйце свякроў нават у тэлефонных размовах з сяброўкамі поўным імем. Ветлівасць — найлепшая зброя. Дарэчы, варта абмеркаваць з мужам, як бы яму хацелася, каб вы называлі ЯГО маму. Ну і, вядома, ніхто не скажа, як лепш называць свякроў, акрамя яе самой. Ёсць дамы, якім абавязкова патрэбна, каб нявестка называла іх проста па імені (так яны адчуваюць сябе прагрэсіўнымі і маладымі), а камусьці падабаецца зварот выключна «на вы» ці катэгарычнае «мама». У апошнім выпадку не дай Бог вам стаць у позу і сказаць што-небудзь накшталт: «Ды якая яна мне мама?!» Максімум, што вы можаце зрабіць, — дадаць да гэтага пяшчотнага слова яе імя. Дапусцім, называць свякроў «мама Таня».

Паспрабаваць знайсці з ёй агульныя інтарэсы. Якім бы дзіўным гэта ні здавалася, свякруха таксама чалавек і, страшна падумаць, жанчына. У яе таксама можа быць хобі (фіялкі, роспіс батыку, ёга, серыялы, падрыўная дзейнасць у адносінах да суседкі).

Даведайцеся, да чаго свякроў не абыякавая. Раптам вы так жа горача любіце коцікаў і зможаце жыва абмеркаваць арыгінальны дызайн новага кацінага латка? Паспрабуйце ўбачыць у свякрусе не ворага, а чалавека. Запрасіце яе на сумесны шопінг, абавязкова прыслухоўваючыся да яе думак і не забываючыся пры гэтым выцягваць з кучы рэчаў што-небудзь са словамі: «Гэтая сукенка павінна выдатна падысці вам!» Праяўляйце клопат і пра яе гардэроб. Яна ж жанчына!

Прыцягваць да выхавання дзяцей. Гэта, дарэчы, таксама можа быць адным з вашых агульных інтарэсаў. Хоць тут не ўсё адназначна. Самыя распаўсюджаныя тыпы свякрухі — гэта «штовыробіцезмаімунукам! дайцеягомне!» і «ясённянемагу». І з таго, і з другога трэба атрымліваць выгаду. У першым выпадку — згодна ківаць галавой, выслухваючы ўсе яе парады і рэкамендацыі, але рабіць так, як гэта трэба вам. (Але потым не забыцца падзякаваць за параду.) У другім выпадку давядзецца браць свякроў «у абарот» і проста мякка і акуратна ўводзіць у курс спраў. Тэлефанаваць, каб падзяліцца радасцю ад з'яўлення першага зуба (і ўсіх наступных). Скардзіцца на бяссонныя ночы або на тое, што дзіця не хоча есці яблычнае пюрэ. Запрасіць яе ў госці на гарбату, пасля чаго ўручыць ёй унука і заняцца сваімі справамі, не забываючы пры гэтым балбатаць з ёй, як са старэйшай сяброўкай. І г.д., і да т.п. Ваша галоўная зброя — хітрасць. І НІКОЛІ не папракайце свякроў у прысутнасці мужа (і ў яго адсутнасць таксама) у тым, што яна не хоча няньчыць унукаў. Усё роўна яна гэта пакажа ў абсалютна процілеглым святле, і вы яшчэ застанецеся вінаватай.

Прыцягваць яе сваякоў на свой бок. Ідэальны варыянт, калі ў мужа ёсць родная сястра. Пастарайцеся пасябраваць з ёй. Гэта не значыць, што вы павінны рэгулярна хадзіць па начных клубах і «вісець» на тэлефоне. Дастаткова наладзіць сістэму ўзаемавыручкі (асабліва добра яна працуе, калі ў вас абедзвюх ёсць дзеці) ну і проста роўныя чалавечыя адносіны. Гэта можа спатрэбіцца, напрыклад, для таго, каб даведацца, што падарыць свекрыві на дзень нараджэння. Калі сястры ў наяўнасці няма, не бяда. Ёсць іншыя блізкія сваякі: брат мужа, цётка-дзядзька і г.д. Вазьміце ў саюзнікі жонку мужавага брата. Толькі ніколі не абмяркоўвай з ёй недахопы свекрыві, нават калі яна першая пачне гэта рабіць. Тут як на вайне: адно выпадкова сказанае слова — і вас ужо чакае расстрэл.

Хваліць мужа ў прысутнасці яго мамы. Часцей расказвайце свекрыві пра дасягненні і поспехі вашага мужа (чытайце: яе сына). Пра тое, як ён смачна гатуе амлет, як выдатна ён прымацаваў паліцу ў ваннай, як цудоўна гуляе з дзецьмі і г.д. Гэтым вы хваліце не яго, а ЯЕ — жанчыну, якая выхавала такі цуд.

Хваліць свякроў у прысутнасці яе сына. Парада, у прынцыпе, паўтарае папярэднюю, толькі хваліць на гэты раз трэба маму. Часцей кажыце мужу аб тым, якая ў яго добрая мама. Расказвайце страшныя гісторыі з жыцця сваіх сябровак і радуйцеся разам, што вам дасталася такое золата.

Мець зносіны праз мужа. Калі ваша міратворчая праграма пацярпела крах і вам па-ранейшаму пагардліва ўказваюць на няправільна памытыя талеркі і нявыхаваных унукаў, звядзіце дыялогі да мінімуму. Бо нават пры найлепшым вашым стаўленні ў вачах агрэсіўна настроенай свекрыві вы ўсё роўна застанецеся «другім гатункам». Так што «не запарвайцеся».

ГАЛОЎНЫЯ «НЕ» ДЛЯ НЯВЕСТКІ:

• НЕ скардзіцца мужу з кожнай нагоды.

• НЕ абмяркоўваць свякроў (хоць, зразумела, вельмі хочацца).

• НЕ старацца спецыяльна яе задобрыць.

• НЕ ўключаць у канфлікт дзяцей.

Міра Кравец

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.