Вы тут

З сутнасцю Суціна


Упершыню ў Смілавічах пакажуць арыгіналы карцін вялікіх землякоў, мастакоў Парыжскай школы

Невялікае беларускае мястэчка вядома далёка за межамі нашай краіны, хоць самі яго жыхары могуць гэтага не ўсведамляць. Але давядзецца: з 19 красавіка ў Беларусі праходзіць міжнародная канферэнцыя «Суцінскія чытанні», на якую збіраюцца эксперты, знаўцы творчасці мастака-экспрэсіяніста Хаіма Суціна з розных краін свету, каб патлумачыць нам, чым жа ўнікальны гэты мастак. Каб адбылося адкрыццё асобы не персанальна для кагосьці, а хутчэй для ўсяго айчыннага грамадства. «Суцінскія чытанні» ладзіць прыватная ўстанова культуры «Спадчына і час», у якой аб'ядналі намаганні розныя людзі, напрыклад, мастацтвазнаўца, член аргкамітэта канферэнцыі Таццяна Бембель, перакладчык і дырэктар установы Юрый Абдурахманаў. «Спадчына і час» мае на мэце арганізацыю культурных, мастацкіх і культурна-адукацыйных праектаў, злучэнне ідэй з людзьмі, дзеля чаго і ладзяцца «Суцінскія чытанні». Пра гэта мы размаўляем з Юрыем Абдурахманавым, і ён тлумачыць:

[caption id="attachment_80043" align="alignnone" width="600"]18-35 Аў­та­парт­рэт.[/caption]

— Дзеля чаго мы гэта задумалі? Па-першае, каб увесці імя і творчасць Суціна ў культурны кантэкст Беларусі. Галоўная ідэя «Суцінскіх чытанняў» у тым, каб пачаць рух па больш поўным асвятленні калі не ўсяго жыцця Суціна, то яго сувязяў з землямі Беларусі і Літвы. Таму што ёсць імя Марка Шагала, якое з цяжкасцю прабівалася і замацоўвалася ў беларускай культуры (але тады была іншая эпоха, ідэалогія). А сёння Шагал стаў у нас амаль брэндам, што, дарэчы, дапамагае Віцебску. Але такі мастак, як Суцін, вельмі важны ў сусветным мастацкім кантэксце, на Захадзе пра яго шмат гавораць, спрачаюцца: гэта складаны творца. Людзі, якіх мы запрашаем і будзем запрашаць, — аўтарытэтныя даследчыкі з сусветна вядомымі імёнамі, якія могуць падзяліцца сваім досведам, але часам збоку і больш відаць.

— Ёсць імкненне да таго, каб у мастацтвазнаўчыя дыскусіі была ўцягнута Беларусь?

— Насамрэч, калі мы пачалі знаёміцца з літаратурай па Суціну, то стала зразумела: яго жыццё і творчасць французскага перыяду даволі добра вывучаны, але існуе вялікая колькасць міфаў. Госцем нашай канферэнцыі будзе адзін з французскіх даследчыкаў Мішэль Лебрэн-Франзаролі, які змагаецца з такімі меркаваннямі. Што тычыцца жыцця мастака на нашай зямлі, то вакол яго выдумак і міфаў яшчэ больш. Хаім Суцін з'язджаў у Парыж ужо асобай — яму было 20 гадоў. З'язджаў з Вільні, дзе вучыўся ў мастацкай школе. Таму першы міф: шмат дзе пішуць, што гэта літоўскі мастак, але расійскага паходжання. Як так атрымалася? На маю думку, Суцін, калі прыехаў у Францыю і жыў у Вуллі, дзе сабраліся людзі з розных краін, казаў, напэўна, што ён «літвак» з Расіі. Таму што яўрэі, якія жылі на сучаснай тэрыторыі ўсходу Польшчы, у Літве і большай частцы Беларусі, называлі сябе «літвакамі» (гэта была асаблівая супольнасць людзей са сваёй культурай). Хто ў Францыі ведае, што значыць «літвак»? Таму, магчыма, інтэрпрэтавалі гэтае слова, як «літовец». Пры гэтым не так проста сёння замежнікам тлумачыць, што калісьці тая тэрыторыя ўваходзіла ў Вялікае Княства Літоўскае. Асоба Суціна наогул абрасла шматлікімі міфамі, і часткова ён сам гэтаму спрыяў. Хутчэй за ўсё, гэта было абумоўлена яго тэмпераментам, яго характарам, яго неспакойнай душой.

[caption id="attachment_80039" align="alignnone" width="600"]18-25 Аў­та­парт­рэт.[/caption]

— Але назву Смілавічы ведаюць тыя, хто цікавіцца яго творчасцю.

— Гэта дакладна. Шмат хто з біёграфаў Суціна пачынае расповед пра яго з таго, што ён нарадзіўся ў Літве, у Смілавічах. У беднай сям'і краўца, бацькі былі вельмі рэлігійныя, таму не ўспрымалі малюнкі сына. Гэта, напэўна, адпавядае рэчаіснасці, але часткова. Таму што пляменніца Суціна Ніна Аляксандраўна Ферапонтава (нарадзілася ў сям'і малодшай сястры мастака і пасля яго ад'езду) узгадвае, што ў доме бабулі віселі 3 партрэты, якія стварыў малады Суцін, калі быў навучэнцам Віленскай мастацкай школы: маці, бацькі, аднаго з братоў. Але калі яны былі зусім супраць, то наўрад ці захавалі б і павесілі іх. А малодшы сябра Суціна Царфін (таксама выхадзец са Смілавічаў) у сваіх успамінах гаворыць, што бацька Суціна не ўхваляў гэты занятак, але з гонарам паказваў сваім кліентам у майстэрні (а гэта быў адзін з пакояў у хаце) печ, якая ўся была размаляваная Хаімам. На той момант для жыхароў Смілавічаў гэта было дзіўна — мястэчка было населена яўрэямі, таму наўрад ці там можна было ўбачыць шмат малюнкаў. І няхай ні Суцін, ні Царфін не стварылі тут нічога вялікага, істотна тое, што яны мастакамі адчулі сябе з маленства, сфарміраваліся тут як асобы, бо з'ехалі маладымі людзьмі. Нам бы хацелася паступова ўвесці ў абарот гэтыя імёны, з якімі беларуская публіка здолела часткова пазнаёміцца дзякуючы дзвюм выставам карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка. З Царфіным лепш, таму што яго прац было больш (яны тады скупілі ўсё, што мелася на аўкцыёнах), да таго ж яшчэ і ў прыватных калекцыях ёсць. Я зацікавіўся Царфіным пасля таго, як прайшла першая выстава Парыжскай школы. У ім ёсць унутраны змест, стрыманасць, няма буйства энергетыкі, якія ідуць ад твораў Суціна. Я, напрыклад, палюбіў Суціна пасля таго, як пабачыў яго сапраўдныя працы.

— Вам пашчасціла: у нас Суціна складана пабачыць «жыўцом».

— Так, у нас 2 карціны ў калекцыі Белгазпрамбанка. Але, магчыма, ёсць і трэцяя. Мы дамовіліся з прыватным калекцыянерам, які мае твор, і хочам папрасіць нашых экспертаў высветліць, ці можа гэта быць працай Суціна (зразумела, што яны не дадуць дакладны адказ — для гэтага патрэбна спецыяльная апаратура)... Хто ведае, можа быць, яшчэ знойдуцца раннія працы Суціна і Царфіна на іх радзіме. Пляменніца Суціна Ніна Ферапонтава казала, што, калі пачалася вайна, яны з'ехалі са Смілавічаў і больш не вярталіся. Яна не была там да 1990-х гадоў, а з'язджала зусім дзіцем. У той час дамы апусцелі, штосьці магло разысціся па іншых хатах. Многія яўрэі, калі іх забіралі, самі прасілі сваіх знаёмых (беларусаў на той час няшмат жыло ў Смілавічах, асноўнае насельніцтва было яўрэйскім, і існавала вялікая татарская суполка), каб забіралі ўсё, што захочуць. Таму, магчыма, некалі нешта і знойдзецца.

[caption id="attachment_80040" align="alignnone" width="600"]18-27 Партрэт Суціна. Мадзільяні.[/caption]

— Асобны дзень канферэнцыі вы прысвячаеце Смілавічам. Як мястэчка рыхтуецца да сустрэчы гасцей?

— Мы прадставім новую залу ў музеі «Прастора Хаіма Суціна». Чэрвеньскі райвыканкам ўзяў на сябе вялікую частку па арганізацыі рамонтных работ у трэцяй зале, калі мы сказалі, што гатовы стварыць экспазіцыю, прысвечаную Шрагу Царфіну. Удалося назбіраць мемарыяльных рэчаў, дачка Царфіна падаравала 2 невялікія працы музею. Надзея Кухарэнка, якая стварала ўсю экспазіцыю, далучылася да працы і над трэцяй залай. Але паколькі гэта зойме некаторы час, то нарадзілася ідэя звярнуцца да Белгазпрамбанка, што пагадзіўся на палову дня прадставіць працы Суціна і Царфіна са сваёй калекцыі. Падключыліся некалькі прыватных калекцыянераў. Гэта знакавая падзея, таму што з тых часоў, калі мастакі з'ехалі, упершыню ў Смілавічах будуць паказваць арыгіналы іх прац — больш за 100 гадоў прайшло! У рамках канферэнцыі будзе выстава аднаго дня. Але да восені мы маем намер адкрыць асноўную экспазіцыю. Хацелася б выкарыстоўваць гэтую залу і як выставачную. Асноўны наш партнёр па арганізацыі канферэнцыі — галерэя «Кніжны салон» — будзе арганізатарам у Смілавічах Суцінскага пленэра, які пройдзе напрыканцы лета — напачатку восені. Далей у нашых планах стварыць невялікую галерэю.

Наогул, пасёлак Смілавічы, вельмі прывабны для працы, мог бы стаць культурным прыгарадам Мінска: нягледзячы на тое, што гэта невялікае мястэчка, з ім звязаныя лёсы многіх вядомых асоб (Станіслава Манюшкі, напрыклад), гістарычныя падзеі. Тут сёння шмат моладзі. На крыху больш за чатыры тысячы насельніцтва ёсць 2 вялікія сярэднія школы, сельскагаспадарчы каледж, ліцэй. І мы бачым, што ёсць клопат пра жыхароў з боку мясцовых улад, з якімі ў нас устаноўлены добры кантакт — са старшынёй пасялковага Савета, з прадстаўнікамі Чэрвеньскага райвыканкама. Мы імкнёмся, каб нашы праекты былі культурна-асветніцкімі. У Смілавічах і цяпер жыве шмат таленавітых дзяцей: заваёўваюць высокія адзнакі на конкурсах, у тым ліку міжнародных. У педагогаў мясцовай музычнай школы і цэнтра творчасці з'явіўся цудоўны аргумент дзякуючы вялікім і вядомым землякам: калі ёсць здольнасці і мэты, то варта іх развіваць і працаваць над сабой.

— Самі мастакі мелі сантымент да месца нараджэння, падтрымлівалі сувязь з сям'ёй?

— Суцін праз свой тэмперамент і характар — вельмі мала. З прычыны таго, што ён не вельмі гаварыў пра гэта, цяпер пачынаюць нешта дадумваць. Так, ён найперш быў заняты мастацтвам у сабе і сабой у мастацтве. Царфін наадварот заставаўся ў кантакце са сваімі бацькамі. Напэўна, аднойчы маці Суціна прыйшла да іх і папрасіла: «Напішыце Шрагу, няхай знойдзе Хаіма, таму што я хвалююся, ніякіх звестак пра яго няма» (гэта паводле ўспамінаў Царфіна). Яна думала, што ў Парыжы ўсе адзін аднаго ведаюць. На шчасце, Суцін тады сапраўды ўжо стаў вядомы. Дачка Царфіна распавядае, што Суцін прыкладна 2 разы на тыдзень у іх бываў. Для іх усіх, хто з'ехаў адсюль, быў вельмі важны кантакт з суайчыннікамі, яны разумелі, што ўсё роўна там чужакі. Царфін ведаў, што Суцін пасылаў грошы сям'і. Пляменніца Суціна Ферапонтава кажа, што некалькі разоў ён дапамагаў яе маці, якая хварэла на цукровы дыябет, а лекі на той момант было цяжка дастаць. Захаваўся адзін ліст малодшай сястры Суціна, які яна напісала на ідзіш яму ў Францыю (цяпер ён у прыватнай калекцыі), дзе яна дзякуе, што паслаў грошы маці, а тая падзялілася з ёй, і яшчэ просіць аб дапамозе. Захаваліся квіткі, якія сведчаць, што ён адпраўляў грошы дадому. Відаць, Суцін перагарнуў для сябе гэтую старонку жыцця і не вельмі любіў да яе вяртацца. Іншая гісторыя з Царфіным. Ён амаль адзіны з нашых мастакоў, якія з'ехалі, які кажа: «Я нарадзіўся і жыў у Белай Русі». У старасці ён распавядаў пра Смілавічы, пра Волму, пра Радзіму, вобраз якой насіў у сэрцы. Напрыканцы 50—60-х на Захадзе ўспомнілі пра Суціна і нездарма звярнуліся да Царфіна: гэта адзіны чалавек, які мог распавесці пра маладога Суціна і яго роднае мястэчка.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.