Вы тут

Пашыраць стратэгічнае партнёрства


Візіт Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіна будзе найважнейшым знешнепалітычным мерапрыемствам

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з намеснікам міністра камерцыі КНР Чжун Шанем, кіраўніком гандлёва-эканамічнай дэлегацыі ўрада КНР, якая прыбыла, каб падрыхтаваць у гандлёва-эканамічных аспектах візіт у Беларусь Сі Цзіньпіна.

Беларускі бок цалкам гатовы да правядзення візіту ў Беларусь Старшыні КНР, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле слоў Прэзідэнта, гэты візіт «прадэманструе ўсяму свету нашу паслядоўнасць у рэалізацыі прынцыпаў усебаковага стратэгічнага партнёрства на карысць народаў дзвюх краін».

Адным з ключавых момантаў такога партнёрства закліканы стаць Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень». Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь падтрымлівае і гатова ўдзельнічаць у рэалізацыі ўсіх элементаў канцэпцыі старшыні КНР Сі Цзіньпіна «Пояс і Шлях» («Эканамічны пояс Шаўковага шляху» і «Марскі шлях XXІ стагоддзя»), і «Вялікі камень» павінен стаць важнай вузлавой платформай гэтай ініцыятывы. «Бакі аднадушна лічаць, што гэты праект з'яўляецца пілотным у справе сумеснага будаўніцтва «Эканамічнага пояса Шаўковага шляху», — сказаў у сваю чаргу Чжун Шань.

Аляксандр Лукашэнка таксама зазначыў, што Беларусь поўная рашучасці істотна нарасціць таваразварот з Кітаем. «Наша краіна разглядае Кітай як надзейнага партнёра, развіццё адносін з якім было і застаецца стратэгічным прыярытэтам знешняй палітыкі Беларусі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

***

У той жа дзень Прэзідэнт правёў нараду па пытаннях супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай, падчас якой запатрабаваў вырашыць праблемныя пытанні ў рэалізацыі сумесных праектаў з гэтай краінай.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што цяпер рэалізуецца больш за 20 інвестыцыйных праектаў па такіх напрамках, як энергетыка, будаўніцтва, транспартная інфраструктура. «А гэта мільярды долараў, якія прадаставіў нам Кітай у якасці крэдытаў», — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы. «На жаль, у ходзе работ выявіліся і праблемы, якія неабходна вырашаць. Трэба прызнаць, што пытанні часта не столькі ў нашых партнёрах, колькі ў нас. І ў гэтым плане мы сур'ёзна недапрацоўваем», — канстатаваў Прэзідэнт. Ён дадаў, што спагнанне за гэта будзе вельмі сур'ёзнае.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што нядаўна даручаў стварыць спецыяльную групу, каб сур'ёзна прарэвізаваць тыя напрамкі супрацоўніцтва з КНР і тыя канкрэтныя праекты, якія рэалізуюцца; падпісаныя на мільярды долараў дагаворы па будаўніцтве як інфраструктурных аб'ектаў, жылля, так і энергетычных, вытворчых. «Пакуль што сумесныя праекты не з'яўляюцца ўзорным прыкладам узаемавыгадных адносін. Такое становішча трэба выпраўляць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. «Вельмі важна атрымаць урокі з дапушчаных памылак, каб не паўтараць іх у будучыні», — адзначыў Прэзідэнт. Кіраўнікоў рэгіёнаў Аляксандр Лукашэнка арыентуе на больш цесную работу з правінцыямі Кітая. «Калі мы не выйдзем на прамое супрацоўніцтва рэгіёна з рэгіёнам, мы не даб'ёмся тых мэт, якія ставім у супрацоўніцтве з Кітайскай Народнай Рэспублікай», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў час візіту ў Беларусь старшыні КНР Сі Цзіньпіна адбудзецца міжрэгіянальны форум, дзе будуць прысутнічаць прадстаўнікі васьмі кітайскіх правінцый, якія ўносяць больш за 50 працэнтаў укладу ў ВУП Кітая. «Задача губернатараў — выйсці на прамыя кантакты і кантракты з гэтымі рэгіёнамі. Вам давядзецца непасрэдна займацца знешнегандлёвай дзейнасцю з гэтымі рэгіёнамі», — падкрэсліў Прэзідэнт.

«Сёлета паўстала рэальная магчымасць пашырыць наша стратэгічнае партнёрства, зразумела, у сувязі з трохдзённым візітам кіраўніка Кітайскай Народнай Рэспублікі, я сказаў бы, беспрэцэдэнтным візітам», — сказаў кіраўнік дзяржавы, падкрэсліўшы, што адносіны з Кітаем з'яўляюцца адным з прыярытэтаў шматвектарнай знешняй палітыкі Беларусі.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.